Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнт Радыё Свабода з Крыма Ўладзіслаў Есіпенка ўжо 4 гады ў расейскай турме


Пратэстовец трымае плякат з заклікам вызваліць Уладзіслава Есіпенку ля будынка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны ў Кіеве ў 2021 годзе
Пратэстовец трымае плякат з заклікам вызваліць Уладзіслава Есіпенку ля будынка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны ў Кіеве ў 2021 годзе

Прынамсі 18 украінскіх журналістаў з акупаванага Расеяй Крымскага паўвострава знаходзяцца ў расейскіх турмах па абвінавачаньнях, якія праваабарончыя арганізацыі лічаць палітычна матываванымі.

Адзін зь іх — Уладзіслаў Есіпенка, карэспандэнт праекту «Крим.Реаліï» Украінскай службы Радыё Свабода, ён ужо чатыры гады ў расейскім зьняволеньні.

Есіпенка, які мае двайное грамадзянства, расейскае і ўкраінскае, быў арыштаваны і ўзяты пад варту 10 сакавіка 2021 году. У лютым 2022-га прызначаны Расеяй суд у Крыме пакараў яго на 6 гадоў пазбаўленьня волі праз абвінавачаньне ў шпіянажы. Ён сам, ягоны працадаўца і праваабарончыя арганізацыі называюць гэтыя абвінавачаньні сфабрыкаванымі.

Празь некалькі месяцаў супраць яго выставілі новае абвінавачаньне — нібыта ў «незаконным захоўваньні і перавозцы выбуховых рэчываў», якое ён катэгарычна адпрэчыў. Пазьней пракуратура прызнала, што граната, «знойдзеная» ў яго аўтамабілі, ня мела ягоных адбіткаў пальцаў.

На судзе Есіпенка таксама адхіліў абвінавачаньні ў зборы выведных дадзеных для Ўкраіны. Пазьней вышэйшы кантраляваны Масквой суд у Крыме скараціў ягоны тэрмін да 5 гадоў зьняволеньня.

Падчас судовага разбору ён заявіў, што зазнаў катаваньні з прымяненьнем электрычнага току, каб прымусіць яго прызнацца ў злачынстве.

У верасьні 2023 году Эўразьвяз увёў санкцыі супраць шасьці чалавек, у тым ліку двух судзьдзяў, пракурора ў справе Есіпенкі і двух супрацоўнікаў ФСБ Расеі, якіх ЭЗ прызнаў датычнымі да яго катаваньняў.

Ягоная жонка, Кацярына Есіпенка, вядзе кампанію за яго вызваленьне.

«Мой муж вінаваты толькі ў тым, што расказваў сьвету аб тым, што адбываецца ў акупаваным Крыме», — заявіла яна ў кастрычніку на канфэрэнцыі ў Канадзе, прысьвечанай распрацоўцы пляна па вяртаньні ўкраінскіх зьняволеных з расейскіх турмаў.

«Ён ведаў, што гэта небясьпечна, але ягоная адданасьць сваёй краіне і праўдзе была мацней страху».

Да арышту Есіпенка асьвятляў сацыяльныя і экалягічныя праблемы Крыма, у тым ліку жыцьцё крымскіх татараў, экалягічныя крызісы і наступствы расейскай акупацыі рэгіёну.

Буйныя міжнародныя арганізацыі, такія як Камітэт абароныжурналістаў (CPJ), Amnesty International, «Рэпартэры без межаў» і PEN America, выступаюць за яго вызваленьне.

З моманту арышту Есіпенка быў адзначаны шэрагам прэмій за сваю працу.

У лістападзе 2022 году ён атрымаў Нацыянальную прэмію Ўкраіны імя Ігара Лубенкі за абарону свабоды слова. Раней, у траўні 2022 году, яму была прысуджана амэрыканская прэмія PEN/Barbey Freedom to Write Award, якая ўручаецца палітычным зьняволеным.

Масква незаконна анэксавала Крым у пачатку 2014 году і неўзабаве падтрымала прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Па дадзеных Камітэта абароны журналістаў, расейскія ўлады сыстэматычна абмяжоўвалі свабоду СМІ і перасьледавалі журналістаў, якія выступалі супраць акупацыі.

Есіпенка — адзін з чатырох журналістаў і супрацоўнікаў Радыё Свабода, якія знаходзяцца ў зьняволеньні па абвінавачваньнях, зьвязаных зь іх працай. У сьпісе таксама:

  • Ігар Лосік — супрацоўнік Беларускай службы Радыё Свабода. У сьнежні 2021 года быў асуджаны на 15 гадоў па абвінавачаньні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
  • Ніка Новак — расейскамоўны аўтар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. Была арыштаваная ў сьнежні 2023 года і прыгаворана ў лістападзе 2024 года да 4 гадоў турмы ў Чыце па абвінавачаньні ў «супрацоўніцтве з замежнай арганізацыяй на канфідэнцыйнай аснове».
  • Фарыд Мэхралізадэ — эканаміст і журналіст Азэрбайджанскай службы Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. Быў арыштаваны ў Баку ў траўні 2024 году, яму пагражае да 12 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG