Апэляцыйны камітэт Беларускай фэдэрацыі футболу па выніках двухдзённага паседжаньня перагледзеў ранейшае рашэньне ды пастанавіў вярнуць барысаўскаму клюбу БАТЭ 3 балы за вераснёўскую перамогу супраць «Слуцку» у чэмпіянаце Беларусі па футболе. Гэтае рашэньне істотна зьмяніла турнірнае становішча, вярнуўшы самай тытуляванай камандзе Беларусі спадзеў на перамогу ў першынстве.
Пры гэтым барысаўскі клюб аштрафаваны на 42 тысячы рублёў.
Свабода падрабязна пісала пра гэтак званую «справу Верамко» — канфлікт паміж БАТЭ і Дысцыплінарным камітэтам Асацыяцыі «Беларуская фэдэрацыя футболу» (АБФФ).
13 кастрычніка дысцыплінарны камітэт АБФФ зьняў з БАТЭ тры балы. Клюбу залічылі тэхнічную паразу ў гульні са «Слуцкам» 23 верасьня зь лікам 0:3, хоць у той дзень БАТЭ разграміла сапернікаў зь лікам 6:0. Як выявілася праз тыдзень пасьля гульні, у склад барысаўскай каманды быў заяўлены брамнік Сяргей Верамко. Але, паводле правілаў, клюб ня меў права гэтага рабіць.
БАТЭ не пагадзіўся з рашэньнем дысцыплінарнага камітэту. Аргумэнтам барысаўскага клюбу было тое, што Сяргею Верамко даслалі няправільныя банкаўскія рэквізыты для аплаты штрафу.
Цэлы месяц клюб БАТЭ і АБФФ публікавалі розныя турнірныя табліцы чэмпіянату на сваіх афіцыйных сайтах. Сёньня гэта ўжо ня так.
Сёлетні чэмпіянат можа стаць першым за апошнія 11 гадоў, калі першае месца ў ім ня зойме БАТЭ.
Ад 2006 году найлепшай камандай году заўжды станавіўся барысаўскі клюб. Часьцей за ўсё — за некалькі тураў да канца турніру. Перамога ў чэмпіянаце Беларусі важная тым, што толькі першае месца дае права гуляць у кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў. Каманды, што занялі другое і трэцяе месца, а таксама пераможца Кубку Беларусі могуць спаборнічаць толькі за права гуляць у Лізе Эўропы.
За два туры да фінішу чэмпіянату Беларусі БАТЭ адстае на адзін пункт ад лідэра салігорскага «Шахтара», апярэджваючы менскае «Дынама» на два. Кожная з камандаў можа набраць максымум па 6 пунктаў.