Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка сустракае 70-годзьдзе за кратамі


Палітвязень Вацлаў Арэшка, архіўнае фота
Палітвязень Вацлаў Арэшка, архіўнае фота

18 студзеня споўнілася 70 гадоў палітвязьню Вацлаву Арэшку. Вядомы актывіст прафсаюзу РЭП трэці раз адзначае дзень нараджэньня ў няволі.

Вацлава Арэшку асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня, яго трымаюць у калёніі № 22 пад Івацэвічамі.

Вядома, што ў калёніі Вацлаў Арэшка праз узрост вызвалены ад працы на вытворчасьці, ён часта зьвяртаецца па дапамогу да дактароў. У палітвязьня праблемы са зрокам, нават лісты дамоў пішуць іншыя вязьні па ягонай просьбе.

Вацлава Арэшку затрымалі 19 красавіка 2022 году. У той дзень адначасова былі арыштаваныя кіраўнікі і найбольш вядомыя актывісты беларускіх незалежных прафсаюзаў. Амаль праз год, у студзені 2023-га, Вацлаў Арэшка быў асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Сярод трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паводле якіх асудзілі актывіста, быў артыкул 361-1 пра стварэньне «экстрэмісцкага фармаваньня» і ўдзел у ім.

Гэткім фармаваньнем беларускія ўлады прызналі прафсаюз РЭП (Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці), у якім Арэшка рэдагаваў бюлетэнь прафсаюзаў РЭП.

Цяперашні палітвязень калёніі «Ваўчыныя норы» Вацлаў Арэшка таксама вядомы як дзеяч беларускай культуры, ён займаўся рэдактарскай і літаратурнай дзейнасьцю.

Паводле Беларускага ПЭНу Вацлаў Арэшка працаваў у Тэатры юнага гледача і Нацыянальным мастацкім музэі, выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, распрацаваў праграму новага навучальнага курсу «Гісторыя і тэорыя культуры Беларусі», вёў разьдзел кніжных і кампутарных рэцэнзій у «Нашай ніве», рэдагаваў электронны сайт-архіў «Вытокі», выступаў як актывіст ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў», ініцыяваў стварэньне «Кнігі гонару Курапатаў» у памяць пра ахвяр рэпрэсій.

Як літаратар Вацлаў Арэшка друкаваўся ў часопісах «Спадчына» і Arche, перакладаў са старапольскай мовы творы беларускага барока.

Больш за 50 актывістаў незалежных прафсаюзаў і арганізатараў страйкамаў на прадпрыемствах затрымалі зь верасьня 2020 году.

Як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», шмат хто зь іх за сваю дзейнасьць у абароне працоўных правоў зазнаў крымінальны перасьлед, 17 актывістаў застаюцца за кратамі, некаторыя зь іх у цяжкім стане здароўя.

За чатыры гады пасьля выбараў 2020 году і масавых пратэстаў у Беларусі зьнішчылі незалежны прафсаюзны рух.

17 актывістаў за кратамі, 8 выйшлі на волю

Акрамя Арэшкі, за кратамі ў беларускіх вязьніцах застаюцца яшчэ 6 ягоных калег па незалежных прафсаюзах і 10 актывістаў рабочага руху, якія таксама зазналі рэпрэсіі за пэрыяд ад 2020 году.

Гэта Аляксандар Ярашук, Генадзь Фядыніч, Вольга Брыцікава, Андрэй Ханевіч, Арцём Жарнак, Аляксандар Кандрацюк, а таксама Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Уладзімер Жураўка, Аляксандар Капшуль, Ігар Мінц, Андрэй Пагерыла, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Сяргей Шэлест.

Паводле «Вясны», цалкам адбылі пакараньне і вызваліліся актывісты незалежнага прафсаюзнага руху былыя палітвязьні Сяргей Антусевіч, Ірына Бут-Гусаім і Зінаіда Міхнюк.

Васіль Берасьнеў выйшаў на волю праз памілаваньне.

Адбылі «хатнюю хімію» актывісты Міхаіл Громаў, Аляксандар Мялешка, Галіна Сьмірнова і Сьвятлана Саковіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG