Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратура — як турма. Турма — як літаратура


Кніжная сэрыя «Беларуская турэмная літаратура», заснаваная Праваабарончым цэнтрам «Вясна», папоўнілася двума новымі выданьнямі. Іх аўтары — Алесь Кіркевіч і Мікалай Дзядок — дзеляцца з чытачамі ўласным досьведам знаходжаньня за кратамі за палітычныя перакананьні. Тэматычна прымыкае да гэтых выданьняў і кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына», выдадзеная ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе».

Алесь Кіркевіч. Сем месяцаў у беларускай турме

На 58–59 старонках кнігі чытаем:

«29 сакавіка па абедзе я зайшоў у новую камэру, ізноўку мяне перавялі супраць стрэлкі гадзіньніка, нібы перакручваючы час на цыфэрбляце ў адваротным кірунку. (...) Кантынгент — два былыя мянты і адзін пракурорскі работнік — як на падбор. (...) Пракурор зь Ліды, як высьветлілася, у 2006 годзе апытваў лідзкіх сяброў „Маладога фронту“, калі разгортвалася справа па арт. 193, частка 1-я (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Тады, у 2006-м, шэраг нашых хлопцаў і дзяўчат атрымалі вялізныя штрафы і папярэджаньні, а старшыня арганізацыі Зьміцер Дашкевіч — свой першы турэмны тэрмін. Сярод апытаных лідзкім пракурорам была і мая сяброўка Вераніка — „рудая бэстыя“, разам зь якой мяне неаднойчы затрымлівалі ў Горадні. Сьвет цесны.

— Работа такая, я старался не навредить, наоборот... — паўтараў пракурор».

Тагачасны намесьнік старшыні «Маладога фронту» Алесь Кіркевіч быў увязьнены пасьля падзеяў Плошчы-2010. Ён правёў за кратамі сем месяцаў, пра якія і распавёў на старонках сваёй кнігі. Напісаная яна была яшчэ ў 2013-м, і ейны электронны варыянт быў адзначаны прэміяй імя Францішка Аляхновіча, але папяровая вэрсія выйшла толькі цяпер.

Мікалай Дзядок. Фарбы паралельнага сьвету

Аўтар — сябар руху беларускіх анархістаў — за кратамі правёў пяць гадоў. Гэта амаль чвэрць ягонага маладога жыцьця. Але цяпер ён спакойна ацэньвае гэты час.

«Любы вопыт, жыцьцёвы, палітычны ці эмацыйны, у сто разоў больш эфэктыўны, калі ён прааналізаваны. Пяць гадоў у турме далі мне шырокую глебу для роздумаў, ацэнак і рэфлексіі: як пра ўбачанае ў засьценках, так і пра тую рэвалюцыйную працу, якой мы займаемся. Вынікам, прынамсі прамежкавым, гэтай рэфлексіі стала кніга „Фарбы паралельнага сьвету“, — піша Мікалай Дзядок у анонсе да сваёй кнігі і працягвае: — „Фарбы паралельнага сьвету“ — гэта ня толькі пераказ убачанага, ня толькі ўспаміны і ўражаньні пра беларускую карную сыстэму. Гэта — аналіз баявога вопыту, інструкцыя па разуменьні (наколькі гэта магчыма па гэты бок плоту жорсткай герархічнай сыстэмы, якая ламае волю тысяч людзей».

Гэтае выданьне кнігі Мікалая Дзядка — ужо трэцяе. Першыя былі па-расейску і па-ангельску. Цяперашняе дапоўненае і выйшла па-беларуску.

Алена Струвэ. Турма, мужчына і жанчына

«Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі» — такая поўная назва новай кнігі бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Яе склалі выбраныя перадачы праграмы «Свабода ў турмах», якую цягам 2011–2017 гадоў вяла на РС журналістка Алена Струвэ. На старонках кнігі — дакумэнтальныя споведзі людзей з крымінальным досьведам, у якім ёсьць месца гору і радасьці, подласьці і высакародзтву, каханьню і нянавісьці, хваробам і сьмерці, палітычным і побытавым канфліктам, творчасьці і гумару.

Прэзэнтацыя гэтай кнігі адбудзецца 19 чэрвеня ў Менску на сядзібе БНФ (Чарнышэўскага, 3). Пачатак у 18.30.

А пакуль сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі ад кнігі дзеліцца старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«Кажуць жа, што турма — гэта маленькая копія, зьлепак дзяржавы. Якая турма — такая і краіна. І гэта так. Наколькі ўлады ў Беларусі далёкія ад грамадзтва, настолькі ж адміністрацыя ў турмах не давярае зьняволеным і варожа да іх ставіцца. Тэксты, праграмы пра турмы, калёніі, „хіміі“, ЛПП фіксуюць без прыкрасы суровую рэчаіснасьць. Ня думаю, што яны могуць паўплываць неяк на сёньняшні стан рэчаў у месцах пазбаўленьня волі, гэтаксама як і грамадзкая думка ў краіне не ўплывае на хцівыя ды ілжывыя паводзіны ўладаў. Але яны кшталтуюць нашу грамадзянскую пазыцыю, выклікаюць суперажываньне, не даюць зачарсьцьвець нашым душам. Яны насуперак гэтай агіднай сыстэме дапамагаюць нам заставацца людзьмі. І ў гэтым іхняя нязьменная каштоўнасьць».

Юры Бандажэўскі Турма і здароўе (PDF)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG