Гомельская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў запрасіла гісторыка і пісьменьніка Сяргея Балахонава, каб лякалізаваць адрасы, згаданыя ў рамане Ільлі Эрэнбурга «Бурлівае жыцьцё Лазіка Ройтшванеца». Паводле літаратуразнаўцы, турыстычны Гомель з Лазікам Ройтшванецам мог бы выглядаць нашмат цікавейшым.
Хто такі Лазік Ройтшванец
Лазік Ройтшванец — літаратурны пэрсанаж, герой рамана Ільлі Эрэнбурга «Бурлівае жыцьцё Лазіка Ройтшванеца». Эрэнбург напісаў яго ў 1927 годзе ў Парыжы, падчас эміграцыі. Незадоўга да ад’езду за мяжу пісьменьнік наведваў Гомель, чытаў лекцыі аб пэрспэктывах «сусьветнай рэвалюцыі», гасьцяваў у псыхоляга і выдаўца Льва Выгоцкага.
Вынікам і стаўся раман пра бурлівае жыцьцё Ройтшванеца, габрэйскага «мужчынскага краўца з самага звычайнага Гомля», як прадстаўляе яго чытачу сам аўтар.
То быў час новай эканамічнай палітыкі саветаў, калі ўводзілася прыватнае прадпрымальніцтва, адраджаліся рынкавыя адносіны. Лазік імкнуўся патрапіць і ў дзелавую, і ў палітычную плыні таго часу. Ён прачытаў усю «Азбуку камунізму», ведаў напамяць песьні вядомага пралетарскага барда Шуркі Бяздомнага, хадзіў на заняткі палітасьветы, не мінаў клюбу саматужнікаў-аднаасобнікаў «Чырвоны прарыў».
Зьдзек з правадыра гомельскага пралетарыяту
Экскурсію Сяргей Балахонаў распачаў з вуліцы Ліпавай (цяпер Пушкіна), дзе месьціцца будынак былой эпархіяльнай вучэльні. Цяпер гэта адзін з карпусоў мэдыцынскага ўнівэрсытэту. Па сутнасьці, сюжэт раман Ільлі Эрэнбурга і пачынаецца з гэтага месца.
Лазік прачытаў прыклееную на сьцяне вучэльні абвестку пра нечаканы спачын ад завароту кішак «выпрабаванага правадыра гомельскага пралетарыяту таварыша Шмурыгіна». І меў неасьцярожнасьць цяжка, з надрывам уздыхнуць. Грамадзянка Матыльда Пуке пачула гэты незвычайны ўздых і данесла каму трэба: Лазік «зьдзекаваўся зь сьветлай памяці таварыша Шмурыгіна».
На допыт Лазіка выклікаў сьледчы Кугель. Балахонаў мяркуе, што допыт мог весьціся ў будынку міліцыі на вуліцы Баярскай (цяпер вуліца Баўмана), дзе габрэйскага краўца вызначылі як «гнілы прадукт клерыкальнага лягчаньня асобы», але пад суд аддалі за «абразу сьцяга і герба».
Балахонаў параўноўвае Лазіка Ройтшванеца з купалаўскім Мікітам Зноскам з п’есы «Тутэйшыя» — ён такі ж прыстасаванец, цярпіць за ўласны язык, ня можа выказацца проста, а выдае на кожнае пытаньне вялікую тыраду з слоў і вобразаў. І каб ня гэтыя акалічнасьці, Лазіка маглі б бачыць у Маскве «на самым раскошным пасту».
Сеў «Камуніст» ці не?
У рамане не падаецца дакладна месца жыхарства Лазіка. Гэта магла быць «Амэрыка» — цяперашні раён Цэнтральнага рынку і вуліцы Рэчыцкай — альбо «Каўказ», дзе сёньня знаходзяцца вуліцы Карла Маркса і Арцёма.
Ня вызначаны і клуб саматужнікаў-адзіночак «Чырвоны прарыў», які наведваў Лазік і дзе сьпявала ягоная сымпатыя, дачка кантара Фенечка Гершановіч.
Затое згадваецца высокі бераг Сожа над Кіеўскім спускам, адкуль гомельцы назіралі за ракою і гадалі, сеў «Камуніст» ці не. За такія разважаньні можна было й апынуцца за кратамі, бо двукосьсе ў гутарковай мове не перадаецца, а «Камуніст» — гэта звычайны параход, якія хадзіў з Гомля ў Кіеў і часам натыкаўся на мель.
«Прыгажэйшы за ўсе пэндзлікі Рафаэля»
Гомельскі парк і палац Румянцавых — Паскевічаў Лазік, падарожнічаючы па сьвету, згадваў як «шык», бо «адзін парк у Гомлі прыгажэйшы за ўсе пэндзлікі Рафаэля». Згадваў і пра незвычайныя драўляныя альтанкі, якія, на жаль, тут не захаваліся.
Так ці не, але Лазік казаў і пра жывога воўка, якога трымалі ў парку на ланцугу. Ён сваім жахлівым выцьцём палохаў «наіўную дзятву». Сяргей Балахонаў мяркуе, што расповеды пра воўка маглі быць гарадзкім фальклёрам, які падтрымліваўся гараджанамі, каб дзеці лішні раз ня лазілі па парку. Тут яны маглі трапіць у ліўнёўку ці сустрэцца зь непажаданымі асобамі, якія ў часы НЭПу бадзяліся ў парку ў цёмны час сутак.
Згадвае Лазік і пра музэй з адным-адзінюткім ягоным экспанатам: «А ў музэі вісіць галяндзкая рыба — дай Бог такую кожнаму габрэю к субоце».
Гомельскі кравец, каб не застацца галодным падчас сваіх вандровак, расказваў часам, што ў Гомлі яго шанавалі, як Пушкіна. Хваліўся нават, што калі-кольвечы ў горадзе над Сожам яму паставяць «прыгожанькі помнік».
«Насамрэч мы бачым у парку помнік Мікалаю Румянцаву, а вось помніка Лазіку Ройтшванецу няма», — канстатуе гісторык Балахонаў. — Праўда, пры вакзале стаіць скульптура Вячаслава Далгова «Чамаданны настрой». Гэты ж вобраз адлюстраваны на афішы спэктаклю Гомельскага лялечнага тэатру па матывах раману «Бурлівае жыцьцё Лазіка Ройтшванеца».
«Трамвай на квадратных колах»
Занатаваная ў рамане й галоўная плошча гораду — Базарная (Леніна), дзе месьціліся гандлёвыя рады, пажарнае дэпо зь вежаю, касьцёл.
У сувязі з цэнтральнай плошчай Эрэнбург згадвае і праект будаўніцтва ў Гомлі трамвайнага шляху, які быў распрацаваны і прыняты гарадзкой Думай яшчэ да рэвалюцыі, але так ніколі і не ўвасоблены.
«Зьдзеклівы выраз „гомельскі трамвай на квадратных колах“, — зазначае Балахонаў, — бытаваў яшчэ нават у 90-я гады мінулага стагодзьдзя.
А будынкам колішняй гарадзкой Думы пачынаецца вуліца Савецкая, якая раней называлася Румянцаўскай».
Культурны трохкутнік з «нахабнымі клапамі»
Яшчэ адзін адрас, зь якім пазнаёміліся ўдзельнікі экскурсіі «Шляхамі Лазіка Ройтшванеца» — гэта трохкутнік, абмежаваны вуліцамі Савецкай, Камунараў, Працоўнай, раней адпаведна Румянцаўскай, Мясьніцкай і Базарнай.
Вандруючы ў Польшчы, Лазік цікавіўся ў паляка, у якім гатэлі той спыняўся ў Гомлі. Сам Лазік пры гэтым згадвае 1-ы Камунальны гатэль. Хоць там і «нахабныя клапы», затое з балькона яго можна глядзець на знаёмых мінакоў. Гатэль мог месьціцца ў адным з даходных дамоў на Мясьніцкай.
Згадваецца і першы гарадзкі кінатэатар, які ў свой час месьціўся ў гатэлі «Савой». Ён стаяў на месцы цяперашніх старога ўнівэрмагу й кінатэатру імя Калініна, ацалелай часткі гатэлю. Акурат недзе тут крыклівы сябра Лазіка, цырульнік Лёўка, ня мог спакойна глядзець ні фільмы, ні перашэптваньні параў пра пікантны працяг вечару. На настойлівыя заляцаньні мужчын да маладых дзяўчат Лёўка гучна рэагаваў: «Я б цябе бобрыкам падстрыг!»
Прыгадваў Эрэнбург і гомельскіх фатографаў, характарызуючы іх ня надта прыязна. Адна з фотамайстэрняў існавала ў той час побач з шыкоўным гатэлем.
Дарэчы, у 1920-я гады, яшчэ да наведваньня Гомля Эрэнбургам, гатэль «Савой» быў цэнтрам паўстаньня салдат Заходняга фронту супраць бальшавіцкіх камунараў, бо тыя не выконвалі адзін з асноўных дэкляраваных лёзунгаў: «Зямля — сялянам!».
У шэрагу са Швэйкам
Пісьменьнік Сяргей Балахонаў кажа, што Лазік Ройтшванец Ільлі Эрэнбурга лёгка можа канкураваць з салдатам Швэйкам Яраслава Гашэка. Нездарма эўрапейцы называлі Лазіка «габрэйскім Швэйкам». Шкада толькі, што напісаны ў Парыжы раман «Бурлівае жыцьцё Лазіка Ройтшванеца» дайшоў да савецкага чытача праз шэсьць дзесяцігодзьдзяў, у канцы гарбачоўскай перабудовы, калі чытацкі інтарэс да літаратуры прыкметна зьнізіўся. Іначай турыстычны Гомель з Лазікам Ройтшванецам мог бы выглядаць нашмат цікавейшым.