Дыскусіі на тры галоўныя тэмы — доўгатэрміновыя стратэгіі барацьбы са зьмяненьнем клімату, кантроль над узбраеньнямі на прасторы АБСЭ, падтрымка дэмакратыі ў эпоху «фэйкавых навінаў» — будуць галоўнымі на зімовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Вене.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі Баляслаў Пірштук і намесьніца старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Вольга Папко зьбіраюцца ўдзельнічаць ва ўсіх трох дэбатах. 21 лютага яны вылецелі ў сталіцу Аўстрыі.
Беларуская дэлегацыя возьме ўдзел у пасяджэньнях Пастаяннага камітэту ПА АБСЭ і трох агульных камітэтаў Асамблеі (па палітычных пытаньнях і бясьпецы, па эканамічных пытаньнях, навуцы, тэхналёгіі і навакольным асяродзьдзі, па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях), якія пачынаюцца 22 лютага, а таксама ў іх сумесных пасяджэньнях.
Два разы на год Парлямэнцкая асамблея АБСЭ праводзіць свае форумы — зімовую і летнюю сэсіі. У 2017 годзе летняя сэсія ўпершыню адбылася ў Менску, сёлета летні форум прымае Бэрлін.
Пасьля ліквідацыі Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Парлямэнцкая асамблея АБСЭ больш за тры гады не прызнавала Нацыянальны сход паўнавартасным парлямэнтам. Афіцыйнае прызнаньне адбылося ў 2000 годзе. Дагэтуль многія апазыцыйныя палітыкі Беларусі лічаць гэтае рашэньне вялікай стратэгічнай памылкай. Гэтаксама яны называюць памылкай і правядзеньне леташняга форуму Парлямэнцкай асамблеі ў Менску.