У Гомельскім абласным судзе вынесьлі чарговы прысуд па гучнай «справе Гаюна»
Як піша «Вясна», жыхара Мазыра Івана Качайлу асудзілі да чатырох гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія»). Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
У 2023 годзе паводле адміністрацыйнай справы аб «распаўсюдзе экстрэмізму» рэпрэсавалі ягонага сына, студэнта Гомельскага мэдычнага ўнівэрсытэту Максіма Качайлу — ён нібыта ў сацсетцы зьмясьціў лягатып каналу, які ўлады абвясьцілі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Праваабаронцы мяркуюць, што Івана Качайлу асудзілі ў рамках крымінальнай справы аб працы маніторынгавага каналу «Беларускі гаюн». «Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 122 пацьверджаных фігурантаў «справы Гаюну», якіх зьмясьцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых можа быць большай. Затрыманьні адбываюцца па ўсёй Беларусі.