У сераду, 27 чэрвеня, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зьбіраюцца на пленарным пасяджэньні разгледзіць 11 пытаньняў. Аднак сярод іх пакуль няма тых зьменаў у Крымінальны кодэкс, якія тычацца пакараньня за распаўсюд наркотыкаў, ужываньне і гандаль імі — так званага 328 «наркатычнага» артыкулу.
Прапановы ўраду знаходзяцца ў Палаце прадстаўнікоў. Яны прадугледжваюць некаторыя зьмякчэньні артыкулу 328.
Магчыма, дэпутаты зоймуцца «наркатычным» артыкулам у пятніцу, 29 чэрвеня. У гэты дзень адбудуцца адразу дзьве падзеі: супольнае пасяджэньне абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу з адказамі чальцоў ураду на пытаньні і пленарнае пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў. Пасьля чаго, згодна з рэглямэнтам працы ніжэйшай палаты, пленарных пасяджэньняў ня будзе ўжо аж да 2 кастрычніка.
Што важна ведаць:
- У красавіку-траўні актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- 8 траўня Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці спажыўцоў наркотыкаў.
- 11 траўня Савет міністраў накіраваў у Палату прадстаўнікоў законапраект аб зьмене наркатычнага артыкулу.
- Што ўрад прапануе зьмяніць у «наркатычных артыкулах» Крымінальнага кодэксу
У Кітай — бязь візы
Сёньня дэпутаты маюць намер ратыфікаваць пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Кітаю аб узаемным бязьвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў. Ратыфікацыя наблізіць час, пачынаючы зь якога грамадзяне абедзьвюх краін змогуць падарожнічаць, не адкрываючы абавязковай пакуль візы.