Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар раздору. Што хаваецца за маўчаньнем беларускага боку пра новага расейскага пасла?


Міхаіл Бабіч, архіўнае фота
Міхаіл Бабіч, архіўнае фота

Сытуацыя з прызначэньнем новага амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча становіцца ўсё больш загадкавай.

Два тыдні таму расейскія мэдыі паведамілі, што Масква вызначылася з кандыдатурай пасла РФ у Беларусі. Гэта Міхаіл Бабіч. Паводле СМІ, Масква накіравала Менску афіцыйны агрэман. Але на запыт журналістаў беларускі МЗС адказваў, што расейскі афіцыйны запыт на амбасадара тут не атрымлівалі. Ну добра, мусіць, дарога далёкая, пошта дрэнна працуе ці нейкія іншыя тэхнічныя працэдуры ня выкананыя.

Прайшло два тыдні. У Расеі кандыдатура новага пасла ў Беларусь была названая афіцыйна, запушчаная працэдура ягонага прызначэньня. 20 ліпеня профільны Камітэт па справах СНД, эўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыньнікамі Дзярждумы РФ ухваліў кандыдатуру Міхаіла Бабіча на пасаду пасла Расіі ў Беларусі.

Звычайна ў дыпляматычнай практыцы працэс афіцыйнага зацьвярджэньня амбасадара і кансультацыі з прымаючым бокам праходзяць адначасова.

Аднак 26 ліпеня на ўсе спробы журналістаў даведацца пра агрэман адносна расейскага пасла прэсавая служба МЗС Беларусі дае адзін адказ: без камэнтароў. Пазыцыя Міністэрства замежных спраў вельмі дзіўная.

Будынак пасольства РФ у Менску
Будынак пасольства РФ у Менску

Самае верагоднае тлумачэньне гэтай сытуацыі палягае ў тым, што афіцыйны Менск супраць кандыдатуры Міхаіла Бабіча. І спрабуе неяк кулюарна, праз дыпляматычныя каналы ці на палітычным узроўні вырашыць праблему, каб не спараджаць скандалу.

Дарэчы, пра пярэчаньні беларускага боку адносна гэтай кандыдатуры пісалі расейскія мэдыі. Вось, напрыклад, Telegram-канал «Незыгарь» тлумачыў, што «кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей катэгарычна супраць прыезду новага амбасадара і піша на імя прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі дакладны́я пра магчымы ўкраінскі сцэнар у Менску».

Яшчэ адзін цікавы факт. 23 ліпеня Ўладзімер Пуцін тэлефануе Аляксандру Лукашэнку і запрашае яго на перамовы ў Сочы. Месяц таму, 19 чэрвеня, прэзыдэнт Расеі прыяжджаў у Менск, тут было паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы, абодва кіраўнікі публічна выказвалі поўнае задавальненьне двухбаковымі адносінамі. Здаецца, ніякіх вострых пытаньняў, якія б патрабавалі новай неадкладнай сустрэчы двух лідэраў, не існуе. І чаго раптам?

Выкажу вэрсію, што якраз пытаньне пра новага расейскага амбасадара і прымусіла кіраўнікоў дзяржаў тэрмінова сустрэцца.

Калі сапраўды кандыдатура пасла стала каменем спатыкненьня і яблыкам разладу паміж саюзьнікамі, то тут вельмі паказальная пазыцыя Масквы. Яна палягае ў тым, каб паставіць Беларусь перад зьдзейсьненым фактам. Маўляў, мы запускаем працэдуру прызначэньня амбасадара, і калі пра гэта публічна абвешчана, то Менску няма куды дзецца, як пагаджацца, бо інакш — гучны скандал.

Тут можна правесьці аналёгію з гісторыяй наконт расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. У 2015 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, зьявілася інфармацыя пра тое, што ўрад Расеі ўхваліў праект пагадненьня зь Беларусьсю аб разьмяшчэньні на беларускай тэрыторыі расейскай вайсковай авіяцыйнай базы і перадаў дакумэнт на подпіс прэзыдэнту. Пасьля гэтага Лукашэнка выступіў з заявай, што зь ім пытаньне не ўзгаднялі і ён супраць гэтага. Авіябаза так і не зьявілася на беларускай тэрыторыі.

Цяперашняя сытуацыя з амбасадарам блізкая да скандальнай. Ці ўдасца бакам урэгуляваць яе кулюарна, не выцягваць у палітычную плашчыню? Хутка даведаемся.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паротнікаў: «Пуцін і Лукашэнка — гэта палітыкі 16–17 стагодзьдзя»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG