Як нагадвае сайт арганізацыі, Фрунзэнская раённая выбарчая камісія знайшла ў Семяненкі нібыта незадэкляраваную кватэру плошчай 18 квадратных мэтраў, што стала падставай для нерэгістрацыі яго ў якасьці кандыдата.
Сябра руху адмаўляў наяўнасьць памяшканьня ў сваёй маёмасьці і абскардзіў рашэньне. Як казаў Семяненка Свабодзе, кватэра не належыць яму, ды і ў 22 гады ў Беларусі нерэальна зарабіць на ўласнае жыльлё.
«У Менскай гарадзкой выбарчай камісіі прызналі некампэтэнтнасьць чальцоў Фрунзэнскай камісіі. Прадстаўніца гэтай камісіі не прамовіла ні слова падчас паседжаньня ў абарону сваёй пазыцыі», — адзначыў на Pyx.by Семяненка.
Паводле яго, 23 студзеня ён зможа забраць пасьведчаньне кандыдата ў дэпутаты.
«Я думаю, усё адбылося празь некампэтэнтэнтнасьць выбарчай камісіі, чальцы якой працуюць на сваіх месцах ад 2002 году», — адзначыў сябра руху «За свабоду».
Мікіта Семяненка лічыць, што асабістую адказнасьць за памылку нясе старшыня выбаркаму Зінаіда Жаголкіна. У сваю чаргу, у кадастравым агенцтве параілі праз суд патрабаваць кампэнсацыі выдаткаў на даведкі з рэгістру.
Таксама зарэгістраваны іншы сябра руху «За свабоду», Андрэй Кушняроў. На камісіі, кажа ён, прызналі, што «нельга лічыць несапраўднымі подпісы, калі адзін чалавек паставіў дату за дваіх, бо гэтага недастаткова для адмовы ў рэгістрацыі».
За рэгістрацыю прагаласавалі ўсе чальцы камісіі, акрамя аднаго, паведаміў Андрэй Кушняроў.
Шэраг сяброў арганізацыі працягваюць абскарджваць адмовы ў рэгістрацыі. У прыватнасьці, сёньня Менскі гарадзкі суд разгледзіць скаргу Віктара Янчурэвіча, якому гарадзкая выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі 20 студзеня.