Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапаганда паказала зьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка пасьля 2 гадоў у рэжыме інкамунікада


Ігар Лосік, архіўнае фота
Ігар Лосік, архіўнае фота

На дзяржаўным беларускім тэлеканале ОНТ паказалі другую частку прапагандысцкага фільму пра журналістаў Радыё Свабода, якія нібыта «спрабавалі падпаліць Беларусь».

Увечары 15 студзеня на тэлеканале ОНТ паказалі другую сэрыю прапагандысцкага фільму пад назвай «Свабода слова».

У 25-хвілінным роліку паказалі журналіста Свабоды Ігара Лосіка, якога затрымалі 25 чэрвеня 2020 году і асудзілі на 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Грамадзкасьці вядома, што апошні ліст ад Ігара прыйшоў бацькам 20 лютага 2023 году. Адпаведна, каля двух гадоў Ігар знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада — бяз сувязі са зьнешнім сьветам.

На відэа Ігар выглядае схуднелым. Гутарыць зь ім прапагандыст Андрэй Аляксандраў (Козел), вядомы тым, што разам зь сілавікамі езьдзіць на палітычныя затрыманьні апанэнтаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Гутарка з Лосікам запісвалася ў турэмных умовах: відаць, што зьверху падае сьнег, вакол краты і турэмныя сьцены. Ігар каротка пастрыжаны. З рота ў Лосіка і прапагандыста Козела ідзе пара, што сьведчыць пра нізкую тэмпэратуру. Ігар у час запісу згорблены.

Запіс, імаверна, адбываўся ў сьледчым ізалятары КДБ у Менску, вядомым як «Амэрыканка», пра што сьведчыць, напрыклад, знакамітая вінтавая лесьвіца ў турме.

Перад пачаткам запісу канваір вядзе яго па крутой лесьвіцы з закладзенымі ззаду рукамі, нейкі час ён стаіць тварам да сьценкі. Запіс зроблены ў цёмны час сутак, у паўзмроку, на фоне кратаў. Ігар бяз шапкі, у турэмнай куртцы.

Радыё Свабода кіруецца правілам не цытаваць выказваньняў, невядома якім чынам атрыманых ад чалавека, які знаходзіцца ў зьняволеньні.

У канцы відэа зьявіўся анонс наступнай сэрыі фільму прапагандыстаў, у якім мае зьявіцца былы журналіст Радыё Свабода Ігар Карней, затрыманы ў ліпені 2023 году. Сэрыю зь ім зьбіраюцца паказаць 16 студзеня.

Як вынікае з праграмы ОНТ на гэты тыдзень, таксама плянуюць паказаць і размову з апазыцыйным актывістам Юрасём Зянковічам, фігурантам так званай «справы змоўнікаў», які мае беларускае і амэрыканскае грамадзянства.

14 студзеня ў першай сэрыі прапагандысцкага праекту «Свабода слова» тэлеканал ОНТ паказаў зьняволенага ўжо тры гады журналіста Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка.

Перасьлед Ігара Лосіка

Ігара Лосіка затрымалі ранкам 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Яго абвінавацілі паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх»), а пазьней яшчэ паводле двух артыкулаў — 293-га і 130-га. Цягам 41 дня (з 15 сьнежня 2020 па 25 студзеня 2021 году) Ігар трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць выстаўленьня новых абвінавачаньняў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкула ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ.

14 сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Камэнтуючы прысуд праз жонку Дар‘ю, Ігар расказаў, што ў ягонай справе не было ніводнай экспэртызы і ніводнага паста, які б даказваў яго віну па прад’яўленых артыкулах.

18 кастрычніка 2022 году сілавікі затрымалі жонку Ігара Дар‘ю Лосік, якая змагалася за вызваленьне мужа. Яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Яна датэрмінова выйшла на волю 3 ліпеня 2024 году.

Пасьля прысуду Ігара Лосіка ўтрымліваюць у Наваполацкай калёніі № 1. Шмат месяцаў ён правёў у памяшканьні камэрнага тыпу, неаднаразова яго пасылалі ў штрафны ізалятар. Праваабаронцам стала вядома, што ў сакавіку 2023 году Ігар у адказ на прэсінг з боку адміністрацыі калёніі лязом парэзаў сабе руку і шыю.

Усе адвакаты Ігара Лосіка (а іх было ня менш за 4) былі вымушаныя або выехаць з краіны, або разьвіталіся з адвакацкай ліцэнзіяй. Апошняя, пятая па ліку абаронца з Наваполацкай адвакацкай канторы сама прапанавала бацькам Ігара скасаваць дамову, калі даведалася, хто яе падабаронны і які тэрмін ён атрымаў. Вядома, што апошні ліст ад сына бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 году.

Праваабаронцы прызналі Ігара і Дар’ю Лосікаў палітзьняволенымі. Рабочая група Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у адвольных затрыманьнях прызнала, што ўрад Беларусі парушыў міжнароднае права ў галіне правоў чалавека, кінуўшы яго за краты.

Перасьлед Андрэя Кузьнечыка

25 лістапада 2021 году журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка затрымалі каля дому, у кватэры ўчынілі ператрус, забраўшы грошы, тэхніку і іншыя прадметы. Спачатку яму двойчы прысудзілі па 10 сутак арышту нібыта за «дробнае хуліганства», а 23 сьнежня 2021 году стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу. Сям’я і грамадзкасьць даведаліся пра сутнасьць абвінавачаньня толькі праз паўгода пасьля затрыманьня.

8 чэрвеня 2022 году Магілёўскі абласны суд пакараў Андрэя Кузьнечыка 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя. Сваёй віны Андрэй Кузьнечык не прызнаў. За дзень да затрыманьня ён напісаў своеасаблівы маніфэст, у якім патлумачыў сваё рашэньне застацца ў Беларусі, нягледзячы на пагрозы.

У верасьні 2022 году МУС уключыла Кузьнечыка ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці». Праваабаронцы прызналі яго палітзьняволеным.

Перасьлед Радыё Свабода

  • У жніўні 2020 году ўлады Беларусі заблякавалі доступ да сайта Радыё Свабода і яшчэ больш як да 40 выданьняў на тэрыторыі краіны. Журналістаў Беларускай службы Радыё Свабода пазбавілі акрэдытацый.
  • У ліпені 2021 году сілавікі ўварваліся ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе, сканфіскавалі тэхніку.
  • 3 сьнежня 2021 году суд Цэнтральнага раёну Менску па матэрыялах ГУБАЗіК МУС Беларусі прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Радыё Свабода — Беларусь», яе аналягі ў сацыяльных сетках і на відэагостынгу YouTube экстрэмісцкімі матэрыяламі.
  • 23 сьнежня 2021 году МУС Беларусі прызнала «групу грамадзян, якія аб’ядналіся праз інтэрнэт-рэсурсы „Радыё Свабода“», экстрэмісцкім фармаваньнем, фактычна крыміналізаваўшы дзейнасьць мэдыяарганізацыі, яе журналістаў і аўдыторыі.
  • Згодна зь міжнароднай арганізацыяй «Рэпартэры бязь межаў», у сусьветным рэйтынгу свабоды прэсы Беларусь за год апусьцілася на 10 пазыцый і цяпер займае 167-ы радок сярод 180 краінаў сьвету.
  • Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 42 прадстаўнікі незалежных мэдыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG