Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Апраўдаць Пуціна». Адкуль у Эўропе бяруцца абаронцы расейскага і беларускага дыктатараў


Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Віктар Орбан. Каляж
Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Віктар Орбан. Каляж

Гістарычныя траўмы колішніх імпэрый не загойваюцца даўжэй, чым многім здаецца.

Ізаляцыя рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі з боку краін Эўразьвязу не такая шчыльная і аднадушная, як можна было б чакаць. Раз-пораз зь некаторых эўрапейскіх сталіц гучаць спачувальныя галасы ў адрас агрэсараў, заклікі «зразумець Пуціна», адмовіцца ад антырасейскіх і антыбеларускіх санкцый, абмежаваць ці ўвогуле спыніць дапамогу Ўкраіне. І галасоў гэтых з часам не становіцца меней. Чаму так сталася?

Сьцісла:

  • Імпэрская мінуўшчына ўплывае на сучасную палітыку значна болей, чым можна было б чакаць. Фантомныя болі імпэрый куды больш працяглыя, чым жыцьцё аднаго ці двух пакаленьняў.
  • Рэцэпт папулярнасьці Орбана, як і многіх іншых кансэрватыўных папулістаў, у дакладным пападаньні ў рэзананс з грамадзкімі настроямі, пачуцьцямі і чаканьнямі «глыбіннага народу».
  • Орбан — лайтовая, эўрапеізаваная вэрсія Лукашэнкі. Можа, ён і хацеў бы выбудаваць такую ж пажыцьцёвую дыктатуру, ды толькі, знаходзячыся ўнутры Эўразьвязу, гэта зрабіць немагчыма.
  • Найбольш аптымальны для свабоднага сьвету варыянт заканчэньня вайны — гэта не перамога Пуціна, але і не ягоная разгромная параза, небясьпечная новымі выбуховымі хвалямі ад распаду імпэрыі. Верагодна, менавіта да такога фіналу вайны сьвет і набліжаецца.

Заставацца ў складзе Эўразьвязу і адначасова быць эўраскептыкам, сымпатызаваць Пуціну і Лукашэнку, крытычна ставіцца да дапамогі Ўкраіне. Усё гэта — пра вугорскага лідэра Віктара Орбана. У 1998-м ён у 35-гадовым узросьце стаў самым маладым прэм’ер-міністрам сучаснай Вугоршчыны. У 2002 годзе страціў уладу, але ў 2010-м здолеў вярнуцца, і вось ужо паўтара дзесяцігодзьдзя ўзначальвае краіну, якая выразна вылучаецца на тле Эўразьвязу.

Віктар Орбан і Ўладзімір Пуцін. Масква, 2024
Віктар Орбан і Ўладзімір Пуцін. Масква, 2024

Чаму вугорцы на працягу многіх гадоў нязьменна галасуюць за яго? Відавочна, таму, што ён агучвае іхныя надзеі і чаканьні. Так, да той «нелібэральнай дэмакратыі», якую Орбан спрабуе будаваць у Вугоршчыне, у эўрапейскай супольнасьці шмат пытаньняў. Напрыклад, умовы выбараў у краіне нельга назваць цалкам роўнымі і справядлівымі: дзяржаўна прапаганда абслугоўвае інтарэсы Орбана і ягонай партыі «Фідэс». Але да пуцінскай ці лукашэнкаўскай мадэлі ўнутранай палітыкі ў Вугоршчыне ўсё ж далёка: галасы на выбарах там лічаць, акцыі пратэсту дазваляюць і не разганяюць, а палітзьняволеных у краіне няма.

Фантомныя болі імпэрыі

Рэцэпт папулярнасьці Орбана, як і многіх іншых кансэрватыўных папулістаў — у дакладным пападаньні ў рэзананс з грамадзкімі настроямі, пачуцьцямі і чаканьнямі «глыбіннага народу». А гэты «глыбінны народ» у Вугоршчыне, як выяўляецца, у вялікай масе калі і не падтрымлівае Пуціна, то ставіцца да ягонай палітыкі з разуменьнем і спачуваньнем. Чаму?

Можна меркаваць, многае тлумачыцца тым, што вугорцы ў свой час таксама перажылі распад імпэрыі. Здарылася тое даўно, стагодзьдзе таму. Здавалася б, мінула гэтулькі часу, памяняліся многія пакаленьні, старыя раны і траўмы павінны б загаіцца. Але выглядае, імпэрская мінуўшчына ўплывае на сучасную палітыку значна болей, чым можна было б чакаць. Фантомныя болі імпэрый значна больш працяглыя, чым жыцьцё аднаго ці двух пакаленьняў.

Карыкатура на тэму Трыянонскай мірнай дамовы 1920 году
Карыкатура на тэму Трыянонскай мірнай дамовы 1920 году

Гледзячы на мапу сучаснай Эўропы, цяжка ўявіць, што межы Вугоршчыны (як складовай і раўнапраўнай часткі Аўстра-Вугорскай імпэрыі) на пачатку ХХ стагодзьдзя сягалі польскіх Татраў на поўначы і ўзьбярэжжа Адрыятычнага мора на поўдні. Параза ў Першай сусьветнай вайне мела для вугорцаў фатальныя наступствы. Краіна страціла 72% колішніх тэрыторый і 64% насельніцтва (Славаччына стала часткай Чэхаславаччыны, Трансыльванія адышла да Румыніі, вялікія тэрыторыі на поўдні атрымала Югаславія). У Вугоршчыны забралі выхад да мора, 88% лясных рэсурсаў, 83% вытворчасьці чыгуну... Трыянонская дамова 1920 году стала для вугорцаў нацыянальнай трагедыяй.

«Вярніце тое, што адабралі!»

Чымсьці падобным для беларусаў тады стала Рыская дамова 1921 году, паводле якой Польшча і Савецкая Расея «абрэзалі» тэрыторыю БССР да шасьці паветаў колішняй Менскай губэрні. Але БССР за наступныя дваццаць гадоў здолела аднавіць амаль усё, што было страчана (узбуйненьне 1924 і 1926 гадоў, далучэньне Заходняй Беларусі ў 1939-м).

Вугоршчына спрабавала зрабіць нешта падобнае. Лёзунг «Вярніце ўсё!» стаў адным з галоўных падчас міжваеннай дыктатуры Міклаша Хорці. У краіне з нагоды падпісаньня Трыянонскай дамовы абвесьцілі нацыянальную жалобу. Усе нацыянальныя сьцягі былі прыспушчаныя ажно да 1938 году. У школах дзеці штодня перад заняткамі чыталі малітву аб узьяднаньні радзімы. У розных кутках краіны былі ўзьведзены «Трыянонскія помнікі» як знакі жалобы па разрэзанай радзімы...

Пратэст у Вэнгрыі супраць Трыянонскай дамовы ў 1929
Пратэст у Вэнгрыі супраць Трыянонскай дамовы ў 1929

Якую сувязь гэта мае зь сёньняшнім вугорскім грамадзтвам? Як ні дзіўна, менавіта тая даўняя гісторыя — аснова ідэалёгіі Орбана. Гэта дзякуючы высілкам ягонага правага ўраду 4 чэрвеня, дзень «Трыянонскай ганьбы», пачынаючы з 2010 году, стаў адзначацца як мэмарыяльны «Дзень нацыянальнай еднасьці».

Знак да 100-годзьдзя Трыянонскай мірнай дагавора ў Саторальяйхейлі, Вэнгрыя, 6 чэрвеня 2020
Знак да 100-годзьдзя Трыянонскай мірнай дагавора ў Саторальяйхейлі, Вэнгрыя, 6 чэрвеня 2020

Пры ім на месцы колішніх помнікаў камуністычным лідэрам пачалі зьяўляцца помнікі Міклашу Хорці, які змагаўся за аднаўленьне страчанай імпэрыі. Зь ягонай ініцыятывы ў нацыянальным заканадаўстве зьявіўся шэраг спрэчных (з пункту гледжаньня дэмакратычных стандартаў) абмежаваньняў на дзейнасьць журналістаў, ад якіх цяпер патрабуецца разьдзяляць ідэі вугорскай ідэнтычнасьці і вугорскай супольнасьці.

Імпэрскія сталіцы з правінцыйным лёсам

Згадка пра Міклаша Хорці міжволі схіляе да ўспамінаў пра міжваеннае дваццацігодзьдзе, калі ў Эўропе на руінах колішніх імпэрый адна за другой паўставалі новыя дзяржавы, значная колькасьць якіх пасьля пачатковага ня надта ўдалага дэмакратычнага досьведу ператваралася ў аўтакратыі і дыктатуры. Ня толькі Вугоршчына — Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Румынія, Баўгарыя... Многія зь іх у канцы 30-х сталі саюзьніцамі Гітлера. А карані хаваліся ў тым жа распадзе імпэрый, несправядлівым пасьляваенным падзеле сьвету, узаемных памежных прэтэнзіях. Балюча перажыўшы распад імпэрый і паразу ў вайне, пакутуючы ад эканамічных праблем, грамадзтвы многіх з гэтых краін прагнулі рэваншу, аднаўленьня былой велічы, адплаты за прыніжэньні.

Вэнгерская дэлегацыя пакідае палац Вялікі Трыанон у Вэрсалі пасьля падпісаньня дамовы, 4 чэрвеня 1920
Вэнгерская дэлегацыя пакідае палац Вялікі Трыанон у Вэрсалі пасьля падпісаньня дамовы, 4 чэрвеня 1920

У выпадку з Вугоршчынай гэта было асабліва выразна відаць. Зблізіўшыся з Гітлерам і ўзяўшы ўдзел у Другой сусьветнай вайне на баку Нямеччыны, Хорці атрымаў у 1938-1940 гадах з рук фюрэра многія са страчаных тэрыторый — частку Славаччыны, Закарпацкую Ўкраіну, частку румынскай Трансыльваніі, пазьней — югаслаўскую Ваяводзіну. Праўда, усё гэта па выніках Другой сусьветнай давялося вярнуць, а Вугоршчына зноў апынулася ў ліку пераможаных.

У Эўропе ў міжваенны пэрыяд адбываўся своеасаблівы парад аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў. Існаваў масавы запыт на «моцную руку». У маленькай Аўстрыі, яшчэ адным аскепку колішняй Аўстра-Вугорскай імпэрыі, Гітлера сустракалі ў 1938-м, падчас аншлюсу, кветкамі і бравурнымі маршамі сотні тысяч радасных аўстрыйцаў.

Міклаш Хорці і Адольф Гілер, 1938
Міклаш Хорці і Адольф Гілер, 1938

Сёньняшнія Будапэшт і Вена — учорашнія імпэрскія сталіцы з правінцыйным лёсам маленькіх краін — сёньня зноў дружна галасуюць за папулістаў і нацыянал-радыкалаў, якія ў той ці іншай форме апэлююць да колішніх часоў нацыянальнай велічы і магутнасьці і гатовыя калі не апраўдаць, дык зразумець Пуціна. Цені мінуўшчыны нібы ажываюць на мапе эўрапейскага кантынэнту.

Орбан і Лукашэнка

Орбана часта параўноўваюць з Лукашэнкам. Асабліва з Лукашэнкам раньнім, калі ён толькі пачынаў выбудоўваць сваю аўтакратычную вэртыкаль, паступова абмяжоўваючы свабоду слова, заціскаючы апазыцыю, ігнаруючы міжнародна прынятыя нормы паводзінаў, сварачыся з суседзямі.

Віктар Орбан і Аляксандар Лукашэнка. 2020
Віктар Орбан і Аляксандар Лукашэнка. 2020

Яны не хаваюць сымпатыі адзін да аднаго. Орбан быў адзіным эўрапейскім лідэрам, які наведаў Менск у 2020-м, калі ў Беларусі ўжо пачыналі разгортвацца драматычныя падзеі, зьвязаныя з выбарчай кампаніяй таго году. Лукашэнка тады не шкадаваў камплімэнтаў у адрас госьця: называў яго «самым блізкім партнэрам у Эўразьвязе», які, «як ніхто іншы, разумее нас і спрыяе паглыбленьню нашых адносін з ЭЗ».

Досыць часта наведвае Менск міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта, празь якога беларускія ўлады спрабуюць намацваць магчымасьці нармалізацыі адносін з Эўразьвязам. Зрэшты, пакуль што без прыкметнага плёну.

Зразумела, што Орбан — лайтовая, эўрапеізаваная вэрсія Лукашэнкі. Можа, ён і хацеў бы выбудаваць такую ж пажыцьцёвую дыктатуру, ды толькі, знаходзячыся ўнутры Эўразьвязу, гэта наўрад ці магчыма. Прынамсі на гэты момант.

Эўрапейская «вось аўтакратаў»

Але сытуацыя на кантынэнце мяняецца. «Правы марш» эўраскептыкаў, нацыяналістаў, «пуцінфэрштэераў» шырыцца. З сымпатыяй да пуцінскай і лукашэнкаўскай дыктатур ставяцца ня толькі Орбан у Вугоршчыне, а і славацкі лідэр Робэрт Фіца, і «Аўстрыйская партыя свабоды» з Гербэртам Кіклем на чале, які ўсё больш настойліва рвецца да ўлады, і кіраўнікі некаторых балканскіх краін. Усё больш галасоў набіраюць на выбарах «Альтэрнатыва для Нямеччыны» ў ФРН і «Нацыянальнае аб’яднаньне» ў Францыі. Даўно спачылыя хімэры 20-30-х гадоў мінулага стагодзьдзя нібы ажываюць у нас на вачах.

Робэрт Фіца і Віктар Орбан, 2024
Робэрт Фіца і Віктар Орбан, 2024

І тут для Эўропы надзвычай істотна тое, якая будучыня чакае Расею, якая сілкуе ўсе гэтыя рухі, спрабуе выбудаваць «вось аўтакратаў», якая б аб’ядноўвала дыктатуры і аўтакратычныя рэжымы, аслабляла дэмакратыю і сам падмурак Эўразьвязу. Гэтак жа, як у міжваенныя дзесяцігодзьдзі Італія, а ўсьлед за ёй Гішпанія і Нямеччына, пашыралі сілавое поле і спараджалі, клікалі да жыцьця, падахвочвалі, распаўсюджвалі дыктатуры правага толку па ўсім кантынэнце.

Вось чаму такой небясьпечнай магла б стаць перамога Расеі ў вайне з Украінай. Але і разгромная параза пуцінскай імпэрыі спарадзіла б у будучыні новыя выклікі і небясьпекі для Эўропы і сьвету. Патрыярх амэрыканскай і сусьветнай палітыкі Генры Кісынджэр задоўга да пуцінскага ўварваньня ва Ўкраіну прадбачыў:

«Расея — вялізная краіна, якая перажывае вялікую ўнутраную траўму (пасьля распаду СССР). Расея мае патрэбу ў самаўсьведамленьні таго, што яна застаецца значнай дзяржавай. Мы, пэўна, маглі б выйграць новую халодную вайну, але дзяржаўныя мужы павінны разумець межы. Няўжо мы хочам атрымаць яшчэ адну Югаславію, ахопленую канфліктамі, але якая будзе распасьцірацца ад Пецярбургу да Ўладзівастоку? Гэта не ў інтарэсах Амэрыкі».

Найбольш аптымальны для свабоднага сьвету варыянт — гэта не перамога Пуціна, але і не ягоная разгромная параза, небясьпечная новымі выбуховымі хвалямі ад распаду імпэрыі. Верагодна, якраз да такога фіналу вайны мы і набліжаемся. А дыктатарскі рэжым Лукашэнкі — гэта толькі дробны эпізод, зьвяно ў ланцужку, прычапная дрызіна да пуцінскага паравоза, асуджаная на тое, каб рухацца ўсьлед за ім, куды б той ні накіроўваўся.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG