Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства патлумачыла, чаму ў кастрычніку для «дармаедаў» вырасла кватэрная плата


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі зьмянілі парадак разьліку за жыльлёва-камунальныя паслугі (ЖКГ) для «не занятых у эканоміцы» людзей, якіх у прапагандзе называюць «дармаедамі».

Сваякі так званых «дармаедаў» пацярпелі ад імкненьня дзяржавы да «сацыяльнай справядлівасьці» ў аплаце паслуг ЖКГ.

Многія беларусы атрымалі квітанцыі за паслугі ЖКГ за кастрычнік 2025 году з значна большымі сумамі.

Улады спасылаюцца на пастанову ўраду № 465 ад 27 жніўня 2025 году «Аб разьліках у сфэры жыльлёва-камунальнай гаспадаркі».

Міністэрства камунальнай гаспадаркі пазьней выпусьціла тлумачэньне пастановы ўраду ў сувязі з шматлікімі зваротамі грамадзян.

«Пастановай Савета Міністраў ад 27 жніўня № 465 у мэтах вызначэньня дадатковых захадаў для залучэньня грамадзян, не занятых у эканоміцы, у працоўную дзейнасьць, зьмененыя падыходы да налічэньня платы за забесьпячэньне ў адносінах да належных ім або займаных імі жылых памяшканьняў», — піша міністэрства.

Ключавая зьмена — у разьліку платы за забесьпячэньне цяплом, гарачай вадой і газам. Да 1 кастрычніка дзейнічаў такі падыход: калі грамадзянін, не заняты ў эканоміцы, быў зарэгістраваны ў сваёй кватэры і жыў там не адзін, то павышаныя тарыфы датычылі толькі ягонай долі ў агульным аб’ёме паслугаў.

Пасьля 1 кастрычніка, калі ўласьнік жыльля ўключаны ў сьпіс «не занятых у эканоміцы», то «эканамічна абгрунтаваныя» тарыфы стасуюцца ўсёй плошчы ўсіх належных яму кватэраў і ўсяго абʼёму спажываных паслуг, нават калі астатнія жыхары працуюць у эканоміцы Беларусі і плоцяць падаткі.

«Ільготная частка, якая раней разьмяркоўвалася паміж жыхарамі, зараз выключаная», — паведаміла міністэрства.

«Асноўная мэта навацыяў — стварэньне больш справядлівай сыстэмы разьмеркаваньня нагрузкі ў жыльлёва-камунальнай сфэры. Дзяржаўныя субсыдыі на камунальныя паслугі закліканыя падтрымліваць у першую чаргу тых грамадзян, якія сваёй працай удзельнічаюць у разьвіцьці эканомікі краіны», — абгрунтоўвае рашэньне ўраду міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

Падвышаная плата за жыльлёва-камунальныя паслугі будзе прымяняцца да ўсёй плошчы кватэры, якая належыць не занятаму ў эканоміцы, а не прапарцыйна колькасьці жыхароў.

Улады ўжо 10 гадоў вядуць барацьбу з «сацыяльным утрыманствам». Спачатку гэта быў так званы «дармаедзкі падатак», цяпер — падвышаная плата за камунальныя паслугі плюс пагрозы ад міліцыі. Сам дэкрэт пра «сацыяльнае ўтрыманства» Лукашэнка ня раз карэктаваў, робячы яго яшчэ стражэйшым.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG