Злучаныя Штаты рыхтуюць новыя абмежаваньні супраць Расеі за падтрымку рэжыму Башара Асада ў Сырыі, паведамляе газэта «Коммерсант».
Як стала вядома журналістам, амбасадар ЗША Джон Гантсман накіраваў адпаведны ліст у расейскае Міністэрства замежным спраў. Вашынгтон зноў падкрэсьліў, што лічыць сырыйскія ўлады вінаватымі ва ўжываньні хімічнай зброі і забойстве мірных жыхароў, а міжнародная супольнасьць абавязаная яго спыніць.
«Санкцыі супраць Расеі на падыходзе. Міністар [фінансаў Стывэн] Мнучын абвесьціць пра іх у панядзелак, калі ён яшчэ гэтага не зрабіў, і яны будуць накіраваныя на ўсе кампаніі, якія працавалі з тэхнічным абсталяваньнем, якія мелі дачыненьне да Асада і прымяненьня хімічнай зброі», — заявіла пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Нікі Гэйлі ў эфіры каналу CBS News.
Раней аб будучым пашырэньні санкцый супраць Расеі распавёў экспэрт Atlantic Council, былы дарадца санкцыйнага бюро Міністэрства фінансаў ЗША Браян О`Тул — пра гэта ён даведаўся з матэрыялаў для брыфінгу ў Белым доме, падрыхтаваных для прэсы.
Раней на экстраным пасяджэньні Рады бясьпекі ААН сталы прадстаўнік Вашынгтону ў ААН Нікі Гэйлі казала, што «пакуль Расея выкарыстоўвала права вэта, Асад выкарыстоўваў зарын».
Напярэдадні ЗША, Вялікабрытанія і Францыя 14 красавіка нанесьлі ракетна-бомбавы ўдар па Сырыі. Былі зьнішчаныя аб’екты, якія выкарыстоўваліся, паводле дадзеных Пэнтагону, для вытворчасьці і захоўваньня хімічнай зброі. Краіны Захаду абвінавацілі рэжым Асада ва ўжываньні хімічнай зброі 7 красавіка ў горадзе Дума блізу Дамаску. Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, у меркаванай атацы загінулі прынамсі 70 чалавек і прынамсі 500 пацярпелі. У Расеі назвалі сьведчаньні аб атацы падробкай і пастаноўкай.