1. Міхась Скобла. «Саркафагі страху»
Гэтую кнігу Міхася Скоблы варта прачытаць ужо хаця б таму, каб даведацца, за што ён стаў ляўрэатам міжнароднай літаратурнай прэміі «Воін сьвятла». Але калі такі аргумэнт для вас недастатковы, то, магчыма, вас зацікавіць, хто ў Беларусі адбыў за турэмнымі мурамі больш за тысячу гадоў. Верагодна, што вы хочаце ведаць новыя імёны ў беларускай літаратуры, тады са старонак кнігі дазнаецеся, каму «даў заданьне правадыр напісаць «Вайну і мір».
2. Вінцэсь Мудроў. «Забойца анёла»
Вядомы празаік, адзін з найбольш яркіх аўтараў полацкага андэрграўнду 1970-х, выдаецца ня шмат, але кожная ягоная кніга — падзея ў літаратурным працэсе. Прытым, што сам аўтар на публіку амаль не выходзіць, застаючыся ў звыклым з часоў маладосьці паўпадпольлі. Вось і новую кнігу «Забойца анёла» Вінцэсь Мудроў адмовіўся прэзэнтаваць. Маўляў, каму цікава, хай чытае апавяданьні і аповесьці, напісаныя цягам апошняга дзесяцігодзьдзя. Апавяданьне ж, якое дало назву зборніку прозы, расказвае пра незвычайную сустрэчу на беразе Волгі... Беларус прыяжджае на працу ў глухую вёску на ўзьбярэжжы расейскай ракі. І ўсё было б шэра і будзённа, але пра гаспадара хаты, у якога ён кватаруе, ходзяць няўцямныя чуткі, што некалькі гадоў таму ён на качыным паляваньні выпадкова забіў свайго анёла...
3. Вітаўт Кіпель. «Беларусы ў ЗША»
Гэтая кніга — энцыкляпэдыя беларускага жыцьця ў Злучаных Штатах. У адным з інтэрвію яе аўтар сказаў, што ідэя кнігі ўзьнікла адразу, як ён прыехаў у Амэрыку. Тое было на каталіцкія Каляды 1955 году:
«Празь дзень ці два я пайшоў рэгістравацца ў бюракратычныя амэрыканскія ўстановы і зразумеў, што чыноўнікі нічога ня ведаюць пра беларусаў. Тады я скіраваўся ў бібліятэку, каб там нешта знайсьці апублікаванае пра амэрыканскіх беларусаў, і нічога не знайшоў. І я вырашыў, што трэба зрабіць адмысловую кнігу. Вось так думка нарадзілася, але было невядома, як яна рэалізуецца».
І вось выйшла ўжо другое выданьне кнігі патрыярха беларускай эміграцыі на Захадзе Вітаўта Кіпеля «Беларусы ў ЗША». Кніга памерам больш як 600 старонак багата ілюстраваная, дапрацаваная і дапоўненая новай інфармацыяй з улікам апошніх двух дзясяткаў гадоў, што мінулі ад часу яе першага беларускага выданьня ў 1993 годзе.
4. «Крывіцкія руны». Укладальнікі Міхась Казлоўскі і Сяргей Панізьнік
Магчыма, што вас цікавіць не далёкая беларуская Амэрыка, а суседняя Латвія, на сучасных землях якой беларускі мацярык паўстаў яшчэ за часы полацкага князя Ўладзімера. Жыцьцё і творчасьць на ім пакінула багаты культурны слой, што адбіўся на старонках «Крывіцкіх рунаў», першы том якіх выйшаў яшчэ ў 2003 годзе. 450 старонак другога прадстаўляюць выбраныя творы беларускіх літаратараў і грамадзкіх актывістаў, якія жылі ў Латвіі ў ХХ стагодзьдзі: Адварды Будзькі, Баляслава Брэжгі, Уладзімера Пігулеўскага, Кастуся Езавітава, Віктара Вальтара, Аўгена Бартуля, Сяргея Сахарава, Вольгі Сахаравай, Міхася Каліны, Міколы Панькова, Янкі Доўгага, Лявона Паэгле, Матыльды Езавітавай ды іншых. У кнігу трапілі таксама лісты дзеячоў беларускай культуры, біяграфіі, нэкралёгі, успаміны, праграмы, статуты, інструкцыі беларускіх партый і арганізацый у міжваеннай Латвіі, фотаздымкі і шмат іншага, што без сумневу зацікавіць прыхільнікаў дакумэнтальнай літаратуры.
5. Готфрыд Бюргер, Рудольф Распэ. «Прыгоды барона Мюнхгаўзэна» (для дарослых)
Сама што ні ёсьць вакацыйная чытанка — зь дзяцінства любімая кніга пра дзівака Мюнхгаўзэна. Але гэтая кніга — цалкам новая для вас. Перакладчык Ігар Крэбс упершыню зрабіў беларускую вэрсію «Прыгодаў барона Мюнхгаўзэна» паводле поўнага клясычнага нямецкага выданьня, а не расейскамоўнай дзіцячай адаптацыі Карнея Чукоўскага. Да таго ж у кнізе выкарыстаныя і клясычныя ілюстрацыі Гюстава Дарэ. Так што летняя чытацкая асалода вам гарантаваная.