Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат украінскага журналіста Шаройкі: «У яго ўсё нармальна, ён здаровы»


Паўло Шаройка
Паўло Шаройка

«Больш, калі ласка, не званіце», — папрасіла журналіста Свабоды адвакат Ларыса Быкава, якая абараняе вязьня СІЗА КДБ Паўла Шаройку.

Карэспандэнт Свабоды пазваніў на тэлефон адвакаткі Ларысы Быкавай, якая абараняе журналіста з Украіны Паўла Шаройку, абвінавачанага КДБ Беларусі ў шпіянажы.

Быкава сказала пра свайго падабароннага, што ў яго «ўсё нармальна, ён здаровы», але адмовілася распавядаць падрабязна пра ўмовы ўтрыманьня Паўла Шаройкі, праведзеныя допыты і адказваць на іншыя пытаньні. «Больш, калі ласка, не званіце», — сказала ў канцы размовы Ларыса Быкава.

Адвакатка адмовілася камэнтаваць зьвесткі, датычныя расьсьледаваньня справы ўкраінскага журналіста.

КДБ затрымаў журналіста ўкраінскага грамадзкага радыё Паўла Шаройку ў Менску ў канцы кастрычніка, але вядома пра гэта стала толькі ў лістападзе.

«25 кастрычніка 2017 году супрацоўнікамі КДБ пры правядзеньні агентурнай акцыі з доказамі віны быў затрыманы кадравы супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Паўло Шаройка. З улікам досьведу ягонай працы ў якасьці кіраўніка прэс-службы Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны для прыкрыцьця яму вызначаная пасада карэспандэнта Грамадзкай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ўкраіны», — расказаў 20 лістапада на брыфінгу афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі Дзьмітры Пабяржын.

Паводле КДБ, Паўло Шаройка нібыта стварыў у Беларусі агентурную сетку зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджаньне выконвалі ягоныя заданьні для збору зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сферы».

«У дачыненьні да Паўла Шаройкі распачатая крымінальная справа паводле артыкулу 358 КК Беларусі „Шпіянаж“ і прынята пастанова аб ужываньні меры стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай», — паведамілі на брыфінгу КДБ.

Паводле зьвестак КДБ Беларусі, Паўло Шаройка нібыта прызнаўся, што працаваў на ўкраінскую выведку.

Таксама ў КДБ заявілі, што быў затрыманы беларус, якога абвінавацілі ў «дзяржаўнай здрадзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG