Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 з 27 дзяржаў ЭЗ прагаласавалі за дэклярацыю ў падтрымку Украіны. Супраць быў Орбан


Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі (у цэнтры) з прэзыдэнткай Эўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен (справа) і прэзыдэнтам Эўрапейскай рады Антоніу Коста (зьлева) размаўляюць з журналістамі перад пачаткам саміту ЭЗ у Брусэлі, 6 сакавіка 2025 года.
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі (у цэнтры) з прэзыдэнткай Эўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен (справа) і прэзыдэнтам Эўрапейскай рады Антоніу Коста (зьлева) размаўляюць з журналістамі перад пачаткам саміту ЭЗ у Брусэлі, 6 сакавіка 2025 года.

Лідэры 26 з 27 дзяржаў Эўразьвязу на саміце ў Брусэлі ўхвалілі дэклярацыю пра падтрымку Украіны. Адзіным кіраўніком дзяржавы, які не прагаласаваў за гэтае рашэньне, быў прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан.

Гэта азначае, што дэклярацыя ня ўвойдзе ў афіцыйныя высновы саміту ЭЗ, але будзе зьмяшчацца ў дадатках да гэтых высноваў, «цьвёрда падтрыманых 26 дзяржавамі-чальцамі».

У дэклярацыі зьмяшчаецца падтрымка патэнцыйнага разьмяшчэньня міратворцаў ва Украіне ў межах мэханізму «Супольнай палітыкі бясьпекі і абароны» (CSDP), дзякуючы якому Эўразьвяз удзельнічае ў міратворчых апэрацыях.

«У сьвятле перамоваў адносна ўсёабдымнага, справядлівага і працяглага міру, ЭЗ і дзяржавы-чальцы гатовы далей спрыяць гарантыям бясьпекі на аснове іх адпаведных кампэтэнцый і магчымасьцей, згодна зь міжнародным правам, у прыватнасьці шляхам вывучаньня магчымага выкарыстаньня інструмэнтаў агульнай палітыкі бясьпекі і абароны (CSDP)», — гаворыцца ў дакумэнце.

26 з 27 чальцоў Эўрапейскай рады пацьвердзілі сваю пастаянную і непахісную падтрымку незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах.

Улічваючы «новы імпульс для перамоваў», якія павінны прывесьці да ўсёабдымнага, справядлівага і трывалага міру, 26 з 27 чальцоў ЭЗ падкрэсьлілі важнасьць спыненьня агню, якое можа адбыцца толькі «як частка працэсу, які вядзе да ўсёабдымнага мірнага пагадненьня, міру, які павінен грунтавацца на павазе да незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны».

Украіна гатовая мірна рабіць неабходныя крокі і прапаноўваць, якімі яны павінны быць, заявіў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі на пасяджэньні Эўрапейскай рады 6 сакавіка.

Ён папрасіў партнэраў падтрымаць Украіну і тых эўрапейскіх лідараў, якія дапамагаюць пракладваць шлях да міру.

«Цяпер мы бачым некалькі крокаў. Усе павінны зрабіць так, каб Расея, як адзіная крыніца гэтай вайны, прызнала неабходнасьць яе спыненьня. Гэта можа быць пацьверджана двума відамі цішыні, якія лёгка ўсталяваць і кантраляваць, а менавіта: адсутнасьць нападаў на энэргетычную і іншую грамадзянскую інфраструктуру, гэта значыць спыненьне агню па выкарыстаньні ракет, бомбаў і бесьпілётнікаў далёкага дзеяньня, і другое — спыненьне агню на вадзе, гэта значыць спыненьне ваенных дзеяньняў у Чорным моры», — сказаў Зяленскі.

Зяленскі падзякаваў Эўропе за рашучасьць дапамагчы Ўкраіне ў абароне, але папярэдзіў, што Расея «не зьмяншае інвэстыцыі ў сьмерць, нарошчвае сваю армію і ўвесь час спрабуе абысьці санкцыі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG