Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква хоча прызначыць у Менск амбасадара, ад якога адмовіліся ў Кіеве


Міхаіл Бабіч
Міхаіл Бабіч

Расея запытала ў Менску агрэман на прызначэньне Міхаіла Бабіча амбасадарам РФ у Беларусі, паведамляюць расейскія СМІ.

Міхаіл Бабіч — паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта Расеи ў Прыволскай фэдэральнай акрузе, паведамляе інфармагенцтва РБК са спасылкай на крыніцу, блізкую да Крамля. Паводле інфармацыі прадстаўніка камітэту Дзярждумы па справах СНД, на наступным тыдні кандыдатуру Бабіча плянуецца разгледзець у расейскім парлямэнце. Паралельна пытаньне аб прызначэньні Бабіча у Беларусь будзе абмяркоўвацца ў профільным камітэце верхняй палаты.

Перавод Бабіча на дыпляматычную працу ў Менск у расейскіх палітычных колах называецца прызначэньнем «апаратна ўплывовага чалавека на стратэгічна важны кірунак». Палітолягі адзначаюць, што Бабіч — «чалавек з высокім узроўнем даверу прэзыдэнта Расеі», і прызначэньне яго амбасадарам у краіну — найбліжэйшую саюзьніцу Расеі было б цалкам лягічным.

Цяперашні амбасадар Расеі ў Беларусі — 77-гадовы Аляксандар Сурыкаў — працуе на гэтай пасадзе ўжо 12 гадоў.

Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў

Пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта РФ у Прыволскай фэдэральнай акрузе Бабіч займае з 15 сьнежня 2011 году. Ён кандыдат эканамічных навук, член партыі «Адзіная Расея». Быў старшынём ураду Чачэнскай Рэспублікі зь лістапада 2002 году па люты 2003-га.

Пасьля звальненьня амбасадара Расеі ва Ўкраіне Міхаіла Зурабава ў ліпені 2016 году разглядалася пытаньне аб прызначэньні Бабіча на гэтую пасаду, але яго кандыдатуру не зацьвердзіў МЗС Украіны. Адна з прычын адмовы была ў тым, што як сябра Савету бясьпекі РФ Міхаіл Бабіч у 2014 годзе прымаў удзел у рашэньні ўвесьці ў Крым расейскіх вайскоўцаў.

Акрамя таго, украінскія палітолягі адзначалі, што Міхаіл Бабіч «раней быў вайсковым дэсантнікам, падчас чачэнскай вайны кіраваў урадам рэспублікі, працаваў у ФСБ». Экспэрты ў Кіеве заяўлялі, што «Бабіч, біяграфія якога зьвязаная з савецкім КДБ і расейскай ФСБ», — «прафэсійны дывэрсант» і «клясычны кандыдат Крамля для ўзаемадзеяньня з сэпаратыстамі ў Данбасе дзеля арганізацыі сілавых апэрацый».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG