Пашырыць гандлёва-эканамічную супрацу з «унікальнай краінай» прапанаваў 15-га траўня старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімеру Андрэйчанку новы амбасадар Грузіі ў Менску Валеры Кварцхелія.
Унікальнасьць Грузіі, патлумачыў дыплямат, у тым, што яна мае зоны свабоднага гандлю з такімі рознымі партнэрамі, як Эўразьвяз, Кітай, Турцыя. А празь месяц да іх яшчэ дадасца і Ізраіль. Таму амбасадар прапанаваў стварыць у Грузіі шэраг сумесных прадпрыемстваў, прадукцыя якіх потым будзе разыходзіцца ў розныя рэгіёны сьвету. Ужо вырашана, што ў Грузіі будуць зьбіраць ліфты і трактары невялікай магутнасьці, у блізкай пэрспэктыве — супольная праца ў зборцы электробусаў.
Летась таваразварот паміж Грузіяй і Беларусьсю склаў 94 мільёны даляраў, аднак і ў Менску, і ў Тбілісі ўпэўненыя, што гэтыя лічбы можна падвоіць, тым больш што Грузія зацікаўленая ў выхадзе на прастору Эўразійскага эканамічнага саюзу празь Беларусь.
Чаго хоча Менск
У 2017 годзе Грузію наведалі 48 тысяч беларускіх турыстаў. Яна становіцца прывабнай краінай для адпачынку, і ў Менску ўпэўненыя, што колькасьць беларусаў, якія выберуць для адпачынку менавіта Грузію, будзе павялічвацца.
Тым часам патэнцыйныя турысты наракаюць на вялікія цэны на палёты паміж Менскам і Тбілісі і Батумі нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» — да 400 эўра ў два бакі. Пра гэта, у прыватнасьці, піша турыстычны партал vandrouki.by
Уладзімер Андрэйчанка перадаў амбасадару праект беларускай рэзалюцыі для Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая сёлета пройдзе ў Бэрліне. Дакумэнт тычыцца лічбавай эканомікі, зьняцьця бар’ераў на прасторах АБСЭ. Але, каб рэзалюцыю ўключылі ў парадак дня сэсіі, трэба сабраць пэўную колькасьць подпісаў парлямэнтароў.
У Менску спадзяюцца, што парлямэнтары Грузіі падтрымаюць беларускую рэзалюцыю.