Двух кіраўнікоў магілёўскай спэцвучэльні закрытага тыпу № 2 затрымалі «за перавышэньне службовых паўнамоцтваў», паведамляе зранку 12 сьнежня БелТА.
Паводле афіцыйных зьвестак сьледчых, мужчыны «пры высьвятленьні абставінаў у шасьцёх выхаванцаў і прычынаў самавольнага пакіданьня тэрыторыі вучэльні зьбілі непаўналетніх, затым арганізавалі незаконнае зьмяшчэньне падлеткаў у пакой, абмежаваўшы іх волю».
Супраць мужчынаў распачалі крымінальную справу за «перавышэньне службовых паўнамоцтваў» (ч. 3 арт. 426 КК), ім пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.
У ноч на 12 сьнежня Tut.by перадаваў гісторыю пра зьбіцьцё непаўналетніх у вучэльні. Паводле выданьня, шасьцёра хлопцаў уцяклі з вучэльні яшчэ 26 лістапада, іх знайшлі і вярнулі ў той жа дзень, але зьбілі так, што адзін з выхаванцаў — 16-гадовы Андрэй з Чэрыкава — трапіў у лякарню зь пераломам хрыбта.
Маці Андрэя пра гэта паведамілі не адразу, таксама як не адразу назвалі прычыны траўмы. Спачатку супрацоўніца адміністрацыі вучэльні сказала: «Уцёкі былі, плот жа высокі». Сын зь лякарні расказаў маці, што ўцёк, бо выхаванцаў «пастаянна білі, усё забаранілі: тэлефанаваньні, лісты, перадачы». Расказаць па тэлефоне з вучэльні ён нічога ня мог, нават калі дазвалялі: побач заўсёды знаходзіўся супрацоўнік, які кантраляваў размову.
Паводле Андрэя, калі ўцекачоў злавілі, іх па адным заводзілі ў «бацькоўскі пакой» вучэльні, дзе няма відэакамэраў, і зьбівалі ўтрох. Хлопец сьцьвярджае, што яго адвезьлі ў лякарню толькі праз два дні, калі ён ня змог ісьці — казалі, «сымулянт».
Цяпер Андрэй у лякарні, але калі яго выпішуць, то вернуць у спэцвучэльню, калі толькі ў лякарні не дадуць заключэньне пра тое, што пасьля пералому хрыбта хлопца нельга ўтрымліваць у спэцустанове. Яшчэ пяць хлопцаў, паводле маці Андрэя, цяпер знаходзяцца ў спэцвучэльні пад наглядам інспэктараў у справах непаўналетніх, усе моцна зьбітыя.