Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 15 гадоў — першая вынаходка, у 18 — інавацыйная кампанія. Ганіць сыстэму і не зьбіраецца зьяжджаць


Антон Любахінец (у цэнтры) са сваёй камандай
Антон Любахінец (у цэнтры) са сваёй камандай

У 15 гадоў Антон Любахінец зрабіў першую вынаходку, якая спрашчае жыцьцё невідушчых. У 18 гадоў — адкрыў сваю першую фірму. Сёньня хлопцу зь Берасьця 20 гадоў, і на ягоную кампанію працуюць больш за 20 чалавек.

Антон слухае Ганса Цымэра, глядзіць фэстывальнае кіно і любіць чытаць антыўтопіі. Адна зь ягоных улюбёных кнігаў — «1984» Оруэла. Многія сюжэты з кнігі ён параўноўвае зь беларускімі рэаліямі. Але зьяжджаць Антон не зьбіраецца.

«У беларускіх ВНУ спрабуюць даказаць, што ты дурны»

— Антон, вас называюць беларускім Іланам Маскам. Як вам такое параўнаньне?

— Зусім не падабаецца. Для мяне Ілан Маск — гэта мэта, да якой я імкнуся. Але цяпер я далёка ня ён.

— Але падабенства з найбагацейшымі інаватарамі сьвету вы ўсё ж маеце. Вы, як і многія зь іх, кінулі адукацыю ва ўнівэрсытэце.

— Я вучыўся ў Берасьцейскім тэхналягічным унівэрсытэце на праграмаваньні. Праз год узяў акадэмічны адпачынак і паехаў у Казахстан на чатыры месяцы. Калі вярнуўся, то перайшоў на завочную форму адукацыі ў маркеталёгіі. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Я вельмі моцна расчараваўся ў нашай адукацыі. Я шмат дзе пабываў і пабачыў, як гэта выглядае за мяжой. Наша адукацыя вельмі моцна недацягвае да добрых стандартаў.

— Шмат хто з вамі не пагодзіцца. Агульнае меркаваньне, што ў Беларусі моцная тэхнічна-матэматычная школа. Беларусаў часта запрашаюць працаваць за мяжу ў найбуйнейшыя тэхналягічныя карпарацыі...

— У нашых унівэрсытэтах, на жаль, ты адчуваеш, што нікому не патрэбны. Табе нават спрабуюць даказаць, што ты дурны, і ніяк не дапамагаюць. Выкладчыкі ставяцца да студэнтаў вельмі пасрэдна. Калі ж нашых запрашаюць за мяжу, то гаворка пераважна пра тых, хто ўжо да ўнівэрсытэту займаўся праграмаваньнем і цікавіцца ім у вольны час.

Нашыя ўнівэрсытэты даюць вельмі агульную адукацыю. У цябе спрабуюць запхнуць «пра ўсё», але мала. У выніку чалавек мае агульныя веды пра многія дысцыпліны, але ў ніводнай зь іх не спэцыяліст. І толькі калі ты маеш нешта ў галаве і пачнеш працаваць з ІІ ці ІІІ курсу, то можаш стаць добрым спэцыялістам.

— Дык чаго беларускія ВНУ, паводле вас, не даюць?

— Не знаёмяць з рэальнай працай. Ня вучаць працаваць у камандзе. Але самае галоўнае — гэта абыякавае стаўленьне да студэнта. Усімі сваімі дзеяньнямі яны паказваюць, што хочуць цябе выгнаць адтуль, адлічыць.

— Але час ідзе наперад і ў Беларусі. Няўжо новае пакаленьне выкладчыкаў такое ж, як і ў савецкія часы?

— Я ведаю добрых выкладчыкаў, ведаю, што ёсьць добрыя катэдры. Але кіруюць працэсам людзі, якім напляваць на студэнта. Нават у нашым унівэрсытэце трапіць да дэкана вельмі складана, а да рэктара — пагатоў немагчыма. Як так? Я — студэнт, я павінен быць на кароткай назе з гэтым чалавекам, ён павінен мяне выслухаць.

Мы нядаўна далучыліся да Балёнскага працэсу, паводле прынцыпаў якога ўнівэрсытэтам кіруюць студэнты, але гэта ня так. У нас нават рэктараў прыватных унівэрсытэтаў прызначае Міністэрства адукацыі. Гэта сьмешна. Ёсьць шмат прыкладаў, калі добрыя выкладчыкі змагаюцца з такім станам рэчаў. Але гэта тое самае, што біцца галавой аб сьценку. Яны сыходзяць адтуль. Мае знаёмыя кінулі ўнівэрсытэт, адкрылі IT-школу і вучаць там дзяцей.

«Нашая дзяржава — нерухомая»

​— Антон, але ў Беларусі чыноўнікі на ўсіх узроўнях, у тым ліку найвышэйшым, кажуць, што краіна імкнецца стаць ледзь не IT-імпэрыяй. І для бізнэсу робяць палёгкі. Чаму не зьнікаюць праблемы, якія вы ўзгадалі?

— Дзяржава пачала рвацца туды, дзе ўбачыла вялікія грошы. Але проста так нічога не бывае. Калі мы захочам стаць інавацыйнай краінай, то ад аднаго жаданьня мы ёю ня станем. Галоўная прычына — неабароненасьць замежных грошай. Яны сюды ня хочуць ісьці, бо ў Беларусі ў іх у кожны момант могуць забраць усё, што ты зрабіў.

Вэнчурны рынак у Беларусі, які мог бы падтрымліваць інавацыйны бізнэс, у нас мізэрны. Рызыкоўных інвэстыцыяў мала. Гэта велізарны бар’ер для рэальных стартапаў і інавацыйнага бізнэсу. У нас вылучаюць грошы на тое, што ўжо даўно працуе за мяжой. Але далей яно ня пойдзе, бо за мяжой процьма лепшых аналягаў.

— На рэальнасьць наракаюць бізнэсоўцы ў кожнай краіне. А задача дзяржавы сачыць, каб усё было адэкватна.

— У нас трэба чакаць два тыдні, каб адкрыць ІП. Мне трэба заплаціць замежнаму пастаўніку або перавесьці грошы на свой замежны рахунак — для гэтага мне трэба атрымліваць дазвол у Нацыянальным банку. Гэта дэталі, якія моцна ўскладняюць жыцьцё.

У інавацыйным бізнэсе час шмат што вырашае, а ў нас на гэтыя асаблівасьці не зьвяртаюць увагі. І, папраўдзе, кампэтэнтных спэцыялістаў, бізнэсоўцаў у нас ня так і шмат. А тыя, што ёсьць, ня хочуць зьвязваць справу зь дзяржаваю, бо яна нерухомая.

«Зьяжджаць зь Беларусі не зьбіраюся, бо хачу яе зьмяніць»

​— Антон, вы памалявалі трагічную карціну беларускай рэальнасьці. І пасьля ўсяго гэтага вы яшчэ ў Беларусі?

— Так, бо я хачу яе зьмяніць.

— Але што ў такім разе вас яшчэ трымае на радзіме, калі сыстэма, у якой вы працуеце, нагэтулькі недасканалая?

— Мне 20 гадоў. Калі я навучуся рабіць нешта ў цяперашніх умовах, то праз 5-10 гадоў, калі наша вярхушка памяняецца, усё стане прасьцей і тут будзе выдатная база. Я хачу пабудаваць гэтую базу — і каб больш і больш маладых ішлі ў прадпрымальніцтва.

У нас вельмі кампактная краіна. Мы можам збудаваць вельмі добрую супольнасьць прадпрымальнікаў. У нас цудоўныя маладыя людзі, якія ня маюць ужо звычкі наракаць, нічога не рабіць і толькі прасіць. У гэтым ёсьць вялізны патэнцыял. Ня дзіва, што да нас усё часьцей прыяжджаюць маладыя спэцыялісты з Амэрыкі і спрабуюць тут знайсьці справы для інвэставаньня.

Прыяжджаюць замежныя кампаніі, бо бачаць, што пэрспэктыва пайшла ўверх. Нешта пачынае зьмяняцца. Веру, што мы зможам пабудаваць фундамэнт, каб сюды ішлі інвэстыцыі і ствараліся добрыя кампаніі.

— Навошта амэрыканцу ехаць у Беларусь? Ён можа абраць Фінляндыю, дзе дзяржава жыве інавацыямі, або Польшчу, дзе рынак проста шыкоўны.

— Бо ў нас тут конь не валяўся. Беларусь на гадоў 20 спазьняецца за Амэрыкай, і любы бізнэсовец адтуль можа прыехаць сюды, рабіць тое, што ён рабіў 20 гадоў таму ў ЗША, і зарабляць някепскія грошы. І наш народ пакуль не расьпешчаны. У іх грамадзтвы ўжо гадамі спажывецкія. Яны даўно карыстаюцца інавацыямі. А мы толькі пачынаем і можам на гэтым зарабляць без асаблівай напругі. Гэта і прыцягвае.

«У Брытаніі фірму можна адкрыць праз пошту. А ў нас гэта змаганьне»

​— А што б вы самі зьмянілі ў Беларусі ў першую чаргу, калі б атрымалі магчымасьць?

— Найперш — унівэрсытэты. Трэба даць ім тыя прывілеі, якія прадугледжвае Балёнскі працэс — максымальнае самакіраваньне. Калі мы дазволім нашым ВНУ самім ствараць навучальную праграму, то адзін з 50-ці зробіць нешта вартае і дасьць прыклад іншым. Так хутчэй знойдзем тое, што сапраўды працуе. Гэта лепш, чым што пяць гадоў праводзіць нейкія рэформы і чакаць чарговыя пяць, пакуль там нешта зьменіцца.

Трэба даць свабоду і спрасьціць вядзеньне дробнага і сярэдняга бізнэсу. Маладыя стартапы павінны перастаць думаць, як ім плаціць штомесяц грошы, якіх пакуль што ня маюць. У некаторых краінах Эўропы стартапаў не чапаюць 3 гады — пакуль ты разьбярэсься. Трэба фармаваць супольнасьць, якая можа быць мэнтарам для маладых. Бо ідзем навобмацак. Бізнэсоўцаў у нас лічаць ашуканцамі, маўляў, яны ня ходзяць працаваць на завод. Беларусам трэба мяняць гэтую мэнтальнасьць.

— А якая краіна ці кампанія для вас сёньня ўзор, як працаваць, весьці бізнэс?

— Адной краіны няма. Я быў у Казахстане, дзе можна пабачыць і шмат мінусаў. Я там пражыў 4 месяцы і пабачыў, што гэтая краіна разьвіваецца, нагэтулькі там усё проста. Я, беларус, свой бізнэс там мог адкрыць праз інтэрнэт і адразу нешта прадаваць ці аказваць паслугу. Вельмі простыя ўмовы для бізнэсу ў Вялікай Брытаніі. Маем кампанію і там, і мы, беларусы, адкрылі яе праз пошту. Мы ня вельмі вялікая краіна і мусім уводзіць інавацыі проста. Але ў нас гэта ператвараецца ў нейкае змаганьне.

— А дзе вы самі цяпер працуеце?

— У мяне свая студыя вэб-дызайну. Ёсьць свая каманда, зь якой робім праекты. Мы знаходзімся ў Берасьці, у нас тут нядаўна адкрылі тэхнапарк. Дарэчы, яго дырэктарам стаў чалавек, які адказваў за інавацыйны аддзел у нашым унівэрсытэце ў Берасьці. Ён біўся аб сьценку, прыйшоў сюды, каб нешта мяняць, і ў яго выдатна атрымліваецца.

— Антон, а калі б вам прапанавалі паехаць у іншую краіну, дзе зарабляць прасьцей, вы б паехалі?

— Паглядзець і папрацаваць, магчыма, і паехаў бы. Але толькі дзеля досьведу, у вялікай кампаніі, каб паназіраць за бізнэс-працэсамі. Але жыць там я ня змог бы. Бо як бізнэсоўцы мы там вельмі слабыя. Іх там вучаць у школе, як прэзэнтаваць сваю ідэю, як камунікаваць зь людзьмі, а мы, на жаль, заціснутыя.

— Але, тым ня менш, сваё першае вынаходзтва вы зрабілі ў 15 гадоў.

— Калі б у свае 15 гадоў я разглядаў гэта як бізнэс, то было б добра. Для мяне гэта была ўсяго толькі навуковая распрацоўка і толькі каб атрымаць добрую адзнаку. Амэрыканцы ў 15 гадоў ужо думалі б, як гэта ператварыць у справу свайго жыцьця, як дапамагчы людзям і як зарабіць на гэтым грошы. Гэта асаблівасьці мэнталітэту. У нас працуе хлапец з Амэрыкі, беларус, які правёў там усё жыцьцё. Ён паказвае, наколькі мы розныя ў вядзеньні бізнэсу.

«У Казахстане чыноўнікі ня так баяцца прэзыдэнта. У нас жа нават вёску могуць зьнесьці для яго»

Антон Любахінец і сузнавальнік студыі дызайну Ўладзіслаў Клімук
Антон Любахінец і сузнавальнік студыі дызайну Ўладзіслаў Клімук

​— Дарэчы, а чым яшчэ, акрамя IT, Беларусь магла б зарабляць грошы?

— Я ўвогуле лічу, што гэтая сфэра моцна пераацэненая. Ва Ўкраіне айцішнікаў вельмі шмат, і гэта ўжо цяпер прыводзіць да таго, што іх заробкі падаюць. Рана ці позна, але рынак гэтым перанасыціцца.

Маем шмат картаў у рукаве. У Беларусі шмат вытворчых магутнасьцяў. Але яны не выкарыстоўваюцца, бо людзі нашыя ня ўмеюць гэта прадаваць. У нас робіцца шмат цудоўных рэчаў для ўнутранага рынку, але мала хто не задумваецца, што яны могуць быць цікавыя за мяжою. Шмат зроблена, каб разьвіваць сельскую гаспадарку, каб зарабляць на ёй добрыя грошы. Але яна выкарыстоўваецца толькі для ўнутранага рынку.

— Антон, а што вы лічыце сваім самым пасьпяховым экспартным прадуктам?

— Калі казаць пра грошы, то першы праект, які пачаў мне прыносіць грошы, — гэта Teleport. Ён цяпер працуе ў Казахстане. Гэта сэрвіс для турыстаў, які дазваляе ў рэальным часе пабачыць на 360-градусным відэа, што адбываецца ў вашым улюбёным месцы. Можна абменьвацца паведамленьнямі зь іншымі карыстальнікамі. Ідэя ў тым, каб мясцовыя картаграфічныя сэрвісы разьмяшчалі ў сябе выявы з нашых маякоў, якія мы ставім у цікавых мясьцінах па ўсім сьвеце. І чалавек у рэальным часе можа пабачыць гэта месца на відэа ў 360 градусаў. Гэтым моцна зацікавіўся Казахстан, бо яны цяпер імкнуцца прывабліваць турыстаў.

— А чаму б такое не разьвіваць у Беларусі?

— Мы спрабавалі ўсталяваць такі маяк у Берасьці, але ў нас даўжэзная працэдура ўзгадненьня з чыноўнікамі. Трэба шмат чаго ўзгадняць. У Казахстане чыноўнікі ня так баяцца прэзыдэнта, як у нас. У Беларусі могуць нават зьнесьці вёску, разваліны якой можа пабачыць кіраўнік краіны і раззлавацца. Людзі ўсяго баяцца.

— Антон, дык можа стварыце аплікацыю, якое можа замяніць старшыню калгасу ці чыноўніка, каб было прасьцей?

— Так, я бачу цяпер мноства прафэсіяў, якія цяпер проста не патрэбныя. Чыноўнікі моцна пераацэненыя. Але людзі да гэтага пакуль не гатовыя. Можна, вядома, стварыць праграму, якая будзе працаваць без памылак. Але хто будзе адказваць за дзеяньні, якія іншы будзе крытыкаваць? У нас жа заўсёды павінен быць крайні.

«Хачу сустрэцца з Маскам тады, калі змагу распавесьці яму нешта новае»

З камандай
З камандай

​— Антон, урэшце і Маск не канцэнтруецца толькі на зарабляньні грошай. Што вас цікавіць па-за бізнэсам?

— Мой найлепшы праект, які пакуль не прынёс грошай, гэта «Пальчатка для сьляпых». Гэты праект дапамагае людзям. Я зрабіў яго ў 15 гадоў. Тады гэта была скрынка, якая вешаецца на пас. Там ультрагукавы чуйнік, які дазваляе распазнаваць, ці ёсьць перад сьляпым чалавекам прадмет. Калі ён ёсьць, то скрынка пачынае вібраваць. Потым гэта працавала як пальчатка, якая ціснула на руку, калі побач быў прадмет. Затым дадалася камэра, якая навучылася чытаць тэкст і распазнаваць прадмет. І нават тыя некалькі пальчатак, якія я перадаў асацыяцыі інвалідаў зроку, для мяне вельмі важная справа.

Пакуль гэты прадмет ляжыць на паліцы датуль, калі ў мяне зьявяцца свае грошы яго разьвіваць.

— А ад якой працы я адарваў вас гэтым інтэрвію? Якая чарговая інавацыя?

— Цяпер мы ствараем Report. Гэтая мабільная аплікацыя павінна сьцерці межы паміж незнаёмцамі. Мы хочам зрабіць сэрвіс, які дазволіць даваць доступ да вачэй чужых людзей. Калі недзе няма вас або вашага сябра, а вас цікавіць інфармацыя адтуль, то вы можа адправіць запыт на тое месца, і чалавек зь іншага боку адкажа відэа або жывой трансьляцыяй. У будучыні мы хочам гэта пераносіць на акуляры Snapchat або Google Glasses, калі карыстальнік будзе даваць доступ да акуляраў іншаму. Гэта найжывейшая перадача інфармацыі.

— Антон, калі вы ня любіце параўнаньня з Маскам, то параўнаньне з кім вам даспадобы?

— Маска я вельмі люблю. Але я пакуль дробная рыбка. Калі я зараз сустрэнуся з Іланам, то ён запомніць мяне як проста хлопца. А я хачу, каб і ён атрымаў ад мяне нейкую карысную інфармацыю. Каб гадоў праз 10 пасьля сустрэчы з Маскам ён мог бы мяне запомніць ня проста як хлопца з вуліцы, а як чалавека, які даў яму нешта новае і цікавае. А пакуль я проста хлопец зь Беларусі, які нешта спрабуе рабіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG