Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ускрываў сабе вены, рэзаў жывот» — Мікола Дзядок напісаў кнігу пра беларускую турму


Студэнт, былы палітвязень Мікола Дзядок (фота з сайта ЭГУ)
Студэнт, былы палітвязень Мікола Дзядок (фота з сайта ЭГУ)

«80% тых, хто сядзіць у турмах, не заслугоўваюць прысуджаных тэрмінаў, — кажа былы палітвязень Мікола Дзядок. — Ня меней за 20% — гэта людзі, невінаватыя ў прынцыпе, іх штучна „нацягнулі“ на тое, чаго яны не рабілі, сядзяць проста за статыстыку. Яшчэ для 60% найбольш вартае пакараньне — альбо наркалягічны дыспансэр, альбо штраф. І адпусьціць».

Актывіст анархісцкага руху Мікола Дзядок напісаў і рыхтуецца прэзэнтаваць кнігу турэмных успамінаў пад назвай «Фарбы паралельнага сьвету». Прэзэнтацыя адбудзецца ў нядзелю 26 лютага ў 18:00 у памяшканьні менскай крэатыўнай прасторы «Пункт» (Кастрычніцкая вуліца, 23а).

Мікола быў асуджаны па «справе анархістаў», адбыў за кратамі 5 гадоў. У аўтабіяграфічнай кнізе распавядае пра арганізацыю працы карных органаў і сыстэму ўціску асобы. Частка твораў напісаная за кратамі, астатнія — пасьля выхаду на свабоду.

— Мікола, у сучаснай Беларусі «цягнуць тэрмін» дзясяткі тысяч асуджаных, але пішуць пра гэта кнігі адзінкі. Што падштурхнула да турэмнай творчасьці?

— Шчыра кажучы, такая ідэя ўзьнікла літаральна ў першыя тыдні пасьля зьняволеньня. Ведаеце, калі трапляеш у такую надзвычайную сытуацыю, адразу зьяўляецца вельмі шмат новых уражаньняў, дагэтуль іх ніколі не было; бачыш багата рэчаў, зь якімі на волі ніколі не сутыкаесься. Безумоўна, пачынаеш усё фіксаваць, асэнсоўваць, абдумваць; хочацца зь некім сваімі думкамі падзяліцца, але там асабліва няма з кім. Таму ўжо па першым часе падумаў: нядрэнна было б усе свае ўражаньні сыстэматызаваць, выкласьці. Тым больш паступова пачало выбудоўвацца выразнае ўяўленьне пра схемы таго, як што працуе, дзе я апынуўся. Калі напачатку збольшага былі спарадычныя думкі, уражаньні, то пад канец тэрміну яны пачалі складацца ў цалкам сыстэматызаваную форму.

Сустрэча ў Менску пасьля вызваленьня
Сустрэча ў Менску пасьля вызваленьня

— Так разумею, што пачалі пісаць за кратамі, а заканчвалі ўжо на волі?

— Сапраўды, пачаў «сыстэматызацыю» яшчэ ў турме, але тады гэта была ня тое каб паўнавартасная кніга, а проста нейкія накіды на будучыню. Па вялікім рахунку, атрымаўся збор твораў, якія паміж сабой не зьвязаныя адной сюжэтнай лініяй — акрамя таго, што амаль усе яны тычацца турэмнай тэматыкі. Такім чынам, першая палова зьявілася ў зьняволеньні, а другая — ужо па выхадзе з турмы, літаральна ў першы год на волі.

— Усё ж кніга аўтабіяграфічная ці з украпінай мастацкага вымыслу?

— Цалкам аўтабіяграфічная. Усё, што я напісаў, пабачыў альбо сам, альбо хтосьці мне расказаў зь вязьняў. За ўсё, што расказваецца ад маёй асобы, я адказваю — за праўдзівасьць, за дакумэнтальнасьць, за рэалістычнасьць падзеяў. Ёсьць два аповеды, якія наўпрост турмы не датычныя, але яны таксама маюць дакумэнтальны характар. Напрыклад, аналітычна-гістарычны артыкул на тэму старажытнагрэцкай міталёгіі. Якраз прачытаў кнігу пра легенды старажытнай Грэцыі, і так захацелася падзяліцца сваімі думкамі, прааналізаваць прачытанае, што занатаваў і, выйшаўшы на волю, надрукаваў.

Вокладка кнігі «Фарбы паралельнага сьвету»
Вокладка кнігі «Фарбы паралельнага сьвету»

— Зразумела, што гэта не дзяржаўныя выдавецтвы... Як увогуле вырашалася пытаньне з друкаваньнем кнігі — нехта, відаць, яе фундаваў?

— Са зразумелых прычынаў толькі часткова магу адказаць на гэтае пытаньне. Хто выдаваў — не скажу, а што да фундаваньня, дык грашыма дапамаглі паплечнікі. Зразумела, не дабрачынна, а пазычалі. Іншымі словамі, трэба атрымаць нейкі фінансавы посьпех, «адбіць» гэтыя сродкі, пазыкі вярнуць. Тады я буду ў фізычным і маральным разьліку.

— То бок разьлічваеце на рэалізацыю?

— Так, кніжка будзе прадавацца. Кошт, само сабой, невялікі — 6 рублёў, думаю, ня так і шмат нават у сёньняшніх умовах. Як ужо казаў, трэба вярнуць грошы, якія мне далі на выданьне. Але, канечне, пэўную частку я раздам проста так — найперш тым, хто дапамагаў мне яе выдаваць.

З кнігі Міколы Дзядка
З кнігі Міколы Дзядка

— Якія моманты з апісанага найбольш красамоўныя? Дый увогуле з вашага саліднага досьведу: наколькі беларуская карная сыстэма гуманная, сапраўды «папраўчая»? Разумею, што цяжка зь нечым параўноўваць, бо давялося прайсьці праз прэсінг толькі сваёй дзяржавы...

— Што самае яскравае ў кніжцы? Асабіста мне найбольш падабаюцца два першыя апавяданьні, у якіх я аналізую апэратыўніка — як такога, як пасаду. Чаму мне гэта асабліва блізка? Таму што рэальна вельмі моцна выпакутавана, выцягнута на ўласных плячах. То бок ня толькі ўбачанае ці пачутае, але і асабіста перажытае, унутры. З аднаго боку, твор атрымаўся дакумэнтальны, зь іншага — надзвычай эмацыйны. Другі яскравы момант — аповед пра тое, як я ўскрываў сабе вены і рэзаў жывот, калі мяне пасадзілі ў камэру ШЫЗА. Гэта момант таксама важны для мяне, нават аднаго гэтага выпадку дастаткова, каб судзіць пра нашу карную сыстэму, пра ступень яе гуманнасьці. То бок, чалавек вымушаны наносіць сабе фізычную шкоду, ставіць пад пагрозу сваё жыцьцё, каб яго перавялі ў лепшыя ўмовы ўтрыманьня.

— Мяркуючы па вашым прыкладзе, нават такой сыстэме рэальна супрацьстаяць, не зламацца?

— Я з гэтай нагоды заўсёды паўтараю і буду паўтараць: не зламацца можна, проста трэба заставацца чалавекам. Сядзелі да нас людзі ў больш страшных умовах — гэта і сталінскія лягеры для «ворагаў народу», і царскія турмы для паўстанцаў. І нічога, не ламаліся, выходзілі, больш за тое, працягвалі сваю справу. І калі гэтае выпрабаваньне вытрымаў я — чалавек без аніякіх звышнатуральных здольнасьцяў — вытрымаюць і астатнія, хто да сёньня сядзіць у турмах. Мы з вамі размаўляем на свабодзе, дыхаем сьвежым паветрам, а ў гэты самы момант ня меней за 35 тысяч чалавек у Беларусі сядзяць ва ўмовах няволі. І яны выйдуць на свабоду жывымі, больш-менш здаровымі. То бок ня трэба гэта ўспрымаць як нешта невытлумачальнае. Так, гэта цяжка, гэта жахліва, але ў межах чалавечых магчымасьцяў захаваць сябе як асобу.

— Вядома, цяжка вылічыць нейкі ўмоўны працэнт, але, з вашага гледзішча: якая доля людзей за кратамі невінаватыя ці вінаватыя ўмоўна?

— Я шмат задаваўся гэтым пытаньнем, бо праз стасункі са мной прайшлі не 10 і не 20, а сотні чалавек. І па выніках назіраньняў для сябе склаў такую статыстыку: каля 20% — гэта людзі, невінаватыя ў прынцыпе, іх цалкам штучна «нацягнулі» на тое, чаго яны не рабілі. Сядзяць проста за статыстыку. Прыкладна 60% — тыя, для каго найбольш вартае пакараньне — альбо наркалягічны дыспансэр, альбо штраф. І адпусьціць. Большасьць сядзіць за тое, што ўтварылі нешта ў стане алькагольнага ці наркатычнага апʼяненьня. Іх варта не судзіць за злы намер, а лячыць ад наркаманіі і алькагалізму, яны пэўна не заслугоўваюць 8, 10 ці 15 гадоў прысуджаных тэрмінаў.

Сярод студэнтаў ЭГУ
Сярод студэнтаў ЭГУ

Астатнія 20% — сапраўды асацыяльныя, дэструктыўныя элемэнты: гвалтаўнікі, садысты, забойцы, якія робяць злачынствы наўмысна. Ня ўпэўнены, што іх увогуле рэальна інтэграваць у грамадзтва, але зь імі таксама неабходна весьці цяжкую тлумачальную працу, доўгія гады. Зноў жа, наша сыстэма такую працу не праводзіць, іх проста ізалююць. І яны як псавалі жыцьцё камусьці на волі, гэтак жа псуюць жыцьцё іншым вязьням у турме. Гэта так званыя блатныя, «казлы», усе яны звычайна набіраюцца зь людзей злых, агрэсіўных. Іх колькасьць я ацэньваю дзесьці ў 20%.

— Мікола, удалай і плённай вам прэзэнтацыі. І пры канцы колькі словаў пра свой цяперашні статус...

— Я па-ранейшаму навучаюся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, спэцыялізацыя — усясьветная палітыка і эканоміка. Паколькі нас накіравалі на сумесную праграму ва ўнівэрсытэт у Коўна, яшчэ на паўтара года затрымаюся тут, а потым зноў вярнуся ў Вільню. Паралельна працую ў якасьці журналіста ў газэце «Новы час», таксама спрабую падпрацоўваць для іншых выданьняў — часам на валянтэрскай аснове, часам за грошы. Так вось і жыву.

Мікола Дзядок у першыя гадзіны на свабодзе
Мікола Дзядок у першыя гадзіны на свабодзе

Мікола Дзядок нарадзіўся 23 жніўня 1988 году ў Брагіне. Скончыў юрыдычны каледж БДУ, паступіў у Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Сябра арганізацыі беларускіх анархістаў. Затрыманы 3 верасьня 2010-га ў якасьці падазронага па справе «Аб нападзе на амбасаду Расейскай Фэдэрацыі». Справа развалілася, абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ля будынку Генштабу. Выстаўлена абвінавачаньне па артыкуле Крымінальнага кодэксу «хуліганства».

Публічная салідарнасьць з анархістам Дзядком
Публічная салідарнасьць з анархістам Дзядком

27 траўня 2011 году Заводзкі суд Менску асудзіў Дзядка на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Па справе таксама праходзілі Ігар Аліневіч (асуджаны на 8 гадоў) і Аляксандар Францкевіч (3 гады). 4 сьнежня 2012-га суд пастанавіў накіраваць Дзядка ў крытую турму за «парушэньні дысцыпліны». У кастрычніку 2011-га праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт прызналі Аліневіча, Дзядка і Францкевіча палітычнымі зьняволенымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG