«Украінская і амэрыканская каманды аднавілі працу, і мы спадзяемся, што на наступным тыдні ў нас будзе зьмястоўная сустрэча», — напісаў Зяленскі ў сацсетцы X без удакладненьня дэталяў.
Журналістка Fox News Джэкі Хайнрых сьцьвярджае, што перамовы пачнуцца ў аўторак, 11 сакавіка, у Эр-Рыядзе. Журналіст Axios Барак Равід піша пра сераду.
Спэцпасланьнік амэрыканскага прэзыдэнта па Украіне і Расеі Кіт Келаг, выступаючы ў Радзе па міжнародных адносінах, заявіў, што Трамп імкнецца спыніць гвалт, а не прадставіць украінскую вайну як перамогу аднаго боку над іншым, што ўцягнула б ЗША ў бясконцую проксі-вайну з Расеяй. Паводле яго слоў, тое, што адбылося ў Авальным кабінэце падчас сустрэчы Трампа і Зяленскага стала вынікам адрозьненьняў у падыходах і мэтах двух бакоў.
Прыпыненьне дапамогі Украіне ў сфэры бясьпекі і выведкі, адзначыў ён, зьяўляецца вынікам дзеяньняў Украіны, а ЗША такім чынам спрабуюць падштурхнуць улады краіны да перамоваў. Ён падкрэсьліў, што дапамога знаходзіцца на паўзе, але гэта не канец, і спачатку трэба падпісаць пагадненьне.
Форум