90-гадоваму пэнсіянэру са Слаўгараду Фэліксу Шкірманкову на паўгода зьменшылі пакараньне за дарожна-транспартнае здарэньне, якое адбылося, як высьветліла сьледзтва, па віне старога. Зь яго зьнялі абвінавачваньне ў тым, што ён наўмысна пакінуў у небясьпецы зьбітую машынай жанчыну.
Так пастанавіла Магілёўская абласная судовая калегія, куды з апэляцыяй на вырак Слаўгарадзкага раённага суду зьвярнуўся пэнсіянэр. Абласны суд скасаваў штраф аўтаўладальніку ў 30 базавых велічыняў (690 рублёў) за парушэньне правілаў дарожнага руху.
На разглядзе апэляцыі Фэлікс Шкірманкоў казаў судовай калегіі, што яму надзвычай цяжка жыць з кляймом чалавека, які кінуў у небясьпецы пацярпелую жанчыну.
«Усё мае жыцьцё прайшло згодна з паняцьцямі гонару і годнасьці. На фронце я быў чатыры разы паранены. Мяне ратавалі, і я ратаваў. Да выхаду на пэнсію я адпрацаваў у геалёгіі на Калыме і Чукотцы, а там чырвонай ніткай праходзіць узаемадапамога. Мне неўзабаве будзе 91 год. У сваім жыцьці я ніколі не рабіў ганебных учынкаў. Тое, што здарылася, — вынік зьбегу незваротных абставінаў. Я прашу высокі суд аб’ектыўна разгледзець справу і прысудзіць мне тое, што я заслужыў. Але прашу не навешваць на мяне кляймо злоснага парушальніка правілаў дарожнага руху, і больш за тое — чалавека, які збаяўся сытуацыі, пры якой трэба было аказаць дапамогу пацярпелай жанчыне», — сказаў 90-гадовы пэнсіянэр судовай калегіі.
Як вынікае з матэрыялаў справы, летась 9 лістапада Фэлікс Шкірманкоў, едучы на сваёй машыне, зьбіў жанчыну на ровары. Тая ўпала і зламала руку. Кіроўца зь месца здарэньня зьехаў.
Абласны суд пакінуў у сіле прысуд за прычыненьне пацярпелай цяжкога цялеснага пашкоджаньня. Слаўгарадзкі суд пакараў пэнсіянэра за гэта адным годам зьняволеньня без накіраваньня ў месцы адбыцца пакараньня. Шкірманкова абавязалі сплаціць пацярпелай 5 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.
Фэлікс Шкірманкоў зьвярнуўся ў абласны суд, бо палічыў, што выстаўленая пацярпелай і падтрыманая Слаўгарадзкім судом кампэнсацыя маральнай шкоды — 5 тысяч рублёў — завышаная. Пэнсіянэр настойваў, што пацярпелая не змагла абгрунтаваць, чаму яна ацаніла свае пакуты ў такую суму. Шкірманкоў гатовы сплаціць ёй 1 тысячу рублёў. Гэтую суму, паводле яго, ён прапаноўваў жанчыне да разгляду справы ў раённым судзе. Аднак яна тады, казаў пэнсіянэр, наагул адмаўлялася ад грошай, а ў судзе запатрабавала 5 тысяч рублёў.
У абласным судзе Фэлікс Шкірманкоў казаў, што наезду на раварыстку не заўважыў, бо ягоная ўвага была скіраваная на прадухіленьне лабавога сутыкненьня зь іншай машынай.
Пэнсіянэр казаў суду: сьледзтва высьветліла, што жанчына на ровары была нападпітку. Ён выказаў думку, што ў пацярпелай была зламаная рука да ДТЗ — каб зьменшыць боль, яна выпіла і на ровары ехала ў бальніцу. Гэтую вэрсію, настойваў Шкірманкоў, сьледзтва не адпрацавала.
Слаўгарадзкі суд, паводле Шкірманкова, не ўлічыў ягоны эмацыйны стан. У дзень аварыі ён ехаў у шпіталь, дзе памірала жонка, зь якой ён пражыў больш за 70 гадоў.
«Ёй дыягнаставалі рак з мэтастазамі ў пячонку. Хвароба была невылечная. Жонка не магла есьці, і лекары параілі прывезьці ёй булён. Яго я ёй вёз з хуткасьцю 10 кілямэтраў на гадзіну», — казаў абвінавачаны ў раённым судзе. Тое самае паўтарыў у абласным.
Калегія абласнога суду над выракам думала доўга і ў выніку пастанавіла: не задавальняць апэляцыі Шкірманкова адносна сумы кампэнсацыі пацярпелай, але зьменшыць яму на паўгода тэрмін пакараньня і скасаваць штраф за ДТЗ. На працягу 5 гадоў пэнсіянэру забаронена кіраваць транспартнымі сродкамі.
Фэлікс Шкірманкоў больш за месяц не атрымліваў пэнсіі, бо на рахунак, куды яе пералічвалі, сьледчы наклаў арышт. У выніку 90-гадовы стары жыў на дапамогу сяброў і разавую матэрыяльную выплату з фонду сацыяльнай дапамогі.
Слаўгарадзкі суд скасаваў пастанову сьледчага, але пад арыштам застаюцца ашчаджэньні пэнсіянэра — больш за чатыры тысячы рублёў.