Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паротнікаў: «Пуцін і Лукашэнка — гэта палітыкі 16–17 стагодзьдзя»


Госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. Ён лічыць, што ў Расеі вельмі няшмат людзей, якія ўспрымаюць беларускую незалежнасьць як відавочны факт, адзначае, што кардынальна зьмянілася ў стаўленьні Масквы да Менску ў апошнія гады, і тлумачыць,чаму Беларусь ужо не патрэбная Маскве як вітрына постсавецкай інтэграцыі.

Аляксандар Лукашэнка — вядомы і зразумелы для Масквы кліент, але занадта дарагі

— Апошнія месяцы нарастае хваля публікацый, меркаваньняў, што Расея будзе праводзіць адносна Беларусі іншую палітыку, адрозную ад ранейшай, больш агрэсіўную і наступальную. Спачатку пра гэта казалі адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, потым — пасьля чэмпіянату сьвету па футболе ў Расеі. Апошнімі днямі такія развагі і размовы асабліва абвастрыліся на інфармацыйным фоне прызначэньня новага амбасадара Расеі ў Беларусі. Ці ёсьць стратэгічныя падставы для такіх размоваў, што Расея будзе праводзіць больш жорсткую адносна Менску палітыку?

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

— Тое, што такія погляды маюць падставы — гэта факт. Расейскі бок нават асабліва не хавае, што палітыка ў дачыненьні да Беларусі будзе мяняцца. У калякрамлёўскай тусоўцы дастаткова адкрыта кажуць, што асноўная задача Масквы — захаваць і ўзмацніць кантроль за сытуацыяй у Беларусі. Але пры гэтым рабіць гэта значна больш таннымі сродкамі. Бо Аляксандар Лукашэнка — вядомы і зразумелы для Масквы кліент, але занадта дарагі. Цяпер яны гэта проста дазволіць сабе ня могуць.

— Сытуацыя з будучым амбасадарам Расеі ў Беларусі Міхаілам Бабічам — ці сапраўды гэта нейкі сур’ёзны знак ад Масквы, як пра гэта пішуць?

— Гэта знак, але не настолькі значны і сур’ёзны. У Беларусі фактычна няма ніводнага адмыслоўца па расейскай палітыцы. Таму дакладна казаць, што будзе значыць прызначэньне менавіта гэтага чалавека, пакуль не выпадае. Трэба будзе паглядзець на ягоныя канкрэтныя заявы і дзеяньні. Але тое, што расейскі амбасадар у Беларусі — гэта важная асоба, за якой трэба назіраць (бо яна адлюстроўвае погляды і стратэгію, якія ёсьць у расейскіх вярхах), — гэта факт відавочны.

Міхаіл Бабіч
Міхаіл Бабіч

У Расеі вельмі няшмат людзей, якія ўспрымаюць беларускую незалежнасьць як відавочны факт

— Вы сказалі, што Лукашэнка «занадта дарагі» для Расеі. І вось цяпер шмат кажуць пра хуткае заканчэньне «падатковага манэўру», у выніку чаго беларускі бюджэт страціць паступленьні ад перапрацоўкі і рээкспарту расейскай нафты. Ці ўдасца Менску прыдумаць нейкую схему, ці гэты прыбытковы бізнэс страціцца назаўжды?

— Афіцыйны Менск вельмі вынаходлівы і можа прыдумаць самыя розныя схемы. Пытаньне ў тым, ці будзе закрываць на іх вочы Масква. Мне падаецца, што гэты нафтавы манэўр для расейскага ўраду — вымушаны крок, і наўрад ці яны дазволяць, каб Беларусь тут захавала свае прывілеі і магчымасьці і далей карысталася наступствамі старой палітыкі «пацалункі ў абмен на нафту».

— А гэтая палітыка цяпер ужо не працуе толькі з той прычыны, што, як сказаў Мядзьведзеў, «грошай няма, але вы трымайцеся»? Ці ня толькі ў эканоміцы тут прычыны? А Масква наўмысна ставіць эканамічныя пытаньні, каб зьмяніць увесь альгарытм адносінаў — бо цяпер мы ня роўныя саюзьнікі, а паслухмяныя (больш ці менш) васалы?

— Шчыра кажучы, у Расеі (прынамсі ва ўладных колах) вельмі няшмат людзей, якія ўспрымаюць беларускую незалежнасьць як відавочны факт, які зьдзейсьніўся. Для іх Беларусь — гэта такая дзіўная Расея, якая нейкім чынам атрымала нейкі асаблівы статус па-за Расеяй, але ўсё гэта можна адгуляць назад.

Я думаю, што эканоміка тут грае ролю трэцяга парадку. Першую ролю граюць геапалітычныя амбіцыі Крамля, якія па сваіх памерах пераўзыходзяць магчымасьці і патэнцыял краіны і якія патрабуюць мабілізацыйнага разьвіцьця, каб атрымаць рэсурсы і сродкі для агрэсіўнай зьнешняй палітыкі.

Нягледзячы на пратакольныя ўсьмешкі, адносіны Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі не вылучаюцца асабістым даверам
Нягледзячы на пратакольныя ўсьмешкі, адносіны Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі не вылучаюцца асабістым даверам

Другі момант — прыватныя, асабістыя адносіны Пуціна і Лукашэнкі. На жаль, гэта палітыкі не 21 стагодзьдзя па сваім мэнтальным складзе. Гэта палітыкі ў лепшым выпадку 16–17 стагодзьдзя, калі міждзяржаўныя стасункі не былі адносінамі паміж нацыямі і дзяржавамі, а былі адносінамі паміж каралямі, валадарамі. І калі ў гэтых кіраўнікоў апошнім часам адносіны сапсаваліся — то гэта наўпрост уплывае і на міждзяржаўныя адносіны, незалежна ад аб’ектыўных інтарэсаў дзяржаў і народаў.

І толькі трэцяе месца займае эканамічны складнік («грошай няма, але вы трымайцеся»). Ён прысутнічае, але ён не вызначальны.

Лукашэнка быў патрэбны як вітрына інтэграцыі і кансалідацыі постсавецкай прасторы вакол Расеі

— Імпэрскае стаўленьне і геапалітычныя амбіцыі Расеі былі заўсёды. Але пры гэтым у беларуска-расейскіх стасунках былі адносна мірныя часы. Што зьмянілася цяпер, калі (на вашую думку) Расея пачынае больш актыўны наступ на беларускі сувэрэнітэт? Што здарылася?

— Здарылася канфрантацыя Расеі з Захадам. Расейскія стасункі з Захадам раней былі прынамсі партнэрскія. Цяпер мы бачым стасункі канфрантацыйныя, і ёсьць патэнцыял для абвастрэньня, якое можа здарыцца ў любы момант зь любой нагоды.

Другі момант — тое, што тады Лукашэнка быў патрэбны як вітрына інтэграцыі і кансалідацыі постсавецкай прасторы вакол Расеі. І гэтая вітрына глядзела найперш на Ўкраіну. То бок — глядзіце, як добра можна жыць, калі будзеце мець сяброўскія адносіны з Расеяй. А цяпер патрэбы ў такой вітрыне няма, бо расейска-ўкраінскае супрацьстаяньне — гэта на дзесяцігодзьдзі.

Наступны момант — гэта расчараваньне Крамля ад таго, якую пазыцыю заняў Менск у адносінах да расейскіх геапалітычных інтарэсаў. Расейскія ўлады былі ўпэўненыя, што ўлады Беларусі будуць паводзіць сабе больш ляяльна адносна Масквы. Але сытуацыя выглядае зусім па-іншаму. І цяпер з улікам той шавіністычнай гістэрыі, якая назіраецца ў Маскве (той выпадак, калі хвост ужо кіруе сабакам) — адкрыта кажуць пра беларускія ўлады як пра здраднікаў. Маўляў, мы вам дапамагалі — і што атрымалі на выхадзе?

«Бабіча прызначаюць, каб не дазволіць беларускага Майдану». Расейскія палітолягі пра будучага амбасадара

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG