Прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен падчас прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 9 сакавіка прызнала, што ў Эўразьвязу ўзьніклі пэўныя рознагалосьсі ў поглядах з ЗША, але запэўніла, што ЗША застануцца саюзьнікам Эўразьвязу.
«Злучаныя Штаты ўжо больш за 80 гадоў зьяўляюцца нашым бліжэйшым саюзьнікам. ЗША і Эўропа заўсёды былі мацнейшымі, калі разам вырашалі праблемы. Так, у нас ёсьць адрозьненьні, мы можам прытрымлівацца розных поглядаў на некаторыя пытаньні, але калі вы паглядзіце на нашы агульныя інтарэсы, дык іх заўсёды больш, чым рознагалосьсяў», — сказала фон дэр Ляен.
Кіраўніца Эўракамісіі зрабіла гэтую заяву з прычыны несупадзеньня поглядаў у Эўразьвязу і ЗША адносна завяршэньня вайны ва Ўкраіне. Фон дэр Ляен нагадала, што мэта Эўропы — гэта «такое становішча Ўкраіны, пры якім яна магла б працягваць барацьбу, пакуль ня будзе дасягнуты справядлівы і трывалы мір». Разам з тым фон дэр Ляен падкрэсьліла, што неабходна вырашаць рознагалосьсі і знаходзіць агульныя шляхі.
Раней, 4 сакавіка, прэзыдэнтка Эўракамісіі прэзэнтавала плян пераўзбраеньня Эўразьвязу (REARM Europe) і далейшай падтрымкі Ўкраіны. Падчас прэс-канфэрэнцыі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што гэты тыдзень «прынёс аднагалосную падтрымку REARM Europe, пакету на 800 мільярдаў эўра на абарону».
«Гэта гістарычная падзея. Гэта можа стаць асновай для Эўрапейскага абароннага саюзу», — сказала яна.
Таксама кіраўніца Эўракамісіі заявіла, што «надзвычайныя часы патрабуюць надзвычайных захадаў», і абвясьціла, што хутка зьбярэ першае пасяджэньне калегіі Эўракамісіі па бясьпецы:
«Каб справіцца з будучым складаным шляхам, нам трэба перайсьці ў стан гатоўнасьці. Вось чаму ў бліжэйшыя тыдні я зьбяру першую ў гісторыі Калегію па бясьпецы. Гэта дазволіць сябрам калегіі рэгулярна атрымліваць абноўленую інфармацыю аб падзеях у сфэры бясьпекі. Ад зьнешняй і ўнутранай бясьпекі да энэргетыкі, абароны і дасьледаваньняў. Ад кібэрбясьпекі да гандлю і замежнага ўмяшаньня. Толькі калі ў нас будзе дакладнае і глыбокае разуменьне пагрозаў, у тым ліку гібрыдных пагрозаў, мы зможам эфэктыўна спрыяць калектыўнай бясьпецы», — заявіла фон дэр Ляен.
- 2 сакавіка ў Лёндане адбыўся саміт, прысьвечаны Ўкраіне, у якім узялі ўдзел 18 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў і кіраўнікі міжнародных інстытуцый. Лідэры абмеркавалі працяг фінансавай падтрымкі ўкраінскай абароннай прамысловасьці, а таксама гарантыю бясьпекі. Саміт адбыўся на фоне напружанасьці пасьля таго, як 28 лютага падчас знаходжаньня ў Белым доме прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі меў эмацыйную дыскусію з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і віцэ-прэзыдэнтам Джэй Ды Вэнсам наконт вайны РФ супраць Украіны.
- 4 сакавіка стала вядома, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыпыніў усю вайсковую дапамогу Ўкраіне пасьля напружанай сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Белым доме. Прыпыненьне будзе працягвацца да таго часу, пакуль Трамп не пераканаецца, што лідэры краіны дэманструюць шчырае імкненьне да міру, паведамілі амэрыканскія СМІ.
- 4 сакавіка прэзыдэнтка Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен прэзэнтавала пяціступеньчаты плян пераўзбраеньня Эўразьвязу на 800 мільярдаў эўра і падтрымкі Ўкраіны. Прапанаваныя ў ім захады сканцэнтраваныя на неабходнасьці «тэрмінова і значна павялічыць выдаткі на бясьпеку і абарону Эўропы».
- 6 сакавіка лідэры краін Эўразьвязу сабраліся на спэцыяльны саміт, каб абмеркаваць працяг падтрымкі Ўкраіны, сярод іншага — эўрапейскі ўнёсак у гарантыі бясьпекі, неабходныя для забесьпячэньня працяглага міру ва Ўкраіне, а таксама павелічэньне выдаткаў краін ЭЗ на ваенныя патрэбы, што адпавядае пляну Эўракамісіі па «пераўзбраеньні Эўропы».
Форум