Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група кангрэсмэнаў зьвярнулася да Марка Рубіё ў справе вызваленьня беларускіх палітвязьняў


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Стыў Коэн, адзін з аўтараў звароту
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Стыў Коэн, адзін з аўтараў звароту

Сярод іншага, аўтары звароту выказаліся ў падтрымку Стратэгічнага дыялёгу паміж Злучанымі Штатамі Амэрыкі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Увесьці «дакладныя мэханізмы праверкі таго, ці вызваленьні [беларускіх палітвязьняў] адбываюцца сапраўды і працягваюцца», разгледзець «магчымасьць неадкладнага аднаўленьня санкцыяў» для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі «ў выпадку новых арыштаў з палітычных матываў» заклікала адміністрацыю прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа міжпартыйная група амэрыканскіх парлямэнтароў.

Сэнатар-рэспубліканец Джон Кэртыс, сэнатар-дэмакрат Пітэр Ўэлч і дэмакраты — чальцы Палаты прадстаўнікоў Стыў Коэн і Джо Ўілсан накіравалі ліст дзяржаўнаму сакратару ЗША Марка Рубіё. 17 лістапада Уэлч апублікаваў на сваім сайце тэкст гэтага звароту.

«Перамовы з рэжымам Лукашэнкі непазьбежна спрыяюць яго імкненьню да легітымнасьці ў вачах міжнароднай супольнасьці, — гаворыцца ў лісьце. — Паколькі адміністрацыя працягвае ўзаемадзейнічаць з гэтым нелегітымным рэжымам, мы заклікаем да асьцярожнасьці, каб любы прагрэс у вызваленьні палітычных зьняволеных ня быў падарваны захаваньнем практыкі адвольных затрыманьняў».

«Нельга дапускаць, каб практыка рэжыму, калі вызваляюць некаторых зьняволеных, адначасова затрымліваючы новых апазыцыянэраў, журналістаў і праваабаронцаў, працягвалася бескантрольна», — падкрэсьлілі аўтары звароту.

Адначасова, як пазначана ў лісьце, Беларусь «працягвае спрыяць незаконнай агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны, у тым ліку даючы магчымасьць нанясеньня ўдараў дронамі зь яе тэрыторыі і падтрымліваючы гібрыдныя ваенныя тактыкі, такія як арганізацыя нелегальнай міграцыі ў Эўразьвяз».

«Гэтыя дзеяньні ня толькі спрыяюць працягу рэпрэсіяў у краіне, але і наўпрост падрываюць інтарэсы ЗША і трансатлянтычную бясьпеку ў рэгіёне ў цэлым, — канстатавалі парлямэнтары. — Хоць мы прызнаем значныя дасягненьні адміністрацыі на гэты момант, гэтыя дзеяньні сьведчаць пра неабходнасьць пастаяннай пільнасьці і выстаўленьня ўмоваў пры любых далейшых узаемадзеяньнях з рэжымам Лукашэнкі».

Аўтары звароту заклікалі адміністрацыю «каардынаваць свае дзеяньні зь беларускім дэмакратычным лідэрам Сьвятланай Ціханоўскай і беларускім дэмакратычным рухам, у тым ліку ў рамках Стратэгічнага дыялёгу паміж Злучанымі Штатамі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі».

Сябры Кангрэсу ЗША таксама абнародавалі сьпіс палітзьняволеных, вызваленьню якіх, на іх думку, трэба надаць прыярытэтную ўвагу на будучых перамовах.

«Усе абвінавачаньні з вызваленых палітвязьняў павінны быць зьнятыя. Іх не павінны прымушаць да выгнаньня, што ёсьць парушэньнем міжнароднага права», — пазначылі сваю пазыцыю аўтары ліста.

«Мы таксама заклікаем Дзяржаўны дэпартамэнт надаць прыярытэтную ўвагу вызваленьню асобаў, якія маюць патрэбу ў тэрміновай мэдычнай дапамозе, уключаных у так званы „гуманітарны сьпіс“, складзены беларускімі праваабарончымі арганізацыямі», — гаворыцца ў звароце.

Сярод іншых кангрэсмэны згадваюць зьняволенага ўдзельніка выбараў 2020 году Віктара Бабарыку, Алеся Бяляцкага, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру і старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна», праваабаронцаў Марфу Рабкову, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча, Насту Лойку, журналіста Дзяніса Івашына і Кацярыну Андрэеву, якія знаходзяцца ў турме за напісаньне артыкулаў з крытыкай ураду.

9 лістапада прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што намінаваў 78-гадовага Джона Коўла на пасаду спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША па Беларусі.

У 2025 годзе Коўл удзельнічаў у вызваленьні (з далейшым вывазам у Літву) дзьвюх групаў беларускіх палітвязьняў, а таксама замежных грамадзян без гэтага статусу: 21 чэрвеня — 14 чалавек, 11 верасьня — 51 чалавека.

14 кастрычніка на нарадзе ў пытаньнях «глябальнай міжнароднай абстаноўкі і разьвіцьцю беларуска-амэрыканскіх адносінаў» Лукашэнка заявіў аб гатоўнасьці да «вялікай угоды» з ЗША.

11 верасьня і 4 лістапада ЗША ў два этапы зьнялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія», у тым ліку з трох самалётаў, якія могуць мець дачыненьне да Лукашэнкі і кампаніі «Славкалий», якая раней актыўна працавала на тэрыторыі Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG