Велічыня дзяржаўнага доўгу ў Беларусі перавысіла 50% валавога ўнутранага прадукту. Пра гэта заявіла міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings. Раней Міністэрства фінансаў паведамляла, што парогавае значэнне дзяржпазыкі вызначана на ўзроўні 45% ВУП.
Паводле мэтадалёгіі Fitch Ratings, якое пацьвердзіла крэдытныя рэйтынгі Беларусі на ўзроўні «B», фактычны памер дзярждоўгу ўжо ў канцы мінулага году перавысіў парогавае значэньне, адзначае БелаПАН.
«Паводле ацэнак Fitch, дзяржаўная запазычанасьць Беларусі дасягнула 52,5% ВУП на канец 2017 году», — гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай з нагоды наданьня суверэннага рэйтынгу Беларусі.
Аналітыкі агенцтва зьвяртаюць увагу, што на 90% дзяржаўная пазыка Беларусі сфармаваная ў замежнай валюце.
«Fitch уключае ўрадавыя гарантыі ў разьліках агульнай сумы доўгу праз высокую верагоднасьць таго, што ўраду неабходна будзе выканаць абавязаньні дзяржаўных прадпрыемстваў», — падкрэсліваюць экспэрты.
Яны лічаць, што валатыльнасьць абменных курсаў стварае фіскальныя рызыкі з прычыны значнай прысутнасьці дзяржаўных прадпрыемстваў у эканоміцы і неабходнасьці выконваць абавязаньні апошніх, а яны часта сфармаваныя ў замежнай валюце.
Згодна зь фінансавымі абавязаньнямі ўраду, цягам 2019–2025 гадоў Беларусь павінна накіраваць на абслугоўваньне і пагашэньне вонкавага і ўнутранага дзяржаўнага доўгу 23,46 млрд даляраў.
Эканаміст, кіраўнік Фонду Мізэса Яраслаў Раманчук ў інтэрвію Свабодзе кажа, што беларускія чыноўнікі спрабуюць супакоіць насельніцтва праз параўнаньне са ЗША — маўляў, Амэрыка ўся ў пазыках. Аднак параўноўваць дзяржаўны доўг прынцыпова розных краінаў як мінімум некарэктна.
«Беларусі трэба арыентавацца на дзяржавы краіны зь пераходнай эканомікай, напрыклад Аргентыну, Мэксыку, Турэччыну, якія мелі вялікія праблемы з пазыкамі, — тлумачыць экспэрт. — Для такіх краінаў доўг у 50-60% ВУП лічыцца парогавым, азначае, што эканамічная сытуацыя кепская... Мы загразьлі ў пазыках і бяром яшчэ. Эўрабонды выпусьцілі пад 7%, у МВФ маглі б узяць пад 2,2–2,5%. Але МВФ грошай не дае, бо нашы ўлады ня хочуць сур’ёзных пераменаў. Аддаём лішнія паўмільярда даляраў толькі таму, што ўхіляемся ад структурных зьменаў. Трапілі ў тыповую пазыковую піраміду».
Аналітыкі Fitch зьвяртаюць увагу, што цягам 2019-2020 гадоў будуць заставацца высокімі плацяжы па сувэрэнных абавязаньнях — на ўзроўні 3,4 млрд даляраў на год. Пры гэтым беларускі ўрад працуе над прыцягненьнем новых пазык. Тады як патэнцыял беларускай эканомікі, як лічыць рэйтынгавае агенцтва, у сярэднетэрміновай пэрспэктыве тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі будуць заставацца нізкімі.
Згодна з прагнозам, у 2018 годзе на фоне росту расейскай эканомікі, унутранага попыту і нізкай базы мінулага году, рост ВУП Беларусі можа скласці 3,5%. Але ўжо ў 2019-2020 гадах замарудзіцца да 2,5 і 2% адпаведна. Слабым зьвяном беларускай эканомікі, якое працягне стрымліваць яе разьвіцьцё, будзе ўсё той жа дзяржсэктар, для якога характэрная нізкая прадукцыйнасьць працы і высокая крэдытная запазычанасьць.