Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма, мужчына і жанчына. Дзіцячая зона


У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». У кнізе — дакумэнтальныя споведзі людзей з крымінальным досьведам, удзельнікаў перадачы «Свабода ў турмах», якая выходзіла на Радыё Свабода ў 2011–2017 гг. Аўтарка гэтага цыклю, журналістка Алена Струвэ, атрымала за яго ў 2014 нацыянальную праваабарончую прэмію «Журналіст году».

У чэрвені-ліпені мы публікуем на сайце фрагмэнты кнігі. Замовіць друкаваны асобнік можна тут.​

ДЗІЦЯЧАЯ ЗОНА

Пасадзіць у Беларусі могуць з шаснаццаці гадоў.

Адначасна закон вылучае больш за дваццаць злачынстваў, калі трапіць за краты можна ўжо з 14-ці. Гэта забойствы, згвалтаваньні, крадзеж, вымагальніцтва, гандаль наркотыкамі. Апошнім часам дадаліся крадзеж шляхам выкарыстаньня кампутарнай тэхнікі і ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі.

Фармальна максымальны ўзрост у «дзіцячай» калёніі — 21 год. Але і гэтая мяжа можа быць падоўжанай — каб сярод 14-гадовых былі старэйшыя, якія б дапамагалі вырашаць пытаньні, што ўзьнікаюць паміж выхаванцамі і супрацоўнікамі.

Закрытыя ўстановы, дзе адбываюць пакараньне падлеткі, называюцца выхаваўчымі, а іх малыя сядзельцы завуцца выхаванкамі і выхаванцамі, але ніяк не асуджанымі ды не ЗК.


Выхаванкі. Валянтэрская дапамога

Ад грамадзкай дзяячкі

Раіса Баравікова, Валеры Славук, Генадзь Грушавы, Людміла Юсупава і Ірына Грушавая
Раіса Баравікова, Валеры Славук, Генадзь Грушавы, Людміла Юсупава і Ірына Грушавая

Ад канца 1980-х Ірына Грушавая і яе муж ды паплечнік Генадзь Грушавы (1950–2013) былі вядомыя як стваральнікі фонду «Дзецям Чарнобылю», арганізатары дзіцячага аздараўленьня за мяжой. У 2000-я пры падтрымцы нямецкіх партнэраў дзейнічаў іх праект «Дзявочая турма», мэтай якога была рэсацыялізацыя выхаванак гомельскай дзявочай калёніі. Ірына і цяпер падтрымлівае сувязі зь некаторымі з тых былых выхаванак.

— Тады быў параўнальна лібэральны час. На самым старце праекту разам з жанчынамі-валянтэркамі мы наведвалі калёнію ледзь ня кожны месяц. Потым нам прапанавалі рабіць гэта радзей. А ў 2007-м увогуле не дазволілі прыяжджаць.

Дзяўчаты вызваляліся, мы сустракаліся ў Менску, стараліся дапамагчы чым маглі. Падтрымлівалі хворых дзяўчат. Некаторыя выходзілі адтуль з сухотамі, ВІЧ, рознай хронікай. Празь нямецкія ініцыятывы мы набывалі для іх мэдыкамэнты, нейкую гуманітарку (ежу, адзеньне).

Немкі таксама запрашалі на адпачынак юных мам з малымі. Калі дзеткі падрасталі, таксама ўключалі іх у дзіцячыя групы. Адна з тых юных мам нядаўна нарадзіла пятае дзіця. Добрая сям’я. Усё ў жыцьці склалася. Мы перапісваемся ў Фэйсбуку. А вось дзяўчынку Юргіту пазбавілі матчыных правоў. Сьпілася. Яшчэ была Наташа, якая нарадзіла ў калёніі і якую наш праект асабліва падтрымліваў. У яе органы апекі таксама забралі дзіцёнка. Таксама сьпілася.

Ірына Грушавая цяпер жыве ў Нямеччыне.


Рэжымная тэрыторыя


Ад аўтара

Так здарылася, што ў 2003 годзе аўтарцы гэтых радкоў у складзе ўдзельніц праекту «Дзявочая турма» давялося наведаць тую выхаваўчую ўстанову ды пазнаёміцца з многімі дзяўчатамі, якіх падтрымлівала праграма фонду.

Сацыялізацыя, навучаньне асуджаных тым элемэнтарным жыцьцёвым рэчам, якіх яны так і не спазналі ў сябе дома, была адной з галоўных задач праекту.

У калёнію ў той дзень валянтэры ехалі, каб адсьвяткаваць дзень народзінаў цэлай групы дзяўчат, якія нарадзіліся вясной. Паколькі наведаць установу можна было ня часта, ладзіліся менавіта сэзонныя імяніны.

Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky
Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky

Гэта было ня проста паяданьне прывезеных з волі прысмакаў, але і спроба стварыць атмасфэру вялікай сям’і, дзе за сталом разам з дарослымі абмяркоўваліся самыя розныя жыцьцёвыя тэмы. Дзяўчатак вучылі як можна па-сьвяточнаму аформіць пакой, накрыць на стол і як таксама паводзіць сябе за ім. Гэта тое, што абавязкова спатрэбіцца ў будучыні, калі сама дзяўчына марыць мець уласную сапраўдную сям’ю.

На рэжымную тэрыторыю нашу групу на чале з Ірынай Грушавой без праблемаў ды затрымак прапусьцілі празь некалькі кардонаў і ў суправаджэньні апэратыўніцы правялі да дзявочага бараку. Паказалі пакоі, санітарны блёк — умывальнік, здаецца зь дзесяцьцю кранікамі, ды прыбіральню, таксама месцаў на дзесяць, добра прадэзінфікаваную хлёркай. Паўсюль была чысьціня.

Кратаў на вокнах не было. Калі не зьвяртаць увагі на калючы дрот, то ўсё як у звычайным дзіцячым інтэрнаце: спальны пакой з акуратна прыбранымі ложкамі, школьныя ўрокі і дзёньнікі з налепкамі ўлюбёных музыкаў ды актораў, абед паводле раскладу, гурткі самадзейнасьці.

Сабраць усіх дзяўчат разам не ўдалося. Магчыма, так і было задумана адміністрацыяй, на што, пэўна, былі прычыны. Адны дзяўчаты прыходзілі, другія сыходзілі. Некаторыя вярталіся са школьных заняткаў, некаторыя, наадварот, ішлі ў прафэсійную вучэльню або на мясцовую швейную фабрыку. Адна непаўналетняя мама і накіроўвалася карміць дзіця ў Дом малюткі, які разьмяшчаўся таксама на тэрыторыі калёніі.

Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky
Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky

Было відаць, што дзяўчаты вельмі радаваліся гасьцям. Нешта сьпявалі пад гітару, шмат сьмяяліся, задавалі розныя пытаньні немкам. Дзяўчаткі падкуплялі сваёй шчырасьцю, непасрэднасьцю, часам наіўнасьцю, некаторыя прасілі прыслаць жуек. Яны ахвотна расказвалі пра сябе, сваё жыцьцё да калёніі, куды трапілі, як ім падавалася, праз неспрыяльны зьбег абставінаў.

Адна, прыгожая цыганка гадоў 16-ці, расказвала, што другі раз была замужам. Першы раз, згодна з цыганскімі традыцыямі, яе выдалі ў 14. Наракала на сям’ю мужа, якая быццам бы прымушала яе красьці ды яшчэ гандляваць ня тым, чым трэба.

Другая юная асуджаная, таксама 16-гадовая, выхоўвалася ў інтэрнаце. Сустракалася з дарослым хлопцам, з былых сядзельцаў. Магчыма б ажаніліся, калі б іх разам зь сябрам не ўзялі падчас рабаваньня кіёска.

Пасядзела разам з дарослымі зэчкамі ў СІЗА. У сувязі зь перанаселенасьцю сьледчых ізалятараў нярэдка дзецям і дарослым даводзіцца сядзець разам. Калі б можна было выбіраць, казала дзяўчына, то яна лепш сядзела б сярод дарослых.

Старэйшая, 18-гадовая, якую звалі Таня, наадварот, была вельмі радая таму, што яе да канца тэрміну не перавядуць у жаночы барак. Нічога добрага, каб сядзець у тым асяродку, яна ня бачыла.

Таня была безумоўным лідэрам, разумнай, з добрым пачуцьцём гумару. Зь немкамі спрабавала размаўляць па-ангельску, толькі ў рэдкіх выпадках зьвярталася па дапамогу перакладчыц. Адрозна ад іншых, яна мела дакладныя пляны на жыцьцё пасьля вызваленьня. У турэмнай школе была выдатніцай, зьбіралася паступаць ва ўнівэрсытэт.

Перад ад’ездам паразмаўлялі таксама з выхавацелькамі, маладымі, сымпатычнымі жанчынамі. Падзялілася зь імі адчуваньнем, што «нібыта пабывалі ў піянэрлягеры для старшаклясьнікаў». У адказ пачулі: «Калі вы пачытаеце прысуды гэтых дзяўчатак, то пра піянэрлягер забудзеце».

Тыя, хто найбольш спадабаўся ўсім нам, сядзелі за жорсткія забойствы. Сярод іх была Таня. Яна забіла бацьку, нанёсшы яму каля 20 удараў нажом. Але, паводле супрацоўніц калёніі, назваць дзяўчыну забойцай, якая мэтанакіравана пайшла на злачынства, яны ня могуць.

У Таніным выпадку ахвярай стаў бацька, які, напіўшыся, пачынаў тэрарызаваць сям’ю. У дзень, калі ўсё здарылася, ён спачатку чапляўся да маці, а калі Таня заступілася за яе, пераключыўся на дачку. Таня схапіла нож і біла ім па бацькавым целе, пакуль не абясьсілела.


Ад выхавацелькі

— Таня мэтанакіраваная, хітрая, але такой жанчыне і трэба быць па жыцьці, учэпістая. Яна ўмее ставіць мэты і дасягаць іх. Яна хоча на волю і, думаю, больш ня сядзе.

Збольшага дзеці ідуць на забойства праз глупства, па п’янцы, праз наркату, праз заніжаны падлеткавы самакантроль, маўляў, усё можна, бо я так хачу. Яны толькі потым усьведамляюць, што забітага чалавека, часта блізкага, назад ня вернеш. Зь імі, на жаль, дагэтуль ніхто не займаўся, але яны паддаюцца выхаваньню.

А вось з так званымі крадунамі, тымі, хто з малога ўзросту прызвычаіўся красьці, нашмат больш складана. Яны бяз гэтага ўжо ня змогуць, гэта як хвароба. Шмат хто з гэтым артыкулам вернецца ў дарослую зону.

Прыгожая юная цыганка, дарэчы, двойчы суджаная, але першы раз без турэмнага зьняволеньня, трапіла за краты за гандаль наркотыкамі. Сямейны бізнэс, арганізаваны дарослымі, за які ў пэўным крымінальным асяродку адказваюць дзеці. Бацькам ясна, што дзецям дадуць меншы тэрмін. Усё пралічана.

Дзяўчына кажа, што пасьля зоны пойдзе гандляваць легальным таварам. Але ж гэта куды меншыя грошы, ды не такія лёгкія, як па арт. 328. Яна сядзе абавязкова зноў, мяркуюць выхавацелькі. З прычыны свайго атачэньня.

Амаль усе прагнозы атрадніцы, як высьветлілася празь некалькі гадоў, спраўдзіліся. Што стала з Таняй — невядома.


Сындром пакінутага


Ад аўтара. Працяг

Потым, калі мы вярталіся ў Менск і абмяркоўвалі сустрэчу, адна зь немак, якая была сацыяльным пэдагогам, сказала: «Цяжкія падлеткі ва ўсім сьвеце вельмі падобныя псыхалягічна паміж сабой. Усе яны нібыта апынуліся ў „кайданах“ сындрому пакінутага чалавека, жывуць у стане трывогі, паступова робяцца замкнёнымі, падазронымі. Перажываньні адбіваюцца на твары: найчасьцей у іх вельмі сумныя вочы».

Паняцьце «сындром пакінутага» ўпершыню выкарыстаў швэйцарскі псыхааналітык Карл Густаў Юнг. Псыхолягі ды сацыяльныя пэдагогі з розных краін часта яго згадваюць, калі размова ідзе пра жорсткія злачынствы, учыненыя дзецьмі ды падлеткамі.

Карл Густаў Юнг
Карл Густаў Юнг

Зразумела, ня ўсе дзеці з праблемных сем’яў робяцца злачынцамі, аднак практычна ўсе непаўналетнія, хто ўчыніў злачынства, так ці інакш мелі праблемы ў сям’і. Калі зьнікаюць адносіны з блізкімі людзьмі, хоць фізычна яны побач, калі дзіця ня бачыць любові ад тых, каго само любіць, то адчувае спустошаньне і боль страты.

Ад сярэдзіны 2010-х на тэрыторыі гомельскай ПК № 4, або «чацьвёркі», утрымліваецца з паўдзясятка непаўналетніх асуджаных. Быў час, калі на так званай «малалетцы» адбывалі пакараньне 80 дзяўчатак.

Цяпер, паводле супрацоўнікаў пэнітэнцыярнай сыстэмы, «зь цяжкімі падлеткамі праводзіцца вялікая праца, у калёнію яны накіроўваюцца ў выключных выпадках». Гэта азначае, што злачынстваў ня стала менш, дзяўчаты па-ранейшаму рабуюць, забіваюць, крадуць, абарот наркотыкаў увогуле вырас — проста выракаў без пазбаўленьня волі стала болей.


Выхаванцы


У 2007 годзе вырашылі гуманізаваць пакараньне непаўналетніх і, разам зь дзявочай калёніяй, ліквідавалі дзьве выхаваўчыя ўстановы для хлопчыкаў. У выніку засталася толькі адна — ВК № 2 у Бабруйску, разьлічаная на 520 месцаў. Паводле дадзеных МУС на 2016 год, у ёй было 279 выхаванцаў.

Згодна зь міліцэйскімі зводкамі ды справаздачамі, якія друкуюцца афіцыйнымі СМІ, дзіцячая злачыннасьць у краіне, як сярод дзяўчатак, так і сярод хлопчыкаў расьце, павялічваюцца колькасна і так званыя групы рызыкі: безнаглядныя дзеці, дзеці зь няпоўных сем’яў, маленькія ўцекачы з дому.

Вельмі падобныя і ўчыненыя падлеткамі абодвух полаў злачынствы. Паводле МУС, у 2016 годзе пераважная большасьць з 279 юных сядзельцаў была асуджаная за наркотыкі, а таксама крадзяжы, у тым ліку з дапамогай кампутарнай тэхнікі, рабункі, разбой, цяжкія цялесныя пашкоджаньні, забойствы. Учынялі непаўналетнія хлопчыкі і сэксуальныя злачынствы. Пачала праяўляцца тэндэнцыя: усё часьцей злачынцамі робяцца дзеці не з праблемных, а з досыць забясьпечаных сем’яў.


Справа Даната


Менскі гімназіст Данат Скакун — адзін з найбольш вядомых цяперашніх асуджаных «малалетак», ягоная справа прагрымела ва ўсіх СМІ.
Данат, паводле сьледзтва і суду, замахнуўся на жыцьцё настаўніцы, нанёс ёй мноства ўдараў нажом і такім чынам адпомсьціў ёй за дрэнныя адзнакі. Дзесяціклясьніку прызначылі восем гадоў пазбаўленьня волі.
Такімі злачынствамі на дзіцячай зоне сёньня мала каго зьдзівіш. Калі б не некаторыя акалічнасьці гэтай непразрыстай, на думку многіх, справы.

Вярхоўны Суд разглядае апэляцыю па крымінальнай справе былога вучня сталічнай гімназіі № 74 Даната Скакуна. 19 верасьня 2017 году
Вярхоўны Суд разглядае апэляцыю па крымінальнай справе былога вучня сталічнай гімназіі № 74 Даната Скакуна. 19 верасьня 2017 году

Аднаклясьнікамі падлетка з гімназіі, а таксама іх бацькамі ў сацсетках створаны адмысловы акаўнт у яго падтрымку. На старонцы апублікаваныя артыкулы недзяржаўных СМІ, ацэнкі незалежных экспэртаў, дзе выказаны сумнеў адносна вінаватасьці хлопца. Непасрэдных сьведкаў здарэньня няма. Прыладу злачынства апэратыўныя супрацоўнікі так і не знайшлі.

Паводле адваката, віна хлопца ў судзе цалкам не была даказаная, само сьледзтва праводзілася са шматлікімі парушэньнямі закону. Шмат прэтэнзіяў да экспэртызы. І шмат пытаньняў да настаўніцы.

Сваю сярэднюю адукацыю гэты здатны да навучаньня хлопец цяпер працягвае за кратамі, у Бабруйскай калёніі. У лістах дадому піша, што ў школе калёніі яму падабаецца. Просіць сваіх маму-тату не хвалявацца, бо ў яго «ўсё добра». Псыхалягічны стан — больш-менш. Як кажа бацька хлопца, «сына нават у СІЗА падтрымлівалі і псыхолягі, і выхавацелі. У калёніі ў нас з Данатам было некалькі спатканьняў. Яму дазволілі ўбачыць бабулю і дзядулю».

Пастаянная занятасьць


Грамадзкіх інспэктараў у турмы і калёніі Беларусі ад сярэдзіны нулявых не пускаюць. Аднак, было адно выключэньне.

У 2014 годзе праваабаронца Алёна Красоўская, якая пасьля арышту свайго паплечніка і кіраўніка культурна-асьветніцкай установы «Плятформа» Андрэя Бандарэнкі ўзначаліла гэтае грамадзкае аб’яднаньне, разам з калегам, колішнім палітвязьнем Мікітам Ліхавідам атрымалі дазвол ДВП на наведаньне турэмных установаў. На пачатку 2015-га Алёна Красоўская падзялілася са «Свабодай у турмах» уражаньнямі ад наведаньня бабруйскай калёніі для хлопчыкаў.

Ад праваабаронцы

— Бачыць дзяцей у турэмнай робе зь біркамі на грудзях вельмі дзіка. Многія выглядаюць нават маладзейшымі за чатырнаццаць гадоў. Шмат хто зь іх папаўся на крадзяжы, каб купіць, напрыклад, нешта салодкае і адзначыць дзень народзінаў. Аднак большасьць кралі, каб набыць дозу.

Алена Красоўская
Алена Красоўская

Разам зь «ціхімі крадунамі», узгадвала Алёна Красоўская, сустракаліся і вельмі «крутыя малалеткі»:

— Калі размаўляеш зь імі і яны расказваюць пра свае злачынствы, у асноўным зьвязаныя з наркотыкамі, проста мову адымае. Расказваюць нават з бравадай, або не ўсьведамляючы, што ўчынілі злачынства, або хаваючы тое, што яны гэта ўсьвядомілі.

Яшчэ на пачатку 2010-х абавязковы для ўсіх выхаванцаў распарадак дня выглядаў так:

Пад’ём а 06:20. Далей ранішняя зарадка, мыцьцё. А 07:05 сьняданак. Потым заняткі або ў школе, або ў ПТВ. Школьныя заняткі доўжыліся з 8:00 да 12:40, у ПТВ — з 8:00 да 14:00. Потым выхаванцы ішлі на абед. Пасьля абеду — на працу. Працавалі шэсьць гадзін на суткі. А 22:00 быў адбой.

Шмат што засталося як і раней, за выключэньнем таго, што непаўналетнія «на промцы» ўжо не працуюць. Цяпер у майстэрнях увогуле засталося вельмі мала людзей. Хіба што самыя старэйшыя.

Занятасьць асноўнай масы выхаванцаў выглядае так: з раніцы заняткі ў сярэдняй школе, большасьць атрымлівае ў калёніі атэстат. Або навучаньне ў ПТВ. Прычым старшаклясьнікі могуць з раніцы наведваць заняткі ў школе, а потым у другой палове дня набываць прафэсійныя веды.

Што тычыцца разумовага ўзроўню дзіцячага турэмнага кантынгенту, то, паводле Алёны Красоўскай, ён самы розны. Ёсьць цэлая кляса, чалавек 25, дзе вучацца дзеці з запаволеным псыхічным разьвіцьцём. Пры гэтым учыненыя імі злачынствы могуць быць вельмі жорсткімі. Такія займаюцца паводле асобнай навучальнай праграмы.

І адначасна ёсьць вельмі таленавітыя дзеці, якія выйграюць на міжшкольных алімпіядах і паказваюць веды, ня горшыя чым у «вольных школьнікаў». Пішуць рэфэраты па рэлігіі, філязофіі, дэманструюць іншыя таленты — пішуць вершы, прозу, ствараюць музычныя гурты.

Вялікі плюс Алёна Красоўская бачыць у тым, што выхаванцы калёніі пастаянна занятыя:

— Тады яны ня маюць часу вызначаць, хто зь іх больш круты. Зь іншага боку, атрымаўшы спэцыяльнасьць, юнак на волі заўсёды мае больш шанцаў жыць нармальным жыцьцём. Пасьля ўмоўна-датэрміновага, калі спэцыяльнасьць, як кажуць, «амаль у кішэні» і застаецца толькі крыху давучыцца ў вольным ПТВ, многія, на жаль, навучаньне кідаюць.


Альтэрнатыва


Менская пэнсіянэрка Зоя М. нямала гадоў была засядальніцай у судзе. Сярод шматлікіх спраў, зьвязаных з падлеткавай злачыннасьцю, ёй асабліва запомнілася адна, аб разбоі.

Ад судзьдзі

— Хлопец быў вельмі праблемны. Аднак яму далі прысуд, ніжэйшы за найніжэйшую мяжу — умоўнае пакараньне. Бо ён пераканаў судзьдзяў сваім шчырым раскаяньнем. А потым праз шмат гадоў я сустрэла яго. Жанаты, дзеці, свая аўтамайстэрня. Спакойны, памяркоўны чалавек. Ня ўпэўненая, што ён стаў бы такім, калі б яму тады прысудзілі рэальны тэрмін.

Былая судовая засядальніца выступае за пошукі альтэрнатывы працяглым турэмным прысудам, а таксама зьняволеньню падлеткаў, калі тыя ўчынілі нязначнае парушэньне або склад іх злачынства цалкам не даказаны. Яна нічога добрага ня бачыць у тым, што ў суседняй Расеі ў сувязі з ростам жорсткіх злачынстваў сярод непаўналетніх гучаць прапановы адносна зьніжэньня ўзросту судовай адказнасьці і ўвядзеньня турэмнага пакараньня не з чатырнаццаці, як цяпер, а з дванаццаці.

— Нават калі і зьнізіць гэты крытэр і пасадзіць усіх малалетніх правапарушальнікаў за краты, гэта ня вырашыць праблему. Такія дзеці толькі стануць закладнікамі турэмнай сыстэмы і ня змогуць ужо ніколі вярнуцца да нармальнага жыцьця.

Спэцвучэльні


У 2016-м начальнік аддзяленьня Ўпраўленьня арганізацыі папраўчага працэсу Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Барыс Шульдаў выказаўся адносна плянаў пераўтварыць дзіцячую калёнію у Бабруйску ў выхаваўчы цэнтар. Кшталту тых, што дзейнічаюць сёньня ў шэрагу эўрапейскіх краін. Спачатку выхаванцы такіх цэнтраў адбываюць пакараньне на агульных умовах. Потым, за паўгода да вызваленьня, тых, хто ня меў дысцыплінарных спагнаньняў, пераводзяць на палепшанае ўтрыманьне — у жылыя памяшканьні на чатыры — шэсьць месцаў (цяпер 20-25 чалавек).

Будзе максымальна выключаная турэмная атрыбутыка. Асуджаным дадуць магчымасьць самім весьці побыт, распараджацца грашовымі сродкамі, насіць цывільную вопратку. Гэта дазволіць непаўналетнім лепш падрыхтавацца да самастойнага жыцьця на волі, лічыць Барыс Шульдаў.

Паводле адказнага чыноўніка, для таго, каб такое стала магчымым, неабходна ўнесьці зьмены ў нарматыўна-прававую базу, якая рэгулюе адбыцьцё пакараньня непаўналетнімі. Таксама ня трэба эканоміць на інвэстыцыях у такіх дзяцей.

Паралельна з традыцыйнымі ўстановамі пакараньня сыстэмы МУС у Беларусі пад патранатам Міністэрства адукацыі ды Міністэрства аховы здароўя для схільных да крыміналу дзяцей абодвух полаў у Магілёве, Петрыкаве, ды Крывічах на Мядзельшчыне існуюць адмысловыя выхаваўча-навучальныя ды лячэбна-выхаваўчыя вучэльні.

Сёньня ў такіх вучэльнях налічваецца прыкладна дзьвесьце выхаванцаў. Сярод іх шмат тых, хто рэгулярна ўжываў у грамадзкіх месцах алькаголь, наркотыкі, аднак учыняў збольшага няцяжкія злачынствы.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

У інтэрвію «Свабодзе ў турмах» юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна», у мінулым пасьпяховы адвакат Павал Сапелка выказаў меркаваньне, што адна з праблемаў такіх установаў у тым, што яны ня менш закрытыя для грамадзкага кантролю, чым установы пэнітэнцыярныя.

Ад адваката

— Нават у дзяржаўных СМІ рэдка калі знойдзеш які рэпартаж з гэткай вучэльні. Як там насамрэч з выхаваньнем, рэабілітацыяй ды сацыялізацыяй праблемных падлеткаў, меркаваць цяжка.

Усё ж умовы ўтрыманьня ў гэтых установах так ці інакш уяўляюць сабой форму пазбаўленьня волі. Падлеткі пражываюць у вучэльнях пастаянна, пакідаць іх самастойна ня маюць права. Выезд за тэрыторыю — фактычна форма заахвочваньня.

У якасьці пакараньня за нейкія правіны да іх могуць ужывацца, па сутнасьці, меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня. І фактычна зьмяшчэньне ў ізалятар, хоць гэта называецца пакоем рэадаптацыі.

Прадстаўнік дабрачыннага грамадзкага аб’яднаньня «Сьвет бязь межаў» Аляксей Ананенка, чыя арганізацыя ладзіла розныя праекты непасрэдна ў такіх вучэльнях, мае іншую думку. Ён лічыць, што гэтыя ўстановы нельга ставіць у адзін шэраг з калёніямі.


Ад сацыяльнага пэдагога


— Там асаблівы рэжым утрыманьня, асаблівыя ўмовы выхаваньня, што прапісана ў заканадаўстве. У адрозьненьне ад турмы, гэтыя дзеці могуць у суправаджэньні дарослых хадзіць у горад, удзельнічаць у мерапрыемствах, езьдзіць на экскурсіі, што з дапамогай нашай арганізацыі робіцца досыць актыўна. Мы, напрыклад, праводзім лягер, прыяжджаем з валянтэрамі. Праводзім зь дзецьмі тыдзень розныя мерапрыемствы. Адзінае, чаго яны ня могуць, гэта як дома ўзяць ды пайсьці ў краму альбо на прагулку. У іх вельмі дакладны расклад дня.

Як зазначае Аляксей Ананенка, пасьля выхаду са спэцвучэльняў, якія зьяўляюцца адукацыйнымі, падлеткі не падлягаюць назіраньню, як тыя, хто выйшаў зь месцаў зьняволеньня. Яны ў прынцыпе ня лічацца асуджанымі. Ніякіх санкцыяў адносна іх, забароны выезду з краіны няма. Калі яны атрымліваюць прафэсійную адукацыю, то могуць пасьля проста ўладкоўвацца на працу.

Аляксей Ананенка мае больш як дваццацігадовы досьвед кантактаў з выхаванцамі спэцыяльных установаў. У 1994 годзе, падчас працы над дысэртацыяй аб цяжкіх падлетках, пэўны час жыў у адной са спэцвучэльняў. Уваходзіць у камісію па справах непаўналетніх пры Савеце міністраў.

Папярэднія публікацыі

Турма, мужчына і жанчына. Жаночая зона

Турма, мужчына і жанчына. Мужчынская зона

Турма, мужчына і жанчына. Тэрыторыя зэкаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG