Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеткі-кветкі з роднаю мовай на вуснах. Навінкі выдавецтва «Галіяфы»


У чарговым кніжным аглядзе Свабоды сёньня — пра навінкі дзіцячай літаратуры выдавецтва «Галіяфы».

Ганна Галавіна. «Летняя азбука». Вершы

Хто нясе вясну на крылах? — Бусел.
Якая ягадка першай чырванее ўлетку? — Сунічка.
Хто лепей за ўсіх скача па дрэвах? — Вавёрка.

Гэтыя простыя адказы далёка ня ўсім беларускім дзецям здаюцца простымі. І першыя словы на вусны малых бацькі часьцей за ўсё бяруць ня з роднае мовы. І не таму, што ня хочуць, але пераважна таму, што і самі ня ведаюць. Ужо вырасла, на жаль, цэлае пакаленьне беларускіх бацькоў, якім ні школа, ні грамадзтва не заклалі ведаў мовы тытульнай нацыі сваёй краіны. Гэтую праблему моцна ўсьведамляюць тыя, чыёй прафэсіяй і штодзённым працоўным інструмэнтам ёсьць беларуская мова, — пісьменьнікі. Асабліва калі самі становяцца бацькамі, як у выпадку з маладой паэткай Ганнай Галавіной, якая, стаўшы мамай, убачыла, як мала дзіцячых беларускіх кніжак на паліцах беларускіх кнігарняў. Яе «Летняя азбука» якраз і стала добрым дапаможнікам маладым беларускім бацькам.

Кнiга адрасаваная дзеткам дашкольнага i малодшага школьнага ўзросту. Яна дапамагае вывучыць лiтары беларускага альфабэту, а таксама назвы садавiны, гароднiны i кветак. Невялiкiя вершы лёгка запамiнаюцца. Дарослыя могуць iх чытаць маленькiм у дарозе, перад сном, падчас сьняданку на сьвежым паветры... Ды ці мала дзе яшчэ можна пачытаць цікавую і карысную кнігу.

Вольга Гапеева. «Дзьве авечкі». Вершаваныя гісторыі

Паэтка Вольга Гапеева шмат падарожнічае па сьвеце і мае магчымасьць параўнаць сытуацыю зь дзіцячай літаратурай у сябе на радзіме зь іншымі краінамі. Напрыклад, у прыблізна аднолькавай па колькасьці насельніцтва Швэцыі штогод выдаецца каля дзьвюх тысячаў кніг для маленькіх чытачоў на роднай мове. У Беларусі ж іх у сотні разоў менш. І гэта адна з найважнейшых прычынаў, чаму спадарыня Вольга так актыўная цяпер у творчасьці для дзяцей.

Нядаўна выдадзеныя «Дзьве авечкі» Гапеевай — гэта паэма для дзяцей і дарослых, якія не перасталі ўспрымаць сьвет дзіцячымі вачыма. Аўтарка распавядае тры гісторыі, галоўнымі гераінямі якіх зьяўляюцца дзьве авечкі. Разам зь імі ў чытачоў ёсьць шанцы для захапляльных падарожжаў і новых сяброў. Выдатныя ілюстрацыі Марты Герашчанкі дапамагаюць стварыць чароўную атмасфэру казачнага сьвету. У якасьці дадатку ў кніжку ўключаны ілюстрацыйны слоўнік, які можа выкарыстоўвацца як лемантар.

Гапеева Вольга. «(В)ядомыя гісторыі»

Спачуваеце памідору? Не давяраеце макароніне? Думаеце, што ваш кубак — будыст? Гісторыі, створаныя аўтаркай, правакуюць на неадназначныя адказы. Героі жывуць там, дзе абсурд сустракаецца з рэальнасьцю, несупынна нараджаючы думку — такую ж зграбную, як і зыбкую.

Гэтая кніга Вольгі Гапеевай — чытанка для тых, хто ўжо мае першапачатковыя веды роднае мовы і любіць смакаваць словы, задумвацца над будзённым і ўдзяляць увагу дэталям.

Першыя накіды для гэтай кнігі выйшлі ў электронным выглядзе, аднак тэма настолькі паглынула аўтарку, што яна вырашыла працягваць і далей. Вынік — 31 гісторыя пад адной вокладкай.

А пару гадоў таму паэтка выдала яшчэ адну дзіцячую кнігу — «Сумны суп», вельмі прыхільна сустрэтую юнымі чытачамі.

Дарослым жа беларуская паэтка, пісьменьніца, мысьлярка, перакладчыца, лінгвістка (кандыдат навук, дацэнт) вядомая па кнігах «Граматыка сьнегу» (найлепшая кніга паэзіі-2017 па вэрсіі экспэртаў Радыё Свабода), «Няголены ранак», «Прысак і пожня». Творы Вольгі Гапеевай перакладзеныя на больш як 10 моваў сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG