Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, што дэлегацыя М’янмы дамаўлялася ў Беларусі аб пастаўках зброі


 Мін Аўнг Глайнг і Аляксандар Лукашэнка 7 сакавіка 2025 году
Мін Аўнг Глайнг і Аляксандар Лукашэнка 7 сакавіка 2025 году

Аб выніках візыту паведаміла выданьне Mizzima News Media, якое асьвятляе падзеі ў М'янме з-за мяжы.

Кіраўнік вайсковага ўраду М’янмы Мін Аўнг Глайнг абмяркоўваў у Менску пастаўкі зброі.

Як паведаміла выданьне Mizzima News Media, заснаванае ў 1998 годзе ў Індыі вэтэранамі дэмакратычнага паўстаньня ў М’янме ў 1988 годзе, у часе візыту ён правёў сустрэчы з афіцыйнымі асобамі і ўзяў удзел у бізнэс-форуме, які прайшоў у менскім «Прэзыдэнт-гатэлі».

«У часе візыту Мін Аўнг Глайнг абмеркаваў пытаньні эканамічнага і гандлёвага супрацоўніцтва і бясьпекі, уключаючы пастаўкі зброі», — адзначаецца ў матэрыяле выданьня.

Журналісты нагадалі, што ў справаздачы прадэмакратычнага руху Justice for Myanmar за 2022 год Беларусь была адзначаная як адна з краін, што пастаўляе зброю ваеннаму рэжыму М’янмы.

У выданьні нагадалі, што Беларусь у 2021 годзе выступіла супраць рэзалюцыі ААН, у якой асуджалі вайсковы пераварот. У верасьні 2023 году М’янма акрэдытавала ў Беларусі свайго вайсковага аташэ.

7 сакавіка кіраўнік вайсковага ўраду М’янмы Мін Аўнг Глайнг, які прыехаў у Менск адразу пасьля перамоў у Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Чым вядомая М’янма

Мін Аўнг Глайнг ачоліў вайсковы урад М’янмы ў выніку перавароту ў жніўні 2021 году. Да гэтага ён камандаваў Узброенымі сіламі краіны. Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на ягоны арышт

М’янма (колішняя назва Бірма) — шматнацыянальная дзяржава ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, яна мяжуе з Індыяй, Банглядэшам, Кітаем, Лаосам і Тайляндам. У 2021 годзе ў краіне адбыўся вайсковы пераварот, які выклікаў масавыя пратэсты. У краіне дагэтуль працягваецца грамадзянская вайна паміж вайсковай хунтай і этнічнымі ўзброенымі групоўкамі.

ЗША, Эўразьвяз і Канада ўвялі супраць М’янмы санкцыі за зьвяржэньне законнага кіраўніка краіны Аўнг Сан Су Чы.

Зь ліпеня 2024 году цяперашні госьць Лукашэнкі Мін Аўнг Глайнг адначасова выконвае абавязкі прэзыдэнта М’янмы — тады абвясьцілі, што прызначаны ў выніку захопу ўлады прэзыдэнт М’інг Сўэ праз стан здароўя ўзяў водпуск па хваробе і перадаў свае паўнамоцтвы прэм’ер-міністру.

27 лістапада 2024 году пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан запрасіў ордэр на арышт часовага прэзыдэнта М’янмы Мін Аўнг Глайнга. Яго абвінавачваюць у злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны, народу рагінг’я.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG