11 ліпеня ў Бэрліне скончылася 27-я штогадовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ (Арганізацыі па бясьпецы і супрацы ў Эўропе). У апошні дзень яе ўдзельнікі працягнулі агульныя адкрытыя дэбаты, а таксама прынялі выніковую Бэрлінскую дэклярацыю.
У выніковы дакумэнт увайшлі шэраг рэзалюцыяў. Сярод іх і ініцыяваная афіцыйным Менскам — «Прасоўваньне лічбавай эканомікі ў інтарэсах забесьпячэньня эканамічнага росту на прасторы АБСЭ».
Рэзалюцыя ўключае ў сябе 9 параграфаў. У іх, сярод іншага, адзначаецца, што прасоўваньне лічбавай эканомікі «найлепшым чынам будзе садзейнічаць адаптацыі краін-удзельніц да новых эканамічных рэалій», што ПА АБСЭ падтрымлівае ўсе захады, «скіраваныя на ўлік інтарэсаў кожнай з краін-удзельніц у частцы безбар’ернага доступу да масіваў дадзеных, сучасных інфармацыйных тэхналёгій і рашэньняў з мэтай скарачэньня лічбавага разрыву».
Расея не галасавала за дэклярацыю
Увайшлі ў дэклярацыю і тры рэзалюцыі, якія асуджаюць Расею. Яны тычацца анэксіі Крыму, крытыкі расейскай судовай сыстэмы і 10-й гадавіны вайсковай інтэрвэнцыі, якую разьвязала Расея супраць Грузіі.
З-за гэтага расейская дэлегацыя не галасавала за выніковую дэклярацыю.
Старшынём Парлямэнцкай асамблеі пераабраны дэпутат ад Грузіі Георгі Цэрэтелі. У парлямэнце сваёй краіны ён знаходзіцца ў апазыцыі да цяперашняй улады і зьяўляецца адным з лідэраў апазыцыйнай партыі «Эўрапейская Грузія — рух за свабоду».
Парлямэнцкая асамблея АБСЭ створана ў 1991 годзе. Цяпер у яе ўваходзяць дэпутаты 57 краін. Галоўная падзея ў дзейнасьці ПА АБСЭ — штогадовая сэсія, на якой выбіраюцца кіраўніцтва і службовыя асобы асамблеі, прымаюцца дэклярацыі і рэзалюцыі.