Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніжачка без акладаў. Памяці Алесі Фурс


Вязень ГУЛАГУ Алеся Фурс
Вязень ГУЛАГУ Алеся Фурс

У першае наведваньне ў 1988-м сям’і Алесі і Антося Фурсаў у Паставах уразіў ня толькі іх драматычны расповед пра зламаныя савецкім рэжымам жыцьці беларускіх патрыётаў. Уразіла гісторыя танюткае кніжачкі, да якое ў часе пярэрвы між актыўнаю гаворкай міжволі пацягнулася рука.

Я сядзела на канапе, пры якой усутыч стаяла старасьвецкая этажэрка зь некалькімі томікамі беларускіх аўтараў. Гэта былі пераважна выданьні 60-70 гадоў, якія гаспадары набывалі ў часе сваіх нячастых прыездаў у Беларусь з Казахстану. Але стаяла пры іх і кніжачка без акладаў, якая мяне й зацікавіла. А як пачала чытаць, то было не адарвацца. Гэта былі вершы, складзеныя пявучай, мілагучнай мовай, пераважна эмацыйныя абразкі з прыроды. Да таго ж, выдрукаваныя клясычным правапісам. Я спыталася гаспадароў, хто аўтар гэтых вершаў.

«Ай, ня ведаем, — адмахнулася спадарыня Алеся. — Во ў сваякоў рэшткі бацькоўскай бібліятэкі захаваліся, дык мы, як вярнуліся з Казахстану, і гэтую кнігу без акладаў забралі. Вершы ў ёй сапраўды прыгожыя».

Усё-ткі яны тады яшчэ нам не зусім давяралі. Першы ж раз бачаць людзей, хай сабе і аднадумцаў.

Праз год мне ў рукі патрапіў заакіянскі том Натальлі Арсеньневай «Між берагамі», і ў ім я знайшла вершы з той кніжачкі без акладаў, якую чытала ў Фурсаў. Гэта была першая кніга Арсеньневай «Пад сінім небам» віленскага выданьня 1927 году. А як мы зноў сустрэліся з спадарствам Алесі і Антося, а было гэта ў 1990-м на скарынаўскім сьвяце ў Полацку, я падзялілася сваім адкрыцьцём аўтара іх ананімнага томіка. І тады спадарыня Алеся расказала, адкуль ён.

У вайну яна вучылася ў Паставах у беларускай школе. Немцы адчынілі іх па ўсёй Беларусі. Навучэнцы гэтых школак амаль аўтаматычна залічаліся да сяброў Саюзу беларускай моладзі, які ладзіў шмат культурніцкіх імпрэзаў. Неяк да іх у Паставы прыехала Натальля Арсеньнева. Чытала свае вершы. А на разьвітаньне падаравала ахвочым свой першы і адзіны выдадзены на той час паэтычны зборнік «Пад сінім небам». З аўтографам.

Пасьля суду над Алесяй сваякі перагледзелі ейныя кнігі, ададралі вокладкі з імем і аўтографам забароненай ужо паэткі-эмігранткі, але саму кніжачку зьбераглі. Нічога ж небясьпечнага ў тых вершах не было. Прырода, каханьне, любоў да Радзімы.

Зрэшты, як паказвае ўся беларуская гісторыя, у нашых шыротах гэта самы небясьпечны чыньнік — любоў да Радзімы. За яго садзяць у турму, і надоўга. Алесю прысудзілі на чвэрць стагодзьдзя. А бывае, што і страляюць. Аўтарку кнігі без акладаў не мінула б чэкісцкая куля, каб яна ня зьехала за акіян. Паэтка пражыла доўгае жыцьцё ў тузе па Радзіме, на якую так і не вярнулася. Прыхільніца ейных вершаў знайшла спачын на роднай зямлі. Артыкул, паводле якога тут перасьледуюць за любоў да Радзімы, застаецца актуальным.

***

Алеся Фурс (Умпіровіч) памерла 19 жніўня 2017 году на 92-м годзе жыцьця. Яна была сяброўкай Саюзу беларускіх патрыётаў. Дзеля прысягі на вернасьць Беларусі яна намалявала «Пагоню», за што атрымала 25 гадоў канцлягераў. Вярнуцца на радзіму змагла толькі ў 1982.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG