Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гучных карупцыйных спраў 2017 году


2017 год не мінуўся бяз гучных карупцыйных скандалаў і працэсаў. Свабода прыгадвае самыя заўважныя зь іх.

1. Справа футбольнага арбітра Жукава: сьлёзы не дапамаглі

5 студзеня 2017 году была пастаўленая кропка ў судовым працэсе, які яшчэ ў сьнежні мінулага году пачаўся ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.

Вядомага футбольнага арбітра і чыноўніка Беларускай фэдэрацыі футболу Андрэя Жукава судзілі за хабар. У судзе было даказана, што Жукаў браў за прызначэньне судзьдзяў на пэўныя матчы па 100–200 даляраў. Яшчэ да суду ён кампэнсаваў нанесеныя страты, а ў апошнім слове са сьлязамі на вачах прасіў суд аб міласьці. Калегі з БФФ таксама заступіліся за Жукава.

Але ўсё гэта мала памагло — экс-дырэктара дэпартамэнту судзейства і інспэктаваньня Беларускай фэдэрацыі футболу асудзілі на 5 год зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Менгарсуд пакінуў гэты прысуд амаль бязь зьменаў.

Андрэй Жукаў
Андрэй Жукаў

2. Справа былога дырэктара Менаблаўтатрансу: як экс-дэпутат стаў карупцыянэрам

У сакавіку быў асуджаны на 5 год зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці дырэктар «Менаблаўтатрансу», колішні дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня і былы міліцыянт Віктар Русак.

Суд прызнаў яго вінаватым у крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці і нанясеньні іншых стратаў празь перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Паводле сьледзтва, Віктар Русак на грошы прадпрыемства набываў мэблю для ўласнага дому, арганізоўваў банкеты ды паездкі ў Вільню, выкарыстоўваў працу падначаленых на загарадным участку, краў запчасткі для ўласнага аўтамабіля. У былога парлямэнтарыя арыштавалі маёмасьці на 500 тысяч даляраў.

У судзе таксама прагучала, што ў 1999 годзе Віктар Русак быў фігурантам крымінальнай справы аб гібелі 53 чалавек у масавай цісканіне на Нямізе. Яго падазравалі ў службовай нядбайнасьці, бо як начальнік сталічнай міліцыі грамадзкай бясьпекі мусіў забясьпечыць парадак на сьвяце піва, якое скончылася гібельлю столькіх людзей. Аднак да суду справа не дайшла, у 2002 годзе яе закрылі, бо выйшаў тэрмін даўнасьці.

3. Справа ашмянскіх мытнікаў: краязнаўца Юркойць працягвае змагацца за сумленнае імя

На пачатку сакавіка ў Заводзкім раённым судзе Менску пачаўся працэс над 7 былымі супрацоўнікамі Ашмянскай мытні, якіх вінавацілі ў атрыманьні хабару.

Паводле ранейшых заяваў КДБ, хабарніцтвам на Ашмянскай мытні нібыта займаліся пагалоўна амаль усе кіраўнікі і шараговыя супрацоўнікі, агулам у іх было канфіскавана некалькі мільёнаў даляраў незаконна атрыманых грошай.

Да канца году яшчэ ў шэрагу раённых судоў Менску і ў Менскім абласным судзе прайшлі аналягічныя працэсы над ашмянскімі мытнікамі, некалькі дзясяткаў чалавек у выніку былі асуджаныя на зьняволеньне з канфіскацыяй маёмасьці, прычым найбольшыя тэрміны атрымалі тыя мытнікі, хто не прызнаваў сябе вінаватым. А некаторым падсудным, якія на працэсах давалі паказаньні на сябе і на былых калегаў, пашанцавала атрымаць умоўныя тэрміны.

Сярод асуджаных да зьняволеньня аказаўся і беларускамоўны супрацоўнік Ашмянскай мытні, грамадзкі актывіст Алесь Юркойць, які дагэтуль працягвае змагацца за тое, каб суд яго апраўдаў.

Адным з наступстваў справы ашмянскіх мытнікаў стала поўная ліквідацыя Ашмянскай мытні як установы.

Алесь Юркойць у судзе
Алесь Юркойць у судзе

4. Справа намесьніка старшыні «Беларусбанку»: уклаў хабар у каштоўныя паперы

У ліпені суд Цэнтральнага раёну Менску пачаў разглядаць справу першага намесьніка старшыні праўленьня «Беларусбанку» Генадзя Гаспадарыка і начальніка дэпартамэнту банку Мікалая Цырто.

За некалькі месяцаў у судзе было даказана, што банкіры атрымалі агулам каля паўмільёна даляраў хабару за тое, што праз службовае становішча спрыялі знаёмым бізнэсоўцам.

Хабар экс-намесьніку старшыні «Беларусбанку» Генадзю Гаспадарыку склаў, паводле суду, амаль 200 тысяч даляраў. Патраціў ён гэтыя грошы на набыцьцё каштоўных папераў.

У апошнім слове Гаспадарык прасіў аб міласьці на той падставе, што вярнуў дзяржаве каштоўныя паперы, ды хваліў суд за «добрую арганізацыю судовага працэсу». У выніку ён атрымаў 7,5 года зьняволеньня. А ягоны падначалены Цырто, які часткова не прызнаваў віну, — на паўтара года болей.

Генадзь Гаспадарык і Мікалай Цырто ў судзе
Генадзь Гаспадарык і Мікалай Цырто ў судзе

5. Справа намесьніка міністра МНС Бегуна: пра яго да суду выказаўся Лукашэнка

У верасьні ў Заводзкім судзе Менску пачаліся слуханьні па адной з самых гучных карупцыйных спраў году — справе былога намесьніка міністра надзвычайных сытуацый Дзьмітрыя Бегуна.

Хабар, які інкрымінавалі былому намесьніку міністра, — некалькі тысяч даляраў — не адзначаўся вялікімі памерамі на тле іншых карупцыйных гісторый. Затое справа прагучала на ўсю краіну дзякуючы Аляксандру Лукашэнку.

Яшчэ ў сакавіку, адразу пасьля арышту Дзьмітрыя Бегуна, Аляксандар Лукашэнка расказаў пра яго на сустрэчы з рабочымі ў Магілёве: «Браў хабар. На месцы ўзялі ўсіх. Чаго на мяне крыўдзіцца? Усе аднолькавыя перад законам, і міністар, і намесьнік міністра. Сьвеціць 8 год мінімум».

Дарэчы, паводле сьледзтва, каб атрымаць гэты апошні «кавалак» хабару, Бягун нібыта прысьпешваў знаёмага бізнэсоўца, бо сабраўся ў адпачынак на Гоа.

Як у ваду глядзеў Аляксандар Лукашэнка. Праз паўгода суд насамрэч прысудзіў Дзьмітрыю Бегуну 8 гадоў калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Пасьля працэсу сябры экс-намесьніка міністра казалі карэспандэнту Свабоды, што абвінаваўчы прысуд быў прадвызначаны.

Дзьмітры Бягун у судзе
Дзьмітры Бягун у судзе

6. Справа аб дамоўных футбольных гульнях: чаму згадалі пра БАТЭ

У канцы верасьня пачаўся другі за год працэс аб карупцыі ў беларускім футболе — па гэтак званай справе аб «дагаварняках». Перад Першамайскім раённым судом Менску сталі адразу 14 былых і дзейных беларускіх футбалістаў ды грамадзянін Украіны, якіх вінавацілі ў арганізацыі дагаварных вынікаў футбольных гульняў у першай лізе і на Кубку краіны. Падчас слуханьняў прагучала, што «дагаварняк» рыхтаваўся і ў кубкавай гульні клюбу «Граніт»-Мікашэвічы з чэмпіёнам краіны БАТЭ, але да рэалізацыі «злачыннага пляну» справа не дайшла.

Усіх фігурантаў справы прызналі вінаватымі ды пакаралі, два зь іх нават атрымалі рэальныя тэрміны абмежаваньня волі. Але галоўным вынікам працэсу стала тое, што было даказана: маштабная карупцыя пратачылася нават у самы любімы народам Беларусі від спорту, у футбол.

У судзе
У судзе

7. Справа былога кіраўніка «Белкаапзьнешгандлю»: Падсудны хаваўся ад фатакамэр

Справа гендырэктара прадпрыемства «Белкаапзьнешгандаль» Уладзімера Забродзкага памерамі саступала леташняй справе старшыні Белкаапсаюзу Сідзько, у якога падчас сьледзтва знайшоўся дом на Канарах, але шмат у чым яе нагадвала.

Гэтак жа бессаромна, паводле суду, кіраўнікі з сыстэмы «Белкаапсаюзу» бралі хабар зь дзелавых партнэраў, але Забродскі нібыта дзейнічаў яшчэ з большай фантазіяй: як палічыў суд, ён браў грошы за тое, што ягоная арганізацыя аддавала камэрцыйным фірмам даўгі. Памер хабару, які налічыў суд Забродзкаму, не такі ўжо і вялікі — каля 7 тысяч даляраў, а вось арыштаваныя на рахунку кіраўніка грошы ўражваюць: болей за 400 тысяч рублёў.

У судзе Ўладзімер Забродзкі не прызнаў сябе вінаватым і ўпарта хаваў твар ад фота- і тэлекамэр. Суд прызначыў яму 7 гадоў з канфіскацыяй.

Уладзімер Забродзкі ў клетцы размаўляе з адвакатам і адварочваецца ад камэр
Уладзімер Забродзкі ў клетцы размаўляе з адвакатам і адварочваецца ад камэр

8. Справа выканаўчага дырэктара «Беларусбанку»: пераводзіў грошы на Кіпр праз вядомага футбаліста

Яшчэ ў Цэнтральным судзе Менску ня скончыўся суд над начальнікамі зь «Беларусбанку» Гаспадарыкам і Цырто, як у кастрычніку ў Маскоўскім судзе пачаўся новы працэс — над былым выканаўчым дырэктарам таго ж банку Анатолем Багавіком.

Як высьветліў суд, Анатоль Багавік, працуючы кіраўніком разьліковага цэнтру плястыкавых картак банку, атрымаў хабару на 94 тысячы даляраў за паслугі начальніку фірмы, якая займалася пастаўкамі банкаўскага абсталяваньня. У судзе высьветлілася, што частку незаконна атрыманых грошай малады топ-мэнэджэр пералічаў на Кіпр на імя свайго бацькі, капітана менскага «Дынама» 1970-х.

Анатоль Багавік прызнаў віну цалкам, суд даў яму 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Анатоль Багавік у судзе
Анатоль Багавік у судзе

9. Справа чыноўніка з Партызанскага райвыканкаму: узьляцеў на пасаду з БРСМ

«Я падмануў, гэта мой крыж на ўсё жыцьцё», — казаў з лавы падсудных Мікалай Петрамовіч, былы намесьнік старшыні Партызанскага райвыканкаму, якога ўвосень судзілі за махлярства і хабарніцтва.

Паводле сьледзтва, Петрамовіч набраў у знаёмых грошай на дзясяткі тысяч даляраў, а даўгі не вярнуў. За што браў грошы? Камусьці абяцаў прасоўваньне па чарзе на кватэру, камусьці — аўтамабіль па выгадным кошце, у кагосьці браў у доўг пад працэнты.

Заблытаўшыся ў махінацыях, чыноўнік уцёк з краіны і быў абвешчаны ў вышук, празь нейкі час вярнуўся і здаўся праваахоўнікам.

Махлярства былога актывіста БРСМ і дэпутата гарсавету ад Камуністычнай партыі Мікалая Петрамовіча Першамайскі раённы суд Менску ацаніў у 9 год калёніі з канфіскацыяй маёмасьці.

Мікалай Петрамовіч у судзе
Мікалай Петрамовіч у судзе

10. Справа старшыні салігорскага райвыканкаму: «Маю справу сфальшавалі»

На пачатку сьнежня Менскі абласны суд асудзіў за хабар на 8 год калёніі з канфіскацыяй маёмасьці Аляксандра Рымашэўскага — былога старшыню Салігорскага райвыканкаму, аднаго з самых дасьведчаных і аўтарытэтных «вэртыкальшчыкаў» Менскай вобласьці.

Аляксандар Рымашэўскі на працэсе не прызнаваў сябе вінаватым, у апошнім слове назваў сваю справу сфальшаванай, а пасьля абвяшчэньня прысуду заявіў, што будзе яго абскарджваць.

Абвінавачаньне інкрымінавала экс-старшыні Салігорскага райвыканкаму атрыманьне 16 900 даляраў хабару. Паводле сьледзтва, ён браў грошы з камэрцыйнай арганізацыі за тое, што як кіраўнік раённай вэртыкалі дамагаўся вяртаньня доўгу гаспадарак раёну перад гэтай арганізацыяй. Але паколькі апошні эпізод — атрыманьне Рымашэўскім хабару ў 2900 даляраў — праходзіў «пад кантролем» праваахоўнікаў у рамках так званага сьледчага экспэрымэнту, суд пастанавіў спагнаць з асуджанага толькі 14 тысяч даляраў.

Прысуд Аляксандру Рымашэўскаму яшчэ не ўступіў у сілу.

Адвакат Зьміцер Гарачка (зьлева) і Аляксандар Рымашэўскі ў судзе
Адвакат Зьміцер Гарачка (зьлева) і Аляксандар Рымашэўскі ў судзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG