Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьце ў Менску на #БНР100 ад плошчы Якуба Коласа да опэрнага тэатру забаранілі


Ілюстрацыйнае фота. Шэсьце на Дзень Волі ў 2016 годзе
Ілюстрацыйнае фота. Шэсьце на Дзень Волі ў 2016 годзе

Сяргей Спарыш, Валянцін Троцкі і Ігар Краўчанка, заяўнікі шэсьця 25 сакавіка ад менскай плошчы Якуба Коласа да Опэрнага тэатру паведамілі, што атрымалі адмову ад Менгарвыканкаму.

Заяўнікаў выклікалі сёньня на 15.00 у Менгарвыканкам і там абвясьцілі рашэньне адмовіць у правядзеньні шэсьця.

Таксама заяўнікі папярэджаныя пракурорам пра адказнасьць, калі насуперак рашэньню Менгравыканкаму шэсьце ўсё ж адбудзецца.

Тым не меней заяўнікі па выхадзе з гарвыканкама заявілі Свабодзе, што зьбіраюцца праводзіць шэсьце 25 сакавіка і без дазволу. У менскі гарвыканкам яны хочуць перадаць ліст з папярэджаньнем, падпісаны Міколам Статкевічам, аб тым, што ўдзельнікі акцыі будуць зьбірацца на плошчы Якуба Коласа і ісьці да месца дазволенага мітынгу ля опэрнага тэатру.

Сяргей Спарыш прадстаўляе незарэгістраваную партыю «Народная грамада», якую ўзначальвае Мікалай Статкевіч. Разам зь Сяргеем Спарышам заяўку на правядзеньне шэсьця падавалі прадстаўнік руху салідарнасьці «Разам» Валянцін Троцкі і Ігар Краўчанка ад руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць» на чале з Уладзімерам Някляевым.

Заяўнікі прасілі гарвыканкам Менску дазволу на шэсьце ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Парыскай камуны ад 12.00 25 сакавіка. Шэсьце было названае «Марш годнасьці і волі». Меркаваная колькасьць удзельнікаў, пазначаная ў заяўцы, 950 чалавек.

Улады забаранілі і шэсьце ад парку Купалы да Опэрнага

Сёньня ж менскія ўлады адказалі адмовай іншай групе заяўнікаў, якія прасілі правесьці 25 сакавіка ў Менску ня толькі мітынг-канцэрт на «Сьвята незалежнасьці», але і невялікае шэсьце да яго — ад парку Янкі Купалы, што насупраць цырку, да пляцоўкі канцэрту ля Опэрнага тэатру, расказаў Свабодзе адзін з заяўнікаў Юрась Губарэвіч.

Гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. Бел-чырвона-белыя сьцягі дазволеныя.

У рэгіёнах сьвяткаваць стагодзьдзе БНР дазволілі пакуль у Берасьці, Баранавічах, Горадні, Лідзе і Кобрыні. У Гомлі і Магілёве заяўкі на масавыя мерапрыемствы на Дзень Волі адхілілі, але там будуць ладзіцца вечарыны і музычныя выступы, на якія не патрэбны дазвол уладаў. Сьвяточны канцэрт у Баранавічах дазволілі, але запозна — арганізатары не пасьпеюць зладзіць выступы. У Віцебску з арганізатараў запатрабавалі вялікія грошы за ахову пікету — магчыма, мерапрыемства давядзецца скасаваць. Гарвыканкамы ў Берасьці, Менску, Горадні ўзялі на сябе арганізацыю аховы, мэдычнага абслугоўваньня і працы камунальных службаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG