Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскія ліквідатары з Рэчыцы не дамагліся мэдычных страховак ад «Беларуснафты»


Васіль Гулай
Васіль Гулай

У судзе Чыгуначнага раёну Гомля разглядаўся пазоў былых працаўнікоў «Беларуснафты», ліквідатараў ЧАЭС, якія патрабавалі забясьпечыць іх мэдычным страхаваньнем.

Тры дзясяткі ліквідатараў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, былых працаўнікоў РУП «Беларуснафта», якіх накіроўвалі ў 30-кілямэтровую зону на барацьбу з наступствамі катастрофы, праз суд дамагаліся ад былога наймальніка мэдычнага абслугоўваньня нароўні зь дзейнымі рабочымі й спэцыялістамі.

На адмысловым сходзе яны даручылі Рыгору Балмакову, Яўгену Жукаву і Васілю Гулаю зьвярнуцца ў суд Чыгуначнага раёну Гомля, каб абавязаць былога працадаўцу — РУП «Беларуснафта» — выдаць ім мэдычныя страхоўкі.

«Мы спасылаемся на пункт 1.1 артыкулу 19 закону „Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварыяў“, — тлумачыць рэчыцкі ліквідатар Васіль Гулай. — Асабіста мяне „Беларуснафта“ двойчы пасылала ў чарнобыльскую зону, у тым ліку і на самую атамную станцыю будаваць саркафаг. Таму й патрабуем, каб „Беларуснафта“ і нам выдавала такую ж мэдычную страхоўку, як і цяперашнім працаўнікам».

Мэдычная страхоўка ад «Беларуснафты» — гэта рэальная магчымасьць атрымаць лячэньня і паслугаў на 12 тысяч даляраў, карыстацца санаторыем нафтавікоў «Сонечны Бераг» — на падставе заключэньня лекараў ды накіраваньня страхавой кампаніі «Белнафтастрах».

На паседжаньні суду 26 ліпеня Рыгор Балмакоў і Яўген Жукаў нечакана адмовіліся ад сваіх асабістых пазоўных патрабаваньняў. Патлумачылі: пасьля кансультацыяў зразумелі, што «Беларуснафта» закону не парушае. Пазоў стаў падтрымліваць толькі былы матарыст Рэчыцкай тампанажнай управы Васіль Гулай.

Прадстаўнікі пазванай стараны ў судзе — Алена Лазарава, Натальля Шувалава і Вольга Федаровіч — пазоў не прызналі. Тлумачылі, што паводле калектыўнай дамовы мэдычнае страхаваньне не распаўсюджваецца на пэнсіянэраў, нават калі яны й ліквідатары. У «Беларуснафты» няма фінансавай магчымасьці страхаваць былых сваіх працаўнікоў. Іх у аб’яднаньні чатыры з паловай тысячы, у тым ліку больш як паўтары сотні ліквідатараў. А мэдычную дапамогу ліквідатары атрымліваюць, як і да выхаду на пэнсію, у Рэчыцкім цэнтральным раённым шпіталі. Пабудаваны для іх у Гомлі і Рэспубліканскі цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека.

Паводле пазванай стараны, Васіль Гулай нібыта наагул ня можа на дапамогу ад «Беларуснафты» прэтэндаваць, бо звольнены яшчэ ў 1994 годзе на падставе артыкулу «за сыстэматычнае невыкананьне абавязкаў». І на пэнсію ён пайшоў пасьля працы ў расейскай нафтавай кампаніі «Роснефть».

«Я атрымліваю дзьве пэнсіі — беларускую і расейскую. У „Беларуснафце“ я працаваў 22 гады — тут і пэнсію зарабіў. І чаму гэта я „ня ваш“? — адпрэчыў ліквідатар Гулай. — І ў Чарнобыль мяне „Беларуснафта“ накіроўвала, прычым двойчы. Там я і здароўе падарваў. Дык чый я?!»

Чарнобыльскія ліквідатары Васіль Гулай і Ўладзімер Кошчанка
Чарнобыльскія ліквідатары Васіль Гулай і Ўладзімер Кошчанка

Прысутны на судзе рэчыцкі ліквідатар Уладзімер Кошчанка, былы брыгадзір тампанажнікаў, лічыць, што ратавальнікі, магчыма, і не дамагаліся б праз суд нейкіх выгодаў, калі б дзяржава не скасавала ранейшыя льготы. У сутнасьці, ліквідатары выратавалі рэгіён ад атамнай згубы:

На помніку ў Рэчыцы высечаныя імёны больш як сотні нафтавікоў-ліквідатараў, каго накіроўвалі ад „Беларуснафты“ на ЧАЭС, а ў жывых цяпер засталося толькі 46 чалавек

«Можа, гэта занадта гучна, але ліквідатары выратавалі і вытворчае аб’яднаньне, і суды, і ўсіх гомельцаў ад яшчэ большай бяды. А паглядзіце, колькі нас у тампанажнай управе засталося — на помніку ў Рэчыцы высечаныя імёны больш як сотні нафтавікоў-ліквідатараў, каго накіроўвалі ад „Беларуснафты“ на ЧАЭС, а ў жывых цяпер засталося толькі сорак шэсьць чалавек».

27 ліпеня судзьдзя Юліяна Файзуліна, якая разглядала справу рэчыцкіх ліквідатараў, адхіліла пазоў як неабгрунтаваны. Сваё рашэньне патлумачыла тым, што ў калектыўнай дамове РУП «Беларуснафта» няма згадкі пра мэдычнае страхаваньне былых сваіх працаўнікоў. Асобныя сацыяльныя льготы маюць толькі дзейныя рабочыя й спэцыялісты, калі на тое ёсьць фінансавыя магчымасьці. Мэдычнае страхаваньне неабавязковае. А за якасьць мэдычнага абслугоўваньня, прадугледжанага чарнобыльскім заканадаўствам, «Беларуснафта» адказнасьці не нясе — фінансаваньне яго ідзе з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

«Буду абскарджваць рашэньне, калі атрымаю матывацыйную частку, — заявіў Васіль Гулай пасьля абвяшчэньня судовага вэрдыкту. — Ліквідатары пасылалі зварот у „Беларуснафту“ наконт мэдычнага страхаваньня, каб гэтае пытаньне было разгледжана падчас прыняцьця калектыўнай дамовы. Але яго нават ня вынесьлі на супольнае абмеркаваньне».

У РУП «Беларуснафта», паводле заявы яе прадстаўнікоў, налічваецца цяпер 165 ліквідатараў-чарнобыльцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG