Усясьветнае антыдопінгавае агенцтва (ВАДА) выступіла позна ўвечары 25 лютага з заявай, у якой падтрымала рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту не аднаўляць паўнамоцтвы Алімпійскага камітэту Расеі (АКР) на цырымоніі закрыцьця Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане.
ВАДА нагадвае, што ўмовай аднаўленьня АКР у алімпійскай сям’і была адсутнасьць новых парушэньняў з боку сяброў дэлегацыі алімпійскіх атлетаў з Расеі.
«Расейскае антыдопінгавае агенцтва ўсё яшчэ не адпавядае патрабаваньням Усясьветнага антыдопінгавага кодэксу, паколькі яно ўсё яшчэ ня выканала крытэрыяў дарожнай карты адпаведнасьці, зацьверджанай пасьля доказу існаваньня ў Расеі сыстэматычнага маніпуляваньня працэсам допінгавага кантролю», — гаворыцца ў заяве.
Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) прагаласаваў 25 лютага за падтрымку забароны расейскім атлетам маршыраваць пад сваім нацыянальным сьцягам падчас цырымоніі закрыцьця Алімпіяды ў Пхёнчхане.
Спачатку лічылася, што МАК адновіць паўнамоцтвы Алімпійскага камітэту Расеі і расейскія атлеты змогуць прайсьці на закрыцьцё Алімпіяды пад нацыянальным сьцягам, нават пасьля таго, як расейскага кёрлінгіста Аляксандра Крушальніцкага злавілі на допінгу і пазбавілі праз гэта «бронзы». Але пасьля гэтага яшчэ адна расейская атлетка, бабсьлеістка Надзея Сяргеева, таксама не прайшла тэст на допінг і была дыскваліфікаваная 24 лютага.
На зімовай Алімпіядзе ў Паўднёвай Карэі расейскія атлеты былі пазбаўленыя права спаборнічаць пад сьцягам сваёй краіны. Міжнародны алімпійскі камітэт 5 сьнежня 2017 адхіліў зборную Расеі ад удзелу ў зімовай Алімпіядзе 2018 году пасьля таго, як два расьсьледаваньні пацьвердзілі, што Крэмль арганізаваў сыстэму прымяненьня допінгу ў спорце. Расейскім спартоўцам, якія даказалі, што не ўжывалі допінгу, дазволілі спаборнічаць пад нэўтральным сьцягам. У выніку было зарэгістравана 169 расейскіх атлетаў для ўдзелу ў Алімпіядзе-2018.