Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэрацыя «Пераемнік» нідзе не атрымалася так, як была задумана ад пачатку, — Вадзім Дубноў


Уладзімір Пуцін і Барыс Ельцын. Масква, 1998
Уладзімір Пуцін і Барыс Ельцын. Масква, 1998

Палітычны аглядальнік службы «Эхо Кавказа» Радыё Свабода Вадзім Дубноў разважае, у чым галоўная інтрыга прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, і заяўляе, што Аляксандар Лукашэнка ўжо даўно не прапануе ніякай мадэлі разьвіцьця.

Сьцісла:

  • Галоўная інтрыга ў тым, ці будуць гэтыя выбары апошнімі для Лукашэнкі.
  • Лукашэнка змагаецца не з канкурэнтамі і нават ня з часам — ён змагаецца з самім сабой наступнага тэрміну.
  • Лукашэнка проста прапануе безальтэрнатыўнасьць выжываньня.
  • Спадчынная мадэль перадачы ўлады дастаткова рызыкоўная.
  • Мэта Лукашэнкі — дажыць да 2030 году, а там чарговы раз паабяцаць транзыт і зноў застацца прэзыдэнтам.
  • Такой волі і прагі да ўлады, як у Лукашэнкі, за 30 гадоў у Беларусі не было ні ў кога.

— Нават паводле беларускіх аўтарытарных мерак сёлетнія прэзыдэнцкія выбары адрозьніваюцца, бо ніколі ў Беларусі не было такіх безальтэрнатыўных выбараў цалкам пад кантролем улады ва ўмовах масавых рэпрэсій. З гэтага пункту гледжаньня, на якія выбары на постсавецкай прасторы падобныя цяперашнія беларускія? З каго Лукашэнка бярэ прыклад?

— З самога сябе, з Лукашэнкі. Першая, даволі млявая аналёгія — зь беларускімі выбарамі 2015 году. Аднак зараз усё ж іншы палітычны кантэкст. Тады, у 2015 годзе, выбары ня выклікалі ўвогуле ніякай цікавасьці, таму што ўсё было абсалютна зразумела.

Вадзім Дубноў
Вадзім Дубноў

Зараз, мне здаецца, у гэтых выбарах ёсьць нейкая інтрыга. Яна трошкі віртуальная, але істотная. Інтрыга ў тым, ці будуць гэтыя выбары апошнімі для Лукашэнкі. Як кажуць праграмісты, кожная з апошніх памылак аказваецца перадапошняй. Так і тут: кожныя выбары называюць апошнімі, але яны аказваюцца перадапошнімі.

Лукашэнка змагаецца не з канкурэнтамі і нават ня з часам — ён змагаецца з самім сабой наступнага тэрміну. Безальтэрнатыўнасьць Лукашэнкі таксама крыху асаблівая, бо мае іншае паходжаньне, іншы архетып.

Скажам, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў безальтэрнатыўны, бо прывучыў усіх да думкі аб сваёй безальтэрнатыўнасьці. А гэтая думка важнейшая за адсутнасьць супернікаў. Проста ўсе ведаюць, што нікога іншага няма і ня будзе. Аліеў прапануе краіну, якая перамагае, краіну, якая дынамічна рвецца ў рэгіянальныя, а можа быць, і глябальныя лідэры і гэтак далей — гэты драйв ён прапануе выбарніку. І гэта кожны раз працуе на ягоны вобраз. Пры тым, што ў Аліева ёсьць унутрыпалітычныя праблемы, яму трэба наладжваць стаўленьне сваёй эліты, якую ён мяняе і гэтак далей.

А ў Лукашэнкі гэтага няма, ён проста прапануе безальтэрнатыўнасьць выжываньня. І аказваецца, што гэты від безальтэрнатыўнасьці аказваецца больш эфэктыўным і надзейным за ўсе астатнія, калі браць проста статыстыку. Бо пайшоў чацьвёрты дзясятак гадоў ягонай улады.

І ягоная лёгіка — «дажыць да вечара, а раніцай паглядзім, як жыць далей». Гэта такая сьціплая, бяз выклікаў, лёгіка: хлопцы, нам у гэтым цяжкім сьвеце трэба выжываць, бо вакол ворагі. Ён не прапануе ніякай мадэлі ўжо даўно. Раней хоць расказваў нейкія гісторыі пра шчасьлівую савецкую мінуўшчыну, але гэты рэсурс таксама вычарпаны. Ён проста прапануе мадэль мабілізацыі для выжываньня, і з гэтай мабілізацыяй ён дае рады лепш, чым хто б там ні быў. Такіх мадэляў на постсавецкай прасторы больш няма.

— Калі ўжо вы ўспомнілі Аліева, то многім беларусам менавіта гэты досьвед вельмі цікавы. У тым сэнсе, што цяперашні прэзыдэнт Азэрбайджана — гэта сын папярэдняга прэзыдэнта, які стаў пераемнікам. І такая магчымасьць абмяркоўваецца і ў Беларусі. Як вы на гэта гледзіце, ці можа гэтая схема спрацаваць у беларускім выпадку?

— Я думаю, што спадчынная мадэль перадачы ўлады дастаткова рызыкоўная. Калі пераемнікам сапраўды стане сын Лукашэнкі, то тут будзе важны ня чыньнік сваяцтва, а чыньнік той вагі, якую за гэты час ён здолее набыць. Бо няхай ён хоць тысячу разоў будзе сынам, але калі не набярэ апаратных цягліцаў, то доўга не працягне.

Беларуская сытуацыя не азэрбайджанская. Яе, дарэчы, хутчэй трэба параўноўваць ня столькі з Азэрбайджанам, колькі з Чачэніяй. Там, праўда, «акул і кракадзілаў» болей, гэтыя акулы і кракадзілы значна жвавейшыя, чым у Беларусі, але мы ня ведаем, як сябе будуць паводзіць гэтыя людзі, калі настане «час Ч». Схільнасьць да інтрыг можа прачнуцца ў самым бяскрыўдным чалавеку.

Таму я думаю, што калі спадкаемца кінецца ў гэтую барацьбу, то ўжо павінен быць ня проста пераемнікам, а гульцом, які павінен быць першым сярод роўных, а не генэтычна роўных.

— З улікам таго, што вы сказалі пра галоўную інтрыгу, ці будзе гэты тэрмін апошнім? Ці можа Лукашэнка, улічваючы ўсе абставіны міжнароднай абстаноўкі, улічваючы сваё здароўе, усё ж паставіць перад сабой задачу на гэты тэрмін усур’ёз рыхтаваць транзыт улады? Або зноў, як і раней: абы «дачакацца да заўтра, а там паглядзім»?

— Я думаю, што калі Лукашэнка загаварыў пра «транзыт», то стала ясная ягоная задача — дажыць да 2030 году, а там паабяцаць чарговы раз транзыт. Так што тут пытаньне хутчэй біялягічнае.

Можна параўнаць сытуацыю з Іранам, дзе вельмі стары кіраўнік і ягоны ўзрост зьяўляецца чыньнікам палітычным.

Думаю, Лукашэнку пакуль удасца захоўваць свой рэжым, дзе ўсё альтэрнатыўнае жывое будзе чакаць свайго часу, не рызыкуючы выйсьці на фальстарт ці няправільна разьмеркаваць сілы.

— Лічыцца, што Лукашэнку крыху спалохаў досьвед Казахстана, транзыт улады ад Назарбаева, і ён фактычна згарнуў падобныя дзеяньні, якія былі накіраваныя на нейкія зьмены ў гэты бок. Усебеларускаму народнаму сходу ў новай Канстытуцыі далі вялікія паўнамоцтвы, але потым яго «замарозілі», адсунулі на ўзбочыну палітычнага жыцьця. Ці лічыце вы, што сапраўды казахстанскі досьвед мог так паўплываць на Лукашэнку?

— Я думаю, хутчэй не паўплываць, а пацьвердзіць увесь папярэдні досьвед. Бо на самой справе, калі не лічыць спэцыфічнага варыянту ў Расеі, апэрацыя «Пераемнік» нідзе не атрымалася так, як была задумана ад пачатку.

Паўсюль яна стала нагодай для нейкіх брутальных падзеяў. І гэта магло пераканаць Лукашэнку, што ўсе гэтыя глупствы трэба адхіліць і кіраваць, пакуль кіруецца. Але я думаю, што варыянт пераемніка ў яго заўсёды быў плянам нават ня В, а С, і Д, і далей па альфабэце да самага канца. Бо такой волі да ўлады, як у Лукашэнкі, за 30 гадоў у Беларусі не было ні ў кога, нават у самых актыўных прадстаўнікоў апазыцыі. У чым яны, уласна кажучы, найперш і прайгралі Лукашэнку.

Воля да ўлады ў яго невычэрпная, і рэсурсы пакуль таксама, здаецца, невычэрпныя. Таму ў гэтай мадэлі, я думаю, ён і ня вельмі і задумваўся наконт апэрацыі «Пераемнік», таму што яна яму проста была не патрэбная. А калі і патрэбная, то на самы-самы форс-мажорны выпадак, які, я думаю, ён сам сабе ня надта ўяўляў.

— 14 студзеня была апублікаваная праграма, фармальна кажучы, кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі. Там ёсьць такія тэзы: беларускае грамадзтва павінна быць адзіным. З кім не атрымліваецца гаварыць на адной мове, будзем наладжваць масты для ўзаемаразуменьня. Дыялёг, а не раскол; пошук шляхоў да выбудоўваньня адносін. На сумленных прынцыпах перагорнем старонку рознагалосьсяў. Ці лічыце вы, што гэта толькі звычайныя дзяжурныя словы? Ці сапраўды Лукашэнка можа паспрабаваць неяк прыпыніць рэпрэсіі, наладзіць стасункі з Захадам, бо яму гэта, аб’ектыўна, нібыта вельмі трэба?

— Я думаю, важна ня тое, што гучаць вось гэтыя словы, агульныя і стандартныя. А важна, што не гучаць словы зь нядаўняга мінулага ў жанры «расстраляць як шалёных сабак», «ціснуць, рэзаць, саджаць» і гэтак далей. Думаю, што зьніжэньне гэтага градусу — сыгнал таго, што Лукашэнка зноў гатовы стаць «чалавекападобным» і паказаць, што зь ім можна размаўляць. Бо рэсурс вайны можа вычарпацца ў любы момант.

Цяпер сытуацыя даволі непрадказальная, можа памяняцца ў любы момант, і ў гэтай няпэўнасьці яму даводзіцца жыць. Таму правая рука вымушана будзе дзейнічаць дастаткова незалежна ад левай. Вось гэтае прадчуваньне або канца вайны, або нейкай «зьмены вех», адчуваньне таго, што ўсё можа ў любы момант памяняцца, і абсалютна незразумела, у які бок.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG