Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля ўводу ў эксплюатацыю БелАЭС цана за электраэнэргію расьце насуперак абяцаньням уладаў


БелАЭС, архіўнае фота
БелАЭС, архіўнае фота

Сярэдняя цана электраэнэргіі (у разьліку за 100 кВт·г) расла на працягу ўсяго 2024 году, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Электрычнасьць (за 100 кВт·г) падаражэла на 0,8% (з 25,11 рубля ў першым квартале да 25,3 рубля ў чацьвёртым), прыродны звадкаваны газ (за адзін месяц з аднаго чалавека) за балён 50 літраў — на 1,4% (з 22,91 да 23,24), гарачае водазабесьпячэньне (з аднаго чалавека ў месяц) — на 0,1% (з 7,67 да 7,68), цана за ацяпленьне (за 1 кв.м) не зьмянілася — 0,48.

Плата за 1 літар бэнзіну і дызэльнага паліва павялічылася на 2,2% (з 2,31 да 2,36) і 2,1% (з 2,36 да 2,41) адпаведна.

Беларускія ўлады і прапаганда з моманту ідэі будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы (Горадзенская вобласьць) і ў наступныя гады запэўнівалі, што ўзьвядзеньне АЭС вельмі выгаднае для жыхароў Беларусі.

У 2018 годзе намесьнік міністра энэргетыкі Вольга Пруднікава адзначала, што «з пункту гледжаньня ўспрыманьня як рэальным сэктарам эканомікі, так і насельніцтвам тарыфы пасьля ўводу атамнай станцыі не павінны павялічыцца».

«Спэцыялісты падлічылі, наколькі зьнізіцца сабекошт выпрацоўкі электраэнэргіі ў цэлым па краіне з уводам атамнай станцыі. Цяпер вызначаецца, якім чынам будуць зьніжаныя тарыфы для рэальнага сэктара эканомікі», — заяўляў у тым жа годзе Міхаіл Міхадзюк, які займаў тады пасаду намесьніка міністра энэргетыкі (пазьней быў асуджаны да шасьці гадоў пазбаўленьня волі па карупцыйнай справе).

Сумарная выпрацоўка электраэнэргіі двума энэргаблёкамі Беларускай атамнай электрастанцыі на 26 лютага склала 39 млрд. 999,54 млн. кіляват-гадзін.

Першы блёк (сілкуе энэргасыстэму з 3 лістапада 2020 году, у прамысловую эксплуатацыю ўведзены ў чэрвені 2021-га), згэнэраваў 28 млрд. 360,08 млн. кВт·г, другі (13 траўня 2023 году; лістапад 2023-га) — 11 млрд. 639,46 млн.

«Гэта дазволіла замясьціць больш за 10 млрд куб. м прыроднага газу, значна зьнізіць валютную нагрузку на эканоміку, а таксама скараціць выкіды парніковых газаў у атмасфэру больш як на 16 млн тон.

Станцыя забясьпечвае каля 40 працэнтаў патрэбнасьцей краіны ў электраэнэргіі і ўносіць значны ўклад у забесьпячэньне энэргетычнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў сувязі з гэтым у тэлеграм-канале Міністэрства энэргетыкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG