Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры раскопках у Вялейцы знайшлі ювэлірную майстэрню Х стагодзьдзя — гэта адзіная такая знаходка ў Беларусі


Адзін з артэфактаў, знойдзеных падчас раскопак
Адзін з артэфактаў, знойдзеных падчас раскопак

Падчас раскопак каля вёскі Рэчкі Вілейскага раёну археолягі знайшлі ювэлірную майстэрню X стагодзьдзя. Там захаваліся аздобы і інструмэнты. Пакуль гэта адзіная падобная знаходка ў Беларусі, паведамляе БДУ.

Студэнты і супрацоўнікі гістарычнага факультэта БДУ вялі археалягічныя раскопкі каля вёскі з 2020 году. Летась яны знайшлі тут «фрагмэнты ювэлірнай вытворчасьці летапісных крывічоў». Агулам выявілі больш за 100 артэфактаў, сярод якіх — тыглі для выплаўленьня мэталу, нарыхтоўкі сыравіны, вытворчыя адходы, упрыгожваньні са сьлядамі браку і пашкоджаньнямі. Там жа знайшлі рэдкую прыладу — нажніцы для працы па мэтале, якія цалкам захаваліся.

«Папярэдні аналіз дазволіў устанавіць, што дасьледаваная майстэрня датуецца Х стагодзьдзем і зьяўляецца адзіным ювэлірным комплексам крывічоў, знойдзеным на тэрыторыі Беларусі. Археолягі адносяць будынак да пераддзяржаўнага пэрыяду», — гаворыцца на сайце БДУ.

Гісторыкі адзначаюць, што знойдзеныя артэфакты маюць вялікую навуковую каштоўнасьць, бо яны фармуюць уяўленьне аб расьсяленьні славянскіх народаў заяўленай эпохі, іх лад жыцьця і гаспадарчую дзейнасьць, побыт, рэгіянальныя асаблівасьці, эканамічныя адносіны, культуру і традыцыі.

Плянуецца, што фізыкі БДУ дапамогуць археолягам вызначыць хімічны склад вырабаў, што «дазволіць рэканструяваць тэхналёгію вырабу аздобаў і вызначыць больш дакладную дату функцыянаваньня майстэрні», адзначае БДУ.

Раскопкі працягнуць у 2025 годзе. Выяўленыя знаходкі папоўняць археалягічную экспазыцыю гістарычнага факультэту БДУ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG