Супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі 8 лютага ператрусы як мінімум у дзьвюх кватэрах у Магілёве, дзе жывуць бацькі людзей, якіх сьледзтва лічыць датычнымі да псаваньня помніка Леніну.
Супрацоўнікі 11-га ўпраўленьня ГУБАЗіК прыйшлі да бацькоў удзельніцы анархісцкага руху Юліі, якая навучаецца ў Менску. Ператрус быў абгрунтаваны пастановай пракурора, дзе адзначалася магчымая датычнасьць Юліі да псаваньня помніка Леніну, якое адбылося ў красавіку 2017 году.
Пасьля ператрусу нічога не забралі. Міліцыянты распытвалі ў бацькоў пра Юлію і яе дзейнасьць, пагражалі праблемамі на працы, казалі, што прыйдуць да іншых сваякоў.
9 лютага дзяўчыне патэлефанавалі са Сьледчага камітэту і запрасілі на размову, таксама яе выклікалі да адміністрацыі навучальнай установы.
Юлія зьвязвае вобшук з затрыманьнем у Менску, якое адбылося ў ноч на 13 студзеня. Тады яе абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і склалі адміністрацыйны пратакол за «дробнае хуліганства». Двое сутак Юлію трымалі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Паводле яе слоў, там да яе прыходзіў супрацоўнік ГУБАЗіК. Ён пытаўся пра паплечнікаў і пагражаў праблемамі.
«Пратакол размовы не складаўся. Суд накіраваў маю справу на перагляд. Наступнае паседжаньне 13 лютага», — сказала дзяўчына Радыё Свабода.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», 8 лютага вобшук таксама правялі ў маці Цімафея Лускіна. Хлопца запрасілі 12 лютага ў Сьледчы камітэт на допыт у якасьці сьведкі па справе псаваньня помніка Леніну. Лускін кажа, што не належыць да анархістаў і не датычны да псаваньня помніка, але адзначае, што мае знаёмых сярод сацыяльных актывістаў.
Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Наста Лойка зьвязвае перасьлед Лускіна са здымкам на фоне помніка Леніну ў інстаграме хлопца.
«Мы бачым, што працягваецца тэндэнцыя рабіць кагосьці з актывістаў „крайнімі“. Штораз выклікае сум некампэтэнтнасьць нашых сьледчых органаў і скарыстаньне фармальнай нагоды для чарговых рэпрэсій».
У ноч з 21 на 22 красавіка 2017 году помнік Леніну ў Магілёве аблілі чырвонай фарбай і зрабілі надпіс па-расейску: «Забойца мільёнаў людзей». Помнік месьціцца каля Дома культуры заводу імя Кірава. На наступны дзень помнік перафарбавалі.