Помнік Зьмітраку Бядулю быў створаны пры падтрымцы неабыякавых беларусаў, якія прынялі ўдзел у дабрачынным зборы грошай.
Афіцыйнае адкрыцьцё помніка адбылося роўна празь пяць гадоў пасьля перапахаваньня парэшткаў паэта.
Адкрыцьцё помніка было прымеркавана да дня памяці пісьменьніка: ён памёр 3 лістапада 1941 году ў эвакуацыі каля Ўральску ў Казахстане, там яго і пахавалі на гарадзкіх могілках. Зьмітраку Бядулю было 55 гадоў.
Сын пісьменьніка Яфім Плаўнік расказаў, што было шэсьць спробаў перавезьці прах бацькі на радзіму ў Беларусь, і толькі на сёмы раз гэта ўдалося. У лютым 2020 году парэшткі Бядулі эксгумавалі і даставілі самалётам з Казахстану ў Беларусь. 3 лістапада 2020 году прах пісьменьніка перапахавалі на Ўсходніх могілках у Менску.
Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры выступіў ініцыятарам дабрачыннага збору сродкаў на стварэньне надмагільнага помніку. У выніку ўдалося сабраць палову неабходнай сумы. Рэшту вылучылі зь дзяржаўнага бюджэту.
Аўтары помніка — скульптары Сяргей Гумілеўскі і архітэктар Віктар Карака. Помнік адкрыюць а 12-й гадзіне, паведамляе Дзяржаўны музэй беларускай літаратуры.
Сяргей Гумілеўскі раней расказваў, што помнік будзе ў выглядзе асымэтрычнай пліты з каштоўнага зялёнага граніту, якая формаю нагадвае ніву пад парывам ветру, на пліце бронзавая скульптурная выява паэта. Падыход да помніка прапануецца зрабіць з брукаванкі, якая сымбалізуе складаны жыцьцёвы шлях Бядулі. Вышыня помніка 180 см — такое абмежаваньне вызначана законам аб пахаваньнях.
- Зьмітрок Бядуля (сапраўднае імя Самуіл Плаўнік) нарадзіўся ў 1886 годзе.
 - Беларускі празаік, паэт, крытык.
 - Найбольш вядомы апавяданьнямі.
 - Перакладаў на беларускую мовы творы Шолам-Алейхема, Тараса Шаўчэнкі.
 - Памёр 3 лістапада 1941 году.
 - На Ўсходніх могілках Менску прах Зьмітрака Бядулі перапахавалі 3 лістапада 2020 году.