1. Кацярына Мядзьведзева. «Разламашкі майстра Люфта». Аповесьці, апавяданьні
У дзівоснай кнізе Кацярыны Мядзьведзевай вы знойдзеце сапраўдную магію казкі, але казкі ня толькі для дзяцей, а для чытачоў любога ўзросту. Непадробнае спалучэньне ангельскай стылістыкі і славянскага фальклёру робіць творчасьць маладой пісьменьніцы ўнікальнай зьявай у беларускай літаратуры. Творы Мядзьведзевай ужо атрымалі высокую ацэнку чытачоў і крытыкаў — у 2016 годзе пісьменьніца стала фіналісткай прэстыжнай літаратурнай прэміі «Дэбют» у намінацыі «Проза».
2. Говард Філіпс Лаўкрафт. «Кліч Ктулху». Пераклад з ангельскай У. Гурыновіч, П. Донава, А.Кудраўцава
Говард Філіпс Лаўкрафт — амэрыканскі пісьменьнік, аўтар твораў у жанрах жахаў, містыкі і фэнтэзі, якія пасьля ягонай сьмерці зрабіліся культавымі і істотна паўплывалі на сучасную літаратуру жахаў. Творчасьць Лаўкрафта настолькі ўнікальная, што дасьледчыкі выдзяляюць асобны паджанр — лаўкрафтаўскія жахі. Лаўкрафт стварыў міты Ктулху, у якіх вусьціш нязьведанага суседнічае з фантасмагарычнымі апісаньнямі выдуманых старажытных гарадоў, багоў і артэфактаў. Кніга «Кліч Ктулху» — першае выданьне твораў Лаўкрафта па-беларуску.
3. Фларыян Чарнышэвіч. «Надбярэзінцы». Раман; пераклад з польскай К. Маціеўскай [і інш.]
«Надбярэзінцы» — неверагодна захапляльны раман у трох частках польскага пісьменьніка, які паходзіў зь Беларусі. Гэтая авантурна-мэлядраматычная эпапэя апавядае пра драматычны лёс жыхароў шляхецкіх засьценкаў на землях паміж Бярэзінай і Дняпром у 1911–1920 гадах. Раман Чарнышэвіча атрымаў высокія, узьнёслыя водгукі ад польскіх інтэлектуалаў. Нобэлеўскі ляўрэат Чэслаў Мілаш ставіў «Надбярэзінцаў» у адзін шэраг з «Панам Тадэвушам» Адама Міцкевіча і «Патопам» Генрыка Сянкевіча. Фларыян Чарнышэвіч (1900–1964) нарадзіўся на Бабруйшчыне. Належаў да дробнай засьцянковай шляхты. Браў удзел у польска-расейскай вайне 1919–1920 гадоў. У 1924 годзе эміграваў у Аргентыну, дзе правёў рэшту жыцьця, цяжка працуючы на бойні.
4. Кнут Гамсун. «Голад». Збор твораў; пераклад з нарвэскай Л.Баршчэўскага, Л. Ёхансэн
У кнігу славутага нарвэскага пісьменьніка, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі 1920 году Кнута Гамсуна (1859–1952) увайшлі тры ўсясьветна вядомыя раманы. «Голад» — гісторыя маладога валацугі, чыя сьвядомасьць спазнае страшэнную мэтамарфозу ад галоднага існаваньня. «Пан» — лірычны аповед пра веліч прыроды і трагедыю неўзаемнага каханьня, у якім спалучыліся скандынаўскія сэнтымэнтальнасьць і нянавісьць, дзівацтвы і пакуты, а фонам зьяўляецца суровая прыгажосьць паўночнага ўзьбярэжжа. «Вікторыя» — праніклівы раман пра чульлівае і пяшчотнае каханьне, якое суправаджаюць гонар і годнасьць, хвароба і сьмерць... «Голад» — першая кніга з сэрыі «Нобэлеўскія ляўрэаты па-беларуску»
5. Людміла Рублеўская. «Дагератып». Дэкадансны раман
Новы гістарычна-прыгодніцкі раман Людмілы Рублеўскай мае незвычайную структуру: дзеяньне Кнігі зьнешняга кола перацякае ў Кнігу ўнутранага кола, з сучаснасьці ў гістарычнае мінулае з непаўторнай атмасфэрай дэкадансу. У наш час маладая журналістка Сімка дапамагае разблытаць сямейныя таямніцы біёлягу Гальляшу. Выпадкова ў старой дзедавай кватэры яны знаходзяць дзёньнік... Перад іхнымі вачыма паўстаюць загадкавыя падзеі з канца XIX стагодзьдзя. Уладальнікі фотаатэлье ў правінцыйным беларускім мястэчку, незалежная прыгажуня Багуслава і яе бацька Варакса Ніхель, разам з двума патрыятычна настроенымі студэнтамі выпраўляюцца фатаграфаваць этнаграфічную калекцыю ў злавесны маёнтак Жухавічы, гаспадара якога лічаць ваўкалакам. Далейшыя падзеі прымаюць самы нечаканы абарот... Дэкаданс, готыка, хорар, бязьлітасная чалавечая подласьць і палкае каханьне — усё гэта вы знойдзеце ў «Дагератыпе».
Усе кнігі можна набыць у выдавецкай інтэрнэт-кнігарні пад адрасам https://januskevic.by/