Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму міністар замежных спраў Эстоніі адклаў свой візыт у Беларусь


Міністар замежных спраў Эстоніі Свэн Міксэр
Міністар замежных спраў Эстоніі Свэн Міксэр

Міністар замежных спраў Эстоніі Свэн Міксэр, якога чакалі зь візытам у Менску 14 чэрвеня, адмяніў свой прыезд.

Паводле прэсавай службы замежнапалітычнага ведамства Эстоніі, візыт адкладаецца ў сувязі «са зьменамі ў плянах міністра Міксэра».

«Так склаліся абставіны», — сказалі ў амбасадзе Эстоніі ў Беларусі БелаПАН. У Таліне таксама паведамілі, што новая дата прыезду міністра ў Беларусь яшчэ не вызначаная, але візыт адбудзецца крыху пазьней.

Першы раз Міксэр зьбіраўся наведаць Беларусь яшчэ год таму

У адмене візыту ёсьць свая перадгісторыя. Свэн Міксэр упершыню зьбіраўся наведаць Беларусь з працоўным візытам яшчэ 23 траўня мінулага году. Паездка гэтая была анансаваная. І гэта стала падставай для грамадзянскіх актывістаў Эстоніі, Латвіі і Беларусі зьвярнуцца да міністра з адкрытым лістом. Яны прасілі яго «паўплываць на беларускія ўлады адносна рэпрэсіяў супраць актывістаў беларускай грамадзянскай супольнасьці». Менавіта ў той час у Беларусі ўзьніклі справы «дармаедаў» і «Белага легіёну».

Літаральна за пару дзён да пачатку таго візыту беларускі бок папрасіў эстонцаў перанесьці паездку, спаслаўшыся на вялікую загрузку ў гэты час міністра Ўладзімера Макея. У выніку візыт не адбыўся.

Праз пэўны час у Беларусь прыехала парлямэнцкая дэлегацыя з Эстоніі. І падчас неафіцыйнай размовы адзін з дэпутатаў сказаў, што ў Таліне тады моцна пакрыўдзілся на адмену візыту.

«Думаю, што наш міністар ня хутка цяпер прыедзе ў Менск», — сказаў тады эстонскі парлямэнтар.

Кантакты замежнапалітычных ведамстваў дзьвюх краін на больш нізкім узроўні ад гэтага не пацярпелі. Толькі сёлета ў Эстоніі пабывалі два намесьнікі Макея: Алег Краўчанка і Яўген Шастакоў.

Міксэр зьбіраўся рыхтаваць візыт прэм’ера

28 траўня 2018 году БелТА са спасылкай на амбасадара Беларусі ў Эстоніі Анатоля Сьцепуся паведаміла, што падчас паездкі ў Менск міністар «дэталёва разгледзіць пытаньні падрыхтоўкі візыту ў Беларусь прэм’ер-міністра Эстоніі, які, верагодна, адбудзецца ўвосень».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG