Зьмена расейскага амбасадара ў Беларусі, магчыма, знамянуе перамены ў двухбаковых адносінах.
Расейскія мэдыі паведамляюць, што Масква вызначалася з кандыдатурай новага амбасадара РФ у Беларусі. Гэта Міхаіл Бабіч.
Такім чынам, у Менск зьбіраецца прыехаць шосты амбасадар Расеі ў Беларусі за часы незалежнасьці. Зь імі былі зьвязаныя розныя этапы разьвіцьця двухбаковых дачыненьняў, здараліся і скандальныя гісторыі.
Напрыклад, у 1997 годзе падчас «справы Шарамета» здарыўся востры канфлікт паміж Менскам і Масквою. Дык вось, тагачасны амбасадар Расеі ў Беларусі Валерый Лашчынін фактычна падтрымаў у гэтым канфлікце беларускі бок.
У Вікіпэдыі ў матэрыяле пад назвай Пасольства Расеі ў Беларусі ў сьпісе расейскіх амбасадараў пазначаны Дзьмітры Аяцкаў. Парадокс у тым, што ён хоць і быў афіцыйна прызначаны паслом, аднак да Менску так і не даехаў. На радасьцях ад новай пасады ён на прэсавай канфэрэнцыі прапанаваў Аляксандру Лукашэнку «перастаць дзьмуць шчокі». Здарыўся скандал, у Менску абурыліся і запатрабавалі памяняць амбасадара. Тады і зьявіўся ў беларускай сталіцы дыпляматычны доўгажыхар Аляксандр Сурыкаў.
Варта адзначыць, што ў беларуска-расейскіх узаемаадносінах роля МЗС абедзьвюх краін і амбасадаў як іх структурных падразьдзяленьняў не такая важная, як звычайна ў стасунках паміж дзяржавамі. Супрацоўніцтва больш адбываецца на узроўні іншых структур. Актыўна камунікуюць віцэ-прэм’еры, адказныя за энэргетыку, сельскую гаспадарку. Мусіць, нават прэзыдэнты, прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі сустракаюцца часьцей, чым міністры замежных справаў.
Значная частка камунікацый паміж краінамі адбываецца па-за рамкамі амбасадаў.
То бок, значная частка камунікацый паміж краінамі адбываецца па-за рамкамі амбасадаў. У выніку складвалася ўражаньне, што заявы расейскага амбасадара Аляксандра Сурыкава часам грунтавалася на інфармацыі з мэдыяў. Аднойчы Аляксандар Лукашэнка нават папракнуў таго, маўляў, Аляксандр Аляксандравіч, што ж Вы кажаце, Вы проста ня ў курсе справаў, мы ж на узроўні ўрадаў ужо пра ўсё дамовіліся.
Самі тыя факты, што цяперашні амбасадар Расеі ўзначальвае дыпляматычную місію ў Менску на працягу 12 гадоў, мае ўзрост 77 гадоў, вельмі паказальныя. Яны сьведчыць пра тое, што дасюль для Масквы стаўленьне да гэтай пасады было ня вельмі важным. Кажучы мовай клясыкаў, гэтакі зіц-старшыня, ці, дакладней, зіц-пасол. З прычыны доўгага знаходжаньня на сваёй пасадзе Аляксандр Сурыкаў зьяўляецца дуаенам дыпляматычнага корпусу ў Беларусі. Па маіх асабістых назіраньнях, стаўленьне да яго замежных дыпляматаў, якія працуюць у Менску, зьлёгку іранічнае.
Дарэчы, усе папярэднікі Сурыкава на пасадзе амбасадара РФ у Беларусі былі кар’ернымі дыпляматамі. І толькі цяперашні пасол аказаўся палітычным прызначэнцам. Гэта калі чыноўніка, які раптам пазбавіўся сваёй пасады, трэба некуды прыстроіць, яго накіроўваюць амбасадарам. Але пры гэтым, каб той не нарабіў вялікай шкоды, выбіраюць адпаведную краіну. Вось для Сурыкава выбралі Беларусь.
Палітыка Беларусі сёньня не задавальняе Крэмль і ён спрабуе нешта памяняць.
Новы верагодны расейскі амбасадар Міхаіл Бабіч — таксама палітычны прызначэнец у тым сэнсе, што ён не кар’ерны дыплямат, на дыпляматычных пасадах дасюль не працаваў. Але ягоная палітычная вага ў асяродзьдзі расейскай эліты значна вышэйшая. Ён быў паўнамоцным прадстаўніком прэзыдэнта Расеі ў Прыволжскай фэдэральнай акрузе.
Яшчэ больш важна, што ў 2016 годзе Масква прапаноўвала ягоную кандыдатуру на пасаду амбасадара РФ ва Ўкраіне. Ролю ўкраінскага кірунку ў замежнай палітыцы Расеі пасьля захопу Крыму немагчыма пераацаніць. І вось на ключавую пасаду амбасадара ў краіну, зь якой Расея знаходзіцца, фактычна, у стане вайны, хацелі прызначыць менавіта Бабіча. Аднак украінцы адмовіліся прыняць яго.
Таксама варта нагадаць, што кароткі час, зь лістапада 2002 да лютага 2003 году, ён быў старшынём ураду Чачэнскай Рэспублікі. Як раз у той пэрыяд, калі там заканчвалася вайсковая апэрацыя па ўстанаўленьню поўнага ваеннага кантролю Расеі над гэтым рэгіёнам.
То бок гэта палітык, якога можна назваць крызысным мэнэджэрам ва ўмовах ваеннага канфлікту. І вось чалавека з такой рэпутацыяй накіроўваюць у Беларусь. Зразумела, гэта адразу выклікала шэраг гучных камэнтароў і алярмісцкіх прагнозаў. Маўляў, прыедзе «смотрящий» за Менскам. Вось палітоляг Арсені Сівіцкі прагназуе, што верагодны новы пасол зьяўляецца ўзорным прыкладам «вонкавага кіраўніка» для Беларусі, і гэта азначае, што «Крэмль зьбіраецца ўзяць сытуацыю ў Беларусі пад сур’ёзны кантроль».
На мой погляд, ня варта перабольшваць. На двухбаковыя адносіны ўплываюць больш важныя чыньнікі, чым прызначэньне новага амбасадара. Тым ня менш, яно сьведчыць пра тое, што палітыка Беларусі сёньня не задавальняе Крэмль і ён спрабуе нешта памяняць. Думаю, што статус расейскай амбасады і роля амбасадара ў беларуска-расейскіх дачыненьнях з прызначэньнем Міхаіла Бабіча павысяцца. Таксама будуць мяняцца мэханізмы, спосабы ўплыву Расеі на Беларусь, сама стылістыка стасункаў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.