Пад Горадняй на ўскрайку Госкага вайсковага палігону зьявіліся траншэі для пяхоты і тэхнікі. Яны ўсяго за 6 кілямэтраў ад беларуска-літоўскай мяжы і памежнага пераходу Прывалка — Райгорад. Гэтыя фартыфікацыі могуць быць часткай «вузла супраціву», які год таму абяцала пабудаваць Міністэрства абароны ў Горадзенскай вобласьці. Свабода атрымала эксклюзіўныя спадарожнікавыя здымкі і прааналізавала іх з вайсковымі экспэртамі.
Пра тое, што на межах Беларусі пабудуюць некалькі ўмацаваных «вузлоў супраціву», Аляксандар Лукашэнка заявіў 6 кастрычніка 2023 году. Тады вайскоўцы прадэманстравалі падобны аб'ект у Кобрынскім раёне каля мяжы з Польшчай. Да гэтага ўлады стварылі такі ж у Гомельскім раёне. Як ён выглядае, мы паказвалі ў траўні 2023 году.
Такім чынам, новыя ўмацаваньні каля Госкага палігону могуць быць часткай трэцяга «вузла супраціву», які ўлады будуюць на межах Беларусі.
«У нас будзе нямала такіх пунктаў. І мы ў мірны час адпрацуем усе мерапрыемствы для таго, каб загадзя ў выпадку атрыманьня сыгналу аб тым, што суседзі нашы дрэнна сябе паводзяць, заняць гэтыя пункты», – казаў Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня ўмацаваньняў у Кобрынскім раёне.
Па яго словах, па пэрымэтры беларускай мяжы плянавалася стварыць некалькі яшчэ больш маштабных такіх ліній абароны, каб «загадзя рыхтавацца да абароны сваёй Радзімы на напрамках імаверных атак».
Пад Кобрынем для разьмяшчэньня асабовага складу пад зямлёю вайскоўцы закапалі чыгуначны вагон, што Лукашэнка ацаніў як «нядрэнны варыянт».
Новыя фартыфікацыі каля Горадні добра відаць на спадарожнікавым здымку, зробленым кампаніяй Planet Labs 14 сьнежня 2024 году каля паўночна-заходняй часткі палігону. Іх тут некалькі.
На ўсходнім баку дарогі, што вядзе на памежны пункт «Прывалка», у канцы лістапада 2024 году вайскоўцы выкапалі вялізную траншэю даўжынёй 340 мэтраў і шырынёй ад 5 да 7 мэтраў. Такіх памераў дастаткова, каб па акопе свабодна праехаў танк. Надзел зямлі, на якім выкапаная траншэя, згодна з дадзенымі зямельнага кадастру, не адносіцца да тэрыторыі палігону.
На захад ад дарогі на памежны пункт выкапаныя акопы для пяхоты даўжынёю амаль 200 мэтраў. Тут жа ў некаторых месцах відаць адзінкавыя ўмацаваньні і яміны.
Гэта тэрыторыя мае прыродаахоўны статус і належыць рэспубліканскаму ляндшафтнаму заказьніку «Горадзенская пушча». Як пазначана на сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі, гэта «адно з самых экалягічна чыстых месцаў у Беларусі».
«Рэспубліканскі ляндшафтны заказьнік «Горадзенская пушча» зьявіўся ў мэтах захаваньня ў натуральным стане каштоўных прыродных ляндшафтаў, лясных і лугавых экалягічных сыстэм, дзікарослых расьлін і дзікіх жывёлаў, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Заказьнік мае вялікае значэньне як эталённая для раўнінных ляндшафтаў Эўропы тэрыторыя», — піша Мінпрыроды.
На сайце ведамства таксама пазначана, што там растуць 25 відаў расьлінаў, 3 віды моху і водзяцца 42 віды жывёлаў, занесеных у Чырвоную кнігу. Унікальнасьць запаведніка — у ягонай «спадзіста-хвалістай водна-ледавіковай раўніне».
Згодна са спадарожнікавымі здымкамі, актыўна капаць акопы на тэрыторыі заказьніку пачалі на мяжы 2022 і 2023 гадоў, пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.
Пажары вакол палігону
У красавіку 2019 году падчас вучэньняў на тэрыторыі заказьніку і вакол палігону здарылася сэрыя пажараў. Нягледзячы на засушлівае надвор'е, якое было ў тыя тыдні, падчас трэніровак на Госкім палігоне актыўна выкарыстоўваліся танкі і артылерыя. Пажары тушылі, але яны ўзьнікалі зноў.
Сьледчы камітэт тады распачаў крымінальную справу па факце зьнішчэньня і пашкоджаньня лесу на плошчы 770 гектараў па неасьцярожнасьці.
У чэрвені 2019 году лес на тэрыторыі заказьніку «Горадзенская пушча», які пацярпеў ад пажару, амаль цалкам высеклі, а тэрыторыю зачышчалі ад усёй расьліннасьці. Менавіта на зачышчаных участках, бліжэй да палігону, у 2022–2024 гадах зьявіліся згаданыя намі акопы.
Што за акопы?
Свабода пераслала выявы акопаў некалькім вайсковым экспэртам. Яны сышліся на думцы, што акопы могуць быць выкарыстаныя для абароны ад магчымай атакі з боку Літвы.
Пра гэта кажа Конрад Музыка, абаронны аналітык, дырэктар кампаніі Rochan Consulting, якая займаецца дасьледаваньнем і аналізам канфліктаў і бясьпекі на постсавецкай прасторы. У камэнтары Свабодзе ён зазначыў, што ўся сыстэма траншэяў і акопаў, выкапаных у гэтым месцы, можа быць часткай абарончай сыстэмы і выкарыстоўвацца, сярод іншага, беларускімі вайскоўцамі для трэніровак.
«На здымках мы бачым два віды траншэяў абапал дарогі, якая вядзе да мяжы зь Літвой. Яны накіраваныя ў бок Літвы. І, шчыра кажучы, на дадзеным этапе ўсё гэта пакуль выглядае незавершаным», — мяркуе Конрад Музыка.
Экспэрты не змаглі вызначыць дакладнае прызначэньне вялікай шырокай траншэі з усходняга боку дарогі, бо ня бачаць у ёй «асаблівага вайсковага сэнсу» з прычыны незвычайнай формы і структуры.
«Я такіх ня бачыў ніколі. Чыста тэарэтычна іх можна выкарыстаць для абароны. Як супрацьтанкавы роў, напрыклад», – адзначыў вайсковы экспэрт Міхаіл Жырахаў, які аналізуе тэхнічныя сродкі, што выкарыстоўваюцца на вайне ва Ўкраіне.
Будоўля фартыфікацый можа яшчэ быць не завершаная. Тую ж траншэю могуць накрыць дахам ці паставіць туды чыгуначны вагон, як на кобрынскім «вузьле супраціву» — стварыць так званы «бункер».
«Мы бачым, што за акопамі на заходнім баку дарогі ёсьць лес. Гэта значыць, што пазыцыя зробленая згодна з вайсковымі правіламі абароны», – камэнтуе Конрад Музыка. «А вось за траншэяй на ўсходнім баку дарогі вельмі бедная лясная расьліннасьць. Гэта робіць пазыцыю складанай для абароны. Калі б у траншэі былі беларускія войскі і ім трэба было б адступіць, то ў іх было б вельмі мала ўмацаваньняў, натуральнага асяродзьдзя для ўкрыцьця».
Экспэрт дадае: ключавы момант тут той, што гэтая абарончая структура створаная каля беларускага палігону. Пакуль падобных фартыфікацый нідзе на мяжы зь Літвою не сустракалася. Таму, на думку Конрада Музыкі, сытуацыя патрабуе назіраньня. Калі колькасьць фартыфікацый ня будзе павялічвацца, то гэта будзе сьведчыць «больш пра вучэбны характар такіх умацаваньняў».
Пра тое, што чарговыя вучэньні пройдуць на Госкім палігоне, заявіла 14 студзеня 2025 году Міністэрства абароны Беларусі. Мэтай збораў заяўлена «ўдасканальваньне прафэсійна-службовай падрыхтоўкі афіцэраў, вызначэньне прыярытэтных напрамкаў дзейнасьці каманднага складу батальёнаў і дывізіёнаў па павышэньні эфэктыўнасьці баявой падрыхтоўкі ў сучасных умовах». Першы дзень — тэарэтычныя заняткі, наступныя два — на Госкім палігоне ў выглядзе «інструктарска-мэтадычных і паказальных заняткаў па тактычных, агнявых, інжынэрных і іншых прадметах баявой падрыхтоўкі». «Удзельнікі прааналізуюць сучасныя ваенныя канфлікты, у тым ліку СВА, будуць паказаныя новыя спосабы і прыёмы баявых дзеяньняў», — гаворыцца ў паведамленьні.
Але кадраў новых акопаў і фартыфікацый на працягу трох дзён вучэньняў беларускае Міністэрства абароны не прадэманстравала.
Абаронны аналітык Конрад Музыка лічыць, што прычынаў пабудовы такіх фартыфікацый на мяжы зь Літвою можа быць некалькі.
«Першая прычына ў тым, што беларускае вайсковае камандаваньне заявіла, што будзе будаваць абарончыя збудаваньні паблізу мяжы Польшчы і Літвы. То бок гэта суадносіцца зь іх плянамі. Другая прычына — беларускія вайскоўцы вельмі ўважліва сочаць за тым, што адбываецца ва Ўкраіне, як там вядзецца вайна. І мы бачым, што ва Ўкраіне гэтая вайна будуецца вакол акопаў, абарончых пазыцый. Для вайскоўцаў вельмі важна ўмець захопліваць абарончыя пазыцыі, акопы, умацаваныя раёны. Таму пабудова гэтых акопаў — гэта адзін з крокаў, які беларускія вайскоўцы робяць, каб падрыхтаваць свае ўзброеныя сілы да будучай вайны, да будучых баявых дзеяньняў», — лічыць Конрад Музыка.
Экалёгія месца
Беларускія эколягі пакуль ня б'юць трывогу, што беларускія вайскоўцы, верагодна, вынішчылі частку «Горадзенскай пушчы» і пачалі рыць там акопы. Але адзначаюць небясьпеку такіх дзеяньняў для прыроды.
У камэнтары Свабодзе эколяг, імя якога мы не называем зь меркаваньняў бясьпекі, назваў акопы даўжынёй 200 мэтраў «значнай праблемай для жывёлаў». «Бо туды падаюць і там гінуць дробныя жывёлы (жабы, зьмеі, вожыкі), і ў прыцемках могуць калечыцца больш буйныя жывёлы — ласі, напрыклад. Акопы ідуць упоперак дарогі, таму будуць вымушаць зьвяроў выходзіць на асфальт, каб іх абысьці, што можа прывесьці да аварыяў. Зь іншага боку, усё гэта на краі заказьніку, таму не закранае галоўных прыродных каштоўнасьцяў».
Экспэрт дадае, што ў межах заказьнікаў дзеяньні па выдаленьні, зьнішчэньні расьліннасьці і надглебнага покрыва забароненыя. Але ёсьць выключэньне — калі вядуцца работы, зьвязаныя з аховай дзяржаўнай мяжы.
«Хутчэй гэта ілюструе тое, як створаны ўладамі Беларусі рэгіянальны крызіс адбіваецца на прыродных каштоўнасьцях памежжа. Калі суседзі вымушаныя гарадзіцца ад Беларусі плотам праз мала парушаныя лясы і балоты, дый Беларусь сама цяпер рые акопы ў заказьніках», — кажа эколяг.
Форум