Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусізацыя спорту адначасова незваротная і пад пагрозай. Тлумачыць Ігар Случак


«Моўны інспэктар» Ігар Случак складае рэйтынг беларускамоўнасьці спартовых клюбаў Беларусі за 2017 год і ўжо бачыць пазытыўныя тэндэнцыі. Канчатковую вэрсію рэйтынгу ён абяцае прэзэнтаваць на Каляды.

Летась Ігар Случак не рабіў падрабязнага «рэйтынгу беларускамоўнасьці», абмежаваўся толькі апытаньнем заўзятараў. Сёлета, кажа Ігар Свабодзе, ён вяртаецца да фармату, у якім дэталёва разглядае ўсе аспэкты спартовага жыцьця на стадыёне і за яго межамі, даючы пэўную колькасьць балаў за беларускую мову ў кожным з аспэктаў, зьбіраецца разгледзець каля 150 клюбаў у розных відах спорту.

Ігар Случак
Ігар Случак

«У параўнаньні з 2014 і 2015 гадамі я бачу добрыя зрухі — больш клюбаў пачалі ўжываць беларускую мову, — кажа Случак. — У 2014 годзе ў рэйтынгу было 100 пазыцыяў, і толькі 15 месцаў набралі нейкія балы, астатнія мелі нуль. У 2015-м таксама было толькі 15 месцаў з баламі, астатнія былі „нулявыя». У сёлетнім рэйтынгу разы ў два павінна павялічыцца хоць нейкае ўжываньне беларускай мовы, і стала больш клюбаў, якія ўжываюць родную мову даволі шмат».

Ён дадае, што цяпер будзе і цяжэй вызначыць пераможцу. У 2014-м годзе ФК «Тарпэда-Менск» было «на галаву вышэй» за астатніх, у 2015-м іх зь невялікім адрывам абагналі баскетбольныя «Цмокі-Менск», цяпер жа, кажа Случак, давядзецца дадаваць у рэйтынг больш пунктаў і магчымых балаў (максымум 300), каб максымальна ўлічыць усе аспэкты.

Які спорт «беларускамоўны», а які не

Папярэдне Случак мяркуе, што ў лідэрах рэйтынгу будуць футбольныя «Крумкачы», «Нёман» і «Тарпэда», гандбольны «Віцязь», баскетбольныя «Цмокі».

Амаль усе футбольныя клюбы Найвышэйшай лігі цяпер пачалі ўжываць беларускую мову, адзначае Случак. Той жа «Нёман» робіць беларускамоўнымі нават шыльдачкі ў разьдзявальнях, хоць некалі ён быў адным з самых «расейскамоўных». БАТЭ доўга адмаўлялася ад беларускай мовы, нават у вершах, але «здалася» і цяпер зрабіла нават беларускамоўныя праграмкі гульні з «Арсэналам». Менскае «Дынама» замацавала нумар 100 за сваім адданым фанатам — пісьменьнікам Піменам Панчанкам. Закрыцьцё мінулага сэзону футбольная фэдэрацыя правяла цалкам па-беларуску.

«Рэйтынг небеларускамоўных»: 5 футбольных клюбаў, што ігнаруюць беларускую мову

Тым часам у пляне беларусізацыі хакей «ня проста адстае, а знаходзіцца пад зямлёй», кажа Случак. Калі ў 2014 годзе хакейнае «Дынама-Менск» заняла 7-е месца, сёлета «хіба ў дваццатку ўвойдуць, і то толькі за беларускамоўны гімн». У іншых клюбаў — у тым ліку клюбаў Экстралігі і Найвышэйшай лігі — беларуская мова амаль нідзе не сустракаецца, «трэба мінусавыя балы ставіць». Да мінулага году нават рэглямэнты забаранялі пісаць прозьвішчы гульцоў па-беларуску, цяпер жа «прозьвішча хакеіста павінна адпавядаць напісаньню ў паперах, што падаюцца перад матчам».

У баскетболе, кажа Случак, «беларускамоўнымі» сябе паказваюць толькі «Цмокі», больш у баскетболе «беларускамоўнага няма».

Да сёлетняга сэзону «ўсё глуха» было і ў гандболе, але цяпер клюб «Віцязь», які ў 2014 і 2015 гадах меў па нулі балаў, мае стаць адным зь лідэраў, калі ня лідэрам «рэйтынгу беларускамоўнасьці»: на беларускай мове эмблема, сайт, прамовы дыктара, нават таблё, якое Случак называе «старажытным», але ўсё роўна здольным працаваць зь беларускай мовай.

Error rendering VK.

Пры гэтым дырэктар «Віцязя» паводле паходжаньня расеец, спэцыяліст па маркетынгу — паляк, а робяць адзін з самых беларускамоўных клюбаў, адзначае Случак.

А калі дзяржава возьме і скасуе «беларусізацыю»?

Як прыгадвае Случак, «абеларушваньне» спорту пачалося прыблізна з 2012 году — і першымі беларускую мову на стадыёны прынесьлі фанаты. Клюбы «адставалі ад заўзятараў», і тады да іх з пытаньнямі пра выкарыстаньне беларускай мовы пачаў зьвяртацца сам Случак. А потым усё грамадзтва пачало больш прыхільна ставіцца да мовы — здарылася «хваля з вышыванкамі, беларускамоўнай рэклямай». А «разнарадкі зьверху», разважае Случак, не было: хутчэй, клюбам проста сказалі не баяцца выкарыстоўваць беларускую мову.

«Купалінка» на трыбунах «Барысаў-Арэны»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:37 0:00

«Нават калі адміністрацыйнымі мэтадамі пачнуць згортваць беларускую мову ў спорце, фанаты дакладна ад яе не адвернуцца, бо яны прыносілі беларускую мову ў спорт, калі яшчэ не было такога трэнду, — мяркуе Случак. — Яшчэ тады, калі не было ўкраінскіх падзеяў, якія мо паўплывалі на кіраўніцтва нашай дзяржавы, фанаты адышлі ад імпэрскай, „ярускай» пазыцыі. Яшчэ тады бачыў, як гомельскія фанаты рабілі банэры з надпісамі кшталту „у майках ЯРУССКИЙ не прыходзь, не ганьбуй сябе».

Яшчэ ў пачатку 2000-х у фанатаў была такая славянская ідэя з ухілам на Расею. Цяпер славянізм мо і застаўся, але ён стаў беларускім — што мы, беларусы, абсалютна адрозныя. Мо фанаты яшчэ не зусім ведаюць мову, няшмат беларускай культуры, але яны сябе атаясамляюць зь Беларусьсю ў сымболіцы, у мове на банэрах. Такія рэчы ня зьнікнуць».

Беларускую мову чакае вялікая праблема, калі дзяржаўная палітыка ня зьменіцца

Нядаўна «больш беларускай» стала і нацыянальная футбольная зборная, якая цяпер выступае ў «бел-чырвона-белай» форме і мае беларускую мянушку з адсылкай да творчасьці Ўладзімера Караткевіча — «Каманда пад белымі крыламі». Случак кажа, што да такой каманды ставіцца прыхільна нават у іх кепскія часы (у адборы на чэмпіянат сьвету нават Люксэмбург і Фарэры выступілі лепей), успрымае як «сваю», якой бы яна не была на полі. Так сама, мяркуе Случак, думаюць і фанаты.

Калі клюб (ці зборная) камунікуе з фанатамі па-беларуску, напрыклад у сацсетках, зьяўляецца пэўная доля тых, хто адказвае па-беларуску, заўважае Случак. Людзі «падключаюцца» да мовы, калі яе ім прапануюць, бо застаецца высокім «пасіўнае валоданьне» мовай.

«Але, на жаль, ёсьць даволі жорсткая тэндэнцыя, што маладыя людзі, якім гадоў па 15, могуць зусім ня ведаць беларускай мовы, — адзначае Случак. — А гэта кепская сытуацыя для нацыянальнай ідэі, для нацыянальнай дзяржавы, калі частка маладога пакаленьня ня ведае сваёй мовы не таму, што прынцыпова ня хоча яе ведаць, а проста таму, што ня ведае: кантакты толькі ў расейскамоўным асяродзьдзі, у школе праходзяць беларускую як замежную, не разумее неабходнасьць і сэнс сваёй мовы. І нават сярод не такіх і маладых, каму 20-25 гадоў, заўважаю: калі яны хочуць перайсьці на беларускую мову, каб са мной паразмаўляць, у іх выходзіць два беларускія словы, тры ўкраінскія і пяць расейскіх.

Нават калі чалавек хоча сам гаварыць па-беларуску, але ня мае слоўнікавага запасу, гэта бывае вельмі цяжка. Чаго ўжо казаць пра тых, хто ніколі не задумваўся пра тое, што на беларускай мове можна размаўляць. У будучыні нас чакае вялікая праблема, калі цяпер дзяржаўная моўная палітыка ня стане сапраўды збалянсаванай, каб прававыя акты, сайты, блянкі, інфармацыя аб таварах была на дзьвюх дзяржаўных мовах, каб прынамсі быў выбар.

Бо калі амаль няма сярэдніх навучальных установаў па-беларуску, калі няма ўнівэрсытэту, можна зразумець простага чалавека: ён бачыць усё па-расейску і можа не задумвацца, навошта яму беларуская, так прасьцей жывецца. Мова — гэта ў першую чаргу сродак камунікацыі, спрашчэньня жыцьця. Ня кожны разумее каштоўнасьць яе нацыянальнай часткі».

Глядзіце таксама:

Форвард Мікалай Януш — адзіны футбаліст нацыянальнага першынства, які карыстаецца роднай мовай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:47 0:00

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG