19 жніўня адляцела ў вечны вырай беларуская душа Алесі Фурс (Умпіровіч). Дзеля прысягі на вернасьць Беларусі яна намалявала «Пагоню», за што атрымала 25 гадоў канцлягераў. Вярнуцца на радзіму змагла толькі ў 1982.
Яе няма, ляціць яе Пагоня
Прозьвішча Фурс яна займела па мужу Антосю, з якім пабралася шлюбам ужо пасьля вызваленьня з лягеру. Абое былі зьняволеныя па адной і той жа справе Саюзу беларускіх патрыётаў, толькі Антось быў сябрам Глыбоцкай філіі СБП, а Алеся – Пастаўскай. Пабраліся, вярнуўшыся на радзіму, у 1956-м, але на працу нідзе іх дома не прынялі, і яны зьехалі ў Казахстан. Як сумна потым жартавала спадарыня Алеся, зьехалі да сваіх, бо там і начальнікі, і падначаленыя амаль усе – былыя палітзьняволеныя. І толькі выйшаўшы на пэнсію вярнуліся ў Беларусь.
Пасяліліся ў Паставах, купіўшы палову маленькай хаткі. А неўзабаве даведаліся, што ў другой палове той хаткі жыў таксама былы лягернік, але не зьняволены, а наглядчык. Ён працягваў «служыць», усяляк трэціруючы сямʼю Фурсаў, аж пакуль ня ўбраўся ў сілу іх малодшы сын Юрась, цяпер слынны майстар-каваль.
У 1988-м першы раз у гасьціннай паўхатцы Алесі і Антося Фурсаў мы пачулі пра іх драматычны лёс. Калі глядзелі на іх сьветлыя твары, чулі іх бездакорную беларускую мову, проста не ўкладвалася ў галаве, што гэтыя людзі прайшлі праз пекла і засталіся такімі ж сапраўднымі патрыётамі, якімі былі зусім яшчэ маладымі, амаль дзецьмі, калі іх засудзілі. Адзіная віна іх перад савецкім рэжымам – гэта іх шчырая любоў да ўсяго свайго, роднага. Зямлі, яе гісторыі, мовы, культуры. Віна пацягнула на 25 гадоў канцлягераў.
Зрэшты, адзіная канкрэтная віна ўсё ж была – гэта малюнак Пагоні. Навучэнка Пастаўскае пэдагагічнае вучэльні Алеся Ўмпіровіч мела мастацкія здольнасьці, і менавіта яна намалявала нацыянальны герб, на якім сябры СБП кляліся ў вернасьці Беларусі.
Мяне асабіста ў расповедзе спадарыні Алесі больш за ўсё ўразіў эпізод на чыгуначнай станцыі ў Полацку, калі яе ўжо ў эшалёне з іншымі вязьнямі везьлі на ўсход. Цягнік спыніўся, канваіры неяк адвярнуліся і яна, маленькая, худзенькая, высьлізнула праз няшчыльныя дзьверы. І – разгубілася. Першая думка была – уцякаць. Але куды? Нават калі й не застрэляць, нават калі пашанцуе, і яна недзе здолее схавацца, то як яна без дакумэнтаў зможа жыць? І яна пачала ўціскацца назад у шчыліну дзьвярэй вагона. Варта яе адцягвае, маўляў, куды ты, дзяўчынка, гэта не пасажырскі цягнік. А яна ім тлумачыць, што ў гэтым цягніку і ехала. І толькі калі тыя спраўдзілі прозьвішча па сьпісах, упусьцілі яе ў той вусьцішны вагон.
А яшчэ ўразіла гісторыя пра батоны. Ні прадукту такога, ні тым больш слова ў сямʼі заходнебеларускіх настаўнікаў Умпіровічоў ня ведалі. У будні быў спажыўны аржаны хлеб, а ў сьвяты – духмяныя булкі з макам, разынкамі, цынамонам. У лягеры ж жанчыны з-пад савецкай улады часта марылі пра тое, як вызваліўшыся, будуць частавацца батонамі. Тыя расповяды запалі ў душу заходнебеларускай дзяўчыны і яна, атрымаўшы вольную, зайшла ў першую ж краму, каб купіць тых містычных батонаў. Ды адразу і папрасіла іх, як мага больш. Якое ж было расчараваньне, калі прадавачка выклала на прылавак шэрыя ды цьвёрдыя савецкія «прысмакі».
Спадарыня Алеся распавядала гэтую гісторыю, нязьменна падкрэсьліваючы ўсю розьніцу ў сыстэме каштоўнасьцяў сваіх і савецкіх, у тым ліку і кулінарных. Сама яна была надзвычайнай гаспадыняй. І гэта мяне таксама падзіўляла. Дзесяцігодзьдзямі ня меўшы ўдосталь элемэнтарных прадуктаў, адарваная ад роднага асяродзьдзя, яна захавала вернасьць усім нацыянальным кулінарным традыцыям. Хоць з задавальненьнем гатавала і па рэцэптах былых лягерных сябровак з іншых народаў. Упершыню ў яе я пакаштавала, да прыкладу, мяса па-карэйску.
А як бездакорна яна падбірала ўборы ў бел-чырвона-белых танах! Тут прыроджаны густ ёй ніколі ня здрадзіў. Атрымаўшы пасьля вызваленьня завочную мастацкую адукацыю, яна пакінула больш сотні жывапісных твораў і безьліч малюнкаў.
Усе сябры спадарыні Алесі маюць маляваныя ёю Пагоні. А яна ў сваім сэрцы панесла ў нябесную Беларусь гэты вечны сымбаль незалежнасьці і свабоды.