Як найменш 25 чалавек загінулі і яшчэ 45 атрымалі раненьні падчас нападу, адказнасьць за які ўзяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава». Цэнтар аўганскіх журналістаў заявіў, што загінулі дзевяць супрацоўнікаў СМІ, што стала самым гучным нападам на журналістаў у Аўганістане пасьля падзеньня рэжыму талібаў у 2001 годзе. Сярод іх — два журналісты і адна практыкантка Радыё Свабода.
Карэспандэнт Абадула Хананзай і відэа-прадусар Аўганскай рэдакцыі Радыё Свабода Сабавун Какар былі сярод некалькіх журналістаў, якія загінулі падчас другога выбуху ў Кабуле 30 красавіка. Журналісты якраз паведамлялі аб першым нападзе, які адбыўся за 20 хвілін да таго, як яшчэ адзін сьмяротнік, замаскаваны пад карэспандэнта, падышоў да іх і падарваў бомбу.
Загінула і Маграм Дурані, 28-гадовая студэнтка, якая праходзіла практыку перад тым, як пачаць працу журналістам у кабульскім бюро Радыё Свабода.
Абадула Хананзай
Журналіст Аўганскай рэдакцыі Радыё Свабода Абадула Хананзай быў шакаваны 25 красавіка, калі даведаўся, што яго калегу застрэлілі ў Кандагары.
«Забойства майго былога калегі з Kabul News, выдатнага журналіста, Абдула Манана Аргханда мяне вельмі моцна ўзрушыла, — пісаў Хананзай па-пуштунску на сваёй старонцы ў Facebook. — Цяпер ён пакутнік за свабоду слова».
Гэта быў апошні публічны допіс Хананзая.
Хананзай быў відэажурналістам, які працаваў ад кастрычніка 2016 над праектам, скіраваным супраць перавозкі наркотыкаў, «Караван атруты».
Выпускніку Кабульского унівэрсытэту Хананзаю было 26 гадоў, ён рыхтаваўся да першай гадавіны свайго вясельля 8 траўня.
Раней ён працаваў у Kabul News і для Zhwandoon TV, а таксама ў Цэнтры адукацыі і культуры для аўганскіх жанчын.
Яго апошнія матэрыялы для Радыё Свабода былі сканцэнтраваны на сацыяльных і эканамічных наступствах наркаманіі ў Аўганістане, а таксама на намаганьнях Міністэрства ўнутраных спраў па барацьбе зь міжнароднай гандлем наркотыкамі па-за Аўганістанам.
Адной з апошніх публікацый Хананзая ў сацыяльных сетках было паведамленьне на ангельскай мове ад 19 красавіка з фатаграфіяй ля кабульскага бюро, зробленай неўзабаве пасьля моцнай залевы.
«Адчуваю сябе фантастычна, мне ўтульна пад дажджом», — падпісаўся ён пад фота.
Сабавун Какар
Какар быў адным зь першых журналістаў, якія прыбылі на месца падзеяў пасьля першага выбуху ў Кабуле раніцай 30 красавіка.
Потым адбыўся другі выбух, пасьля якога журналіст быў паранены і пасьля памёр у шпіталі.
За апошнія пяць гадоў Какар быў ключавым членам відэакаманды Аўганскай службы Радыё Свабода. Яго працы ўключалі ў сябе матэрыялы аб сацыяльных праблемах у Аўганістане, а таксама навіны аб контартэрарыстычнай апэрацыі і праблемах бясьпекі.
Апошні відэарэпартаж Какара выйшаў у эфір 29 красавіка. Гэта быў сюжэт пра ўзброеную сутычку паміж аўганскімі сіламі бясьпекі і Талібану, які ён рыхтаваў разам зь іншымі рэпарцёрамі Радыё Свабода ў паўночнай аўганскай правінцыі Баглан.
«Ён часта паведамляў пра наступствы выбухаў і іншых небясьпечных падзеяў, — распавядае Кадзіра Хабіба, галоўны рэдактар Аўганскай службы Радыё Свабода. — Ён быў адважным чалавекам, які ніколі не баяўся расказваць небясьпечныя гісторыі».
На сваёй старонцы ў Facebook Какар пісаў, што, нягледзячы на выбухі, зладжаныя каб сарваць рэгістрацыю выбаршчыкаў у Кабуле, ён усё роўна зарэгістраваўся і плянаваў прагаласаваць на парлямэнцкіх выбарах у Аўганістане 20 кастрычніка.
30-гадовы Какар, ураджэнец Кабулу, загінуў за дзень да свайго пятага юбілею ў якасьці журналіста Радыё Свабода. У яго засталася жонка і двухгадовы сын.
Маграм Дурані
Маграм Дурані была студэнткай трэцяга курсу факультэту ісламскага права ў кабульскім унівэрсытэце. Яна толькі пачынала сваю кар’еру журналісткі.
Дурані праходзіла практыку, каб пачаць працу ў штотыднёвай жаночай праграме Радыё Свабодны Аўганістан. Яе першым працоўным днём павінна было стаць 15 траўня.
Раней яна працавала на аўганскім музычным онлайн-канале Radio Salam Watandar.
«Калі я пачала працаваць у СМІ, адзін з маіх першых начальнікаў спытаў мяне, чаму я вывучала ісламскае права, але працавала ў СМІ, — распавядала Дурані. — Ён сказаў, што гэта не зьвязаныя прадметы. Але я сказала: «Не, гэта ня так. Гэта вельмі моцна зьвязана, паколькі СМІ могуць забясьпечваць інфармацыяй усіх людзей».