Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея выкарыстала газаправод для атакі ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласьці. Што вядома на цяперашні момант


Баі ў Курскай вобласьці ў жніўні 2024 году, архіўнае ілюстратыўнае фота
Баі ў Курскай вобласьці ў жніўні 2024 году, архіўнае ілюстратыўнае фота

Расейскія войскі 8 сакавіка выкарысталі газаправод для нанясеньня ўдару з тылу па ўкраінскіх сілах у Курскай вобласьці. Пасьля гэтага Мінабароны Расеі заявіла пра выцясьненьне байцоў Узброеных сіл Украіны зь некалькіх населеных пунктаў вобласьці — ва Ўкраіне гэтыя заявы не камэнтавалі.

Генштаб Украіны ўвечары 8 сакавіка пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што расейскія «дывэрсійна-штурмавыя групы» выкарысталі трубу газаправоду, каб атакаваць украінскія войскі ў горадзе Суджа Курскай вобласьці. Разам з тым ва ўкраінскім Генштабе заявілі, што расейскія войскі былі «выяўленыя своечасова», і што ўкраінскія вайскоўцы ў адказ атакавалі іх ракетамі, артылерыяй і бесьпілётнікамі. «У цяперашні час расейскія спэцпадразьдзяленьні выяўляюцца, блякуюцца і зьнішчаюцца. Страты суперніка ў Суджы вельмі вялікія», — заявілі ў Генштабе УСУ, не прывёўшы канкрэтных лічбаў.

У ранішняй зводцы 9 сакавіка Генштаб УСУ паведаміў, што 8 сакавіка больш за чвэрць баёў (агулам зафіксавалі 167 баявых сутыкненьняў) адбыліся менавіта ў Курскай вобласьці.

Мінабароны Расеі, пачынаючы з 8 сакавіка, сьцьвярджала, што пад кантроль расейскага войска нібыта перайшлі курскія сёлы Віктараўка, Мікалаеўка і Старая Сарочына, а таксама Лебедзеўка, а ўвечары 9 сакавіка заявіла пра выцясьненьне байцоў УСУ яшчэ з трох населеных пунктаў Курскай вобласьці — сёлаў Малая Локня, Чаркаскае Парэчнае і Косіца. Аналягічныя паведамленьні публікавалі некаторыя расейскія праваенныя блогеры.

Таксама Мінабароны РФ апублікавала відэа, на якім, як сьцьвярджаецца, дроны нібыта атакуюць аўтакалёну падразьдзяленьняў УСУ, якія, па вэрсіі ведамства, адыходзяць з занятага імі ў жніўні 2024 году горада Суджа.

Узброеныя сілы Ўкраіны не камэнтавалі гэтыя заявы Мінабароны Расеі.

Як сьцьвярджае афіцэр УСУ Міраслаў Гай, украінскія дэсантнікі ўдала арганізавалі засаду, якая дазволіла дачакацца, пакуль супернік выйдзе з тунэлю і назапасіцца каля выхаду. «Вырашальны момант — і выхад з трубы быў завалены, выключыўшы эвакуацыю варожай групы. Далей — зьнішчэньне. Ліквідавана каля 80% асабовага складу суперніка», — заявіў Міраслаў Гай. Паводле яго, расейцы выкарысталі падземныя камунікацыі магістральнага газаправоду «Прагрэс».

Згодна зь відэа, апублікаваным Дэсантна-штурмавымі войскамі УСУ, украінскай аэравыведцы ўдалося своечасова выявіць спробу прарыву. Аналітыкі праекту DeepState геаляцыравалі месца бітвы: паводле іх аналізу, гаворка пра раён на ўсход ад Багданаўкі — вёскі на поўнач ад Суджы.

Ва ўмовах вядзеньня ваенных дзеяньняў Радыё Свабода ня можа апэратыўна пацьвердзіць заявы бакоў канфлікту.

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны ў зводцы за 8 сакавіка напісаў, што за апошнія два дні расейскія войскі «актывізавалі сваю шматнакіраваную кампанію па ліквідацыі астатняга ўкраінскага выступу ў Курску» і што новыя геалякацыйныя здымкі паказваюць, што расейскія войскі захапілі Чаркаскае Парэчнае. Таксама Інстытут пералічыў паведамленьні расейскіх ваенных блогераў, якія пісалі пра нібыта захоп расейскімі войскамі Лебедзеўкі і Кубаткіна.

Украінскі OSINT-праект DeepState 9 сакавіка напісаў, што расейскія войскі занялі сёлы Малая Локня, Лебедзеўка і Мартынаўка ў Курскай вобласьці.

Такую тактыку расейскія войскі выкарыстоўваюць не ўпершыню

Гісторыя з трубамі — ня новая, патлумачыў у камэнтары для праекту Радыё Свабода «Данбас. Рэаліі» вайсковы аналітык Іван Ступак. Спробы зайсьці ў тыл Сіл абароны Ўкраіны праз схаваныя каналы камунікацыі, расейскія вайскоўцы рабілі ў раёне Аўдзееўкі год таму, а таксама ў раёне Часавага Яру. Тады яны выкарыстоўвалі для перамяшчэньня трубы каналу Северскі Данец-Данбас.

«Калі на лякацыях, дзе ідуць баявыя дзеяньні, Расейская Фэдэрацыя знаходзіць інжынэрныя пабудовы, то 100% іх выкарыстоўвае, — лічыць Ступак. — Уявіце сабе міннае поле, а пад ім ёсьць калектары, дзе можна пралезьці незаўважаным у тыл ворага, зрабіць сваю справу і вярнуцца назад».

На ягоную думку, такая тактыка эфэктыўная і да яе могуць зьвяртацца і ўкраінскія вайскоўцы. «Вядома мы таксама можам такім карыстацца. Зрэшты, трэба мець доступ да мапаў і тэхнічнай дакумэнтацыі. Упэўнены, што Расея выкарыстоўвае для такіх апэрацый савецкія архівы», — дадаў ён.

  • Украінскія вайскоўцы пачалі наступ у Курскай вобласьці ў жніўні 2024 году і ўстанавілі кантроль над часткай тэрыторыі вобласьці Расеі, захапіўшы сярод іншых населеных пунктаў горад Суджа, адміністрацыйны цэнтар Суджанскага раёну. Да пачатку баявых дзеяньняў у гэтым горадзе жылі каля 5 тысяч чалавек.
  • Кіеў тады заяўляў, што Курская апэрацыя ставіла за мэту атрымаць перавагу і тэрыторыю для абмену на будучых мірных перамовах і прымусіць Расею адцягнуць войскі ад яе зьнясільваючага наступу на ўсходзе Ўкраіны. Падобна, цяперашняе выцясьненьне ўкраінскіх войскаў з Курскай вобласьці напярэдадні перамоваў у Саудаўскай Арабіі, можа быць часткай стратэгіі Масквы.
  • За сем месяцаў, якія прайшлі з пачатку Курскай апэрацыі УСУ, расейскія вайскоўцы вярнулі кантроль над большай часткай тэрыторый, спачатку захопленых украінскімі вайскоўцамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG